Няма большай радасці, чым рызыкаваць жыццём дзеля Пана, падкрэсліў Папа Францішак у пасланні на 56-ы Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях. Ён будзе адзначацца ў IV Велікодную нядзелю, 12 мая 2019 года.
Дакумент на тэму “Адвага рызыкаваць дзеля абяцання Бога” быў абнародаваны 9 сакавіка. На самым яго пачатку Святы Айцец прапанаваў паразважаць “пра тое, як пакліканне Пана робіць нас носьбітамі абяцання і, у той жа час, патрабуе ад нас адвагі рызыкаваць з Ім і дзеля Яго”.
Спасылаючыся на евангельскае апавяданне пра пакліканне Езусам першых вучняў ля Галілейскага возера (Мк 1,16-20), Францішак нагадаў, што яно адбылося ў выніку іх сустрэчы з Панам, Які выйшаў насустрач, разбіў іх “паралізаванасць нармальнасцю” і паабяцаў: “Я зраблю вас рыбакамі людзей” (Мк 1,17).
“Пакліканне Пана, такім чынам, гэта не ўмяшанне ў нашу свабоду; гэта не “клетка” ці цяжар, што ўскладаецца нам на плечы. Наадварот, гэта поўная любові ініцыятыва, з якой Бог выходзіць нам насустрач і запрашае нас увайсці ў вялікі план, удзельнікамі якога хоча нас зрабіць, паказваючы гарызонт больш шырокага мора і багатага ўлову”
, — дадаў ён.
Паводле Францішка, Бог прагне, каб людзі не былі нявольнікамі банальнасці, не жылі па інерцыі, не заставаліся пасіўнымі перад абліччам рашэнняў, якія маглі б даць сэнс іх жыццю.
“Кожны з нас пакліканы – рознымі спосабамі – да нечага вялікага. (…) Пакліканне – гэта заклік не заставацца на беразе з сеткамі ў руках, але ісці за Езусам па шляху, які Ён задумаў для нас, нашага шчасця і дабра тых, хто знаходзіцца побач з намі”
, — дадаў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што прыняцце гэтага абяцання патрабуе адвагі першых вучняў: калі пачулі пакліканне Пана, “адразу, пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім” (Мк 1,18). “Трэба пакінуць усё, што хацела б трымаць нас прывязанымі да нашага маленькага чоўна, перашкаджаючы прыняць канчатковае рашэнне; ад нас патрабуецца адвага, якая з моцай падштурхне да раскрыцця Божай задумы адносна нашага жыцця”, — падкрэсліў Францішак.
“Па-сутнасці, калі апынаемся перад шырокім морам паклікання, мы не можам заставацца рамантаваць сеткі ў чоўне, які дае нам бяспеку, але павінны даверыцца абяцанню Пана”
, — дадаў ён.
Гаворачы пра розныя формы паклікання, Папа ў першую чаргу ўзгадаў пра “пакліканне да хрысціянскага жыцця, якое мы ўсе атрымліваем з хростам і якое нагадвае, што наша жыццё – гэта не плён выпадковасці, але дар быцця дарагімі дзецьмі Пана, сабранымі ў вялікай сям’і Касцёла”.
“Менавіта ў касцёльнай супольнасці хрысціянскае жыццё нараджаецца і развіваецца, у першую чаргу дзякуючы Літургіі, якая ўводзіць у слуханне Божага слова і ласку сакрамэнтаў; менавіта тут, ад самага ранняга ўзросту, мы прыступаем да мастацтва малітвы і братэрскага дзялення. Касцёл з’яўляецца нашай маці, бо нараджае нас да новага жыцця і вядзе да Хрыста; таму мы павінны любіць яго, нават калі заўважаем на яго абліччы маршчыны слабасці і граху, і павінны садзейнічаць таму, каб рабіць яго ўсё больш і больш прыгожым і ззяючым, каб мог быць сведчаннем любові Бога ў свеце”, — падкрэсліў Папа.
Хрысціянскае жыццё знаходзіць свой выраз таксама ў прыняцці рашэнняў, якія “спрыяюць росту Божага Валадарства ў грамадстве”, заўважыў Пантыфік і патлумачыў, што мае на ўвазе адказ на пакліканне да сужэнства і заснавання сям’і або служэння ў працоўнай, дабрачыннай, грамадскай ці палітычнай сферы.
“Гаворка ідзе пра пакліканні, якія робяць нас носьбітамі абяцанняў дабра, любові, справядлівасці не толькі для нас саміх, але і для грамадскіх і культурных кантэкстаў, у якіх жывём, якія маюць патрэбу ў мужных хрысціянах і сапраўдных сведках Божага Валадарства”
, — дадаў ён.
Гаворачы пра пакліканне да кансэкраванага жыцця ці святарства, Папа зазначыў, што яно часам “натхняе і, адначасова, палохае”.
“Гэты выбар прадугледжвае рызыку пакідання ўсяго, каб ісці за Панам і цалкам прысвяціць сябе Яму, каб стаць спрацоўнікам Яго справы. Рашэнню падобнага роду можа перашкаджаць шмат унутраных супраціваў, а таксама – у пэўных кантэкстах, вельмі секулярызаваных, дзе здаецца больш няма месца для Бога і Евангелля – можна апусціць рукі і паддацца “стомленасці спадзявацца”, — дадаў ён.
“Тым не менш, няма большай радасці, чым рызыкаваць жыццём дзеля Пана! Хачу сказаць асабліва вам, моладзі: не заставайцеся глухімі на пакліканне Пана! Калі Ён кліча вас на гэты шлях, не цягніце вёслы ў човен, а давярайце Яму. Не дазвольце, каб вас заразіў страх, які паралізуе перад абліччам вяршыняў, што прапануе Пан. Памятайце заўсёды, што тым, хто пакіне сеткі і човен, каб ісці за Ім, Пан абяцае радасць новага жыцця, якая напаўняе сэрца і дае натхненне ў пілігрымаванні”
, — заклікаў Пантыфік.
Францішак заклікаў да развіцця душпастырства, накіраванага на дапамогу ў распазнанні паклікання, у першую чаргу моладзі, каб магла адкрыць Божую задуму адносна сябе, асабліва праз малітву, разважанне над Божым словам, эўхарыстычную адарацыю і духоўнае суправаджэнне.
Напрыканцы паслання Папа ўказаў на прыклад Панны Марыі, для якой цяжкасці ніколі не станавіліся прычынай, каб сказаць Богу “не”.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!