Святы Айцец нагадаў вернікам, што 14 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца літургічны ўспамін святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, а таксама св. Валянціна.
“Сёння, у свята святых Кірыла і Мятода, евангелізатараў славянскіх народаў, абвешчаных св. Янам Паўлам ІІ, апекунамі Еўропы, з любоўю вітаю ўсе супольнасці, якія пражываюць на тэрыторыях, евангелізаваных святымі братамі. Няхай іх заступніцтва дапаможа знайсці новыя шляхі для перадачы Евангелля, а таксама ўмацуе ў хрысціянскіх Цэрквах жаданне крочыць да поўнай еднасці з павагай да адметнасцяў”, — сказаў Пантыфік пасля малітвы “Анёл Панскі” ў Ватыкане.
Спасылаючыся на ўспамін св. Валянціна, Папа Францішак скіраваў свае думкі і віншаванні ўсім заручаным і закаханым, а таксама запэўніў іх у сваёй малітве і благаслаўленні.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
