Папа Францішак даў вельмі асабістае інтэрв’ю мексіканскаму тэлебачанню

Я заўсёды веру ў палітыкаў, бо веру ў тое, што палітыка – гэта вышэйшая форма любові да народа, — прызнаўся Святы Айцец у вельмі асабістым інтэрв’ю мексіканскаму тэлеканалу N+.

У самым пачатку гаворка зайшла пра мігрантаў. На думку Папы, тут варта прымяняць закон, “які з’яўляецца і чалавечым, і хрысціянскім – мігрантаў трэба вітаць, суправаджаць, заахвочваць і інтэграваць”. “Я сам сын мігрантаў, якія паехалі ў Аргенціну, каб стаць амерыканцамі. Мігрант павінен быць прыняты. Езус быў мігрантам”, — патлумачыў ён.

“Старасць робіць цябе больш сталым, а гэта прыемна”

Было пытанне і пра здароўе Пантыфіка. “Старасць не накладвае грым, яна сама па сабе, яна паўстае такой, якая ёсць. Трэба ўмець прымаць дары старасці. Трэба прызнаць, што можна зрабіць шмат добрага з іншага пункту гледжання. Гэта праўда, што ўсе падарожжы цяпер трэба пераглядаць. (…) Гэта абмежаванне, якое прымушае цябе зразумець, што ўсё завяршаецца і пачынаецца нешта іншае. Старасць робіць цябе больш сталым, а гэта прыемна”, — падзяліўся Святы Айцец. Ён прызнаўся, што пасля нядаўніх праблем са здароўем “адчувае сябе добра”.

Што тычыцца распаўсюджанай год таму інфармацыі аб напісаным Папам Францішкам лісце на той выпадак, калі ён апынецца ў стане, які не дазволіць яму кіраваць Касцёлам, ён пацвердзіў гэта. Папа прызнаўся, што гэты тэкст быў уручаны кардыналу Тарчызіа Бертонэ, які ў 2013 годзе быў Дзяржсакратаром Яго Святасці.

“Я захапляюся Бэнэдыктам XVI”

Мужнасць Бэнэдыкта XVI, з якой ён заявіў аб сваім рашэнні сысці з Пасаду Пятра, служыць для Папы Францішка сапраўдным прыкладам. “І я прашу Пана сказаць мне дастаткова, у нейкі момант, калі Ён гэтага захоча”, — сказаў ён у інтэрв’ю Валянціне Алазракі.

“Мае адносіны з Папам Бэнэдыктам былі вельмі блізкімі. Часам я прыходзіў да яго параіцца. І ён, з вялікай мудрасцю, выказваў мне сваё меркаванне, але (…) пакідаў усё ў маіх руках. Ён мне заўсёды дапамагаў. Ён быў вельмі шчодры ў гэтым. І мне пашчасціла развітацца з ім, таму што я даведаўся ад медсястры, што ён хворы, і (…) пайшоў да яго. Ён быў у свядомасці, але ўжо не мог гаварыць і трымаў мяне за руку, вось так. Гэта было прыемнае развітанне. (…) Праз тры дні ён памёр. Вялікі чалавек, Бэнэдыкт быў вялікім чалавекам, сціплым, простым чалавекам, у якога, калі ён усвядоміў свае абмежаванні, хапіла мужнасці сказаць хопіць. Я захапляюся гэтым чалавекам”, — падзяліўся Францішак.

Святы Айцец паведаміў, што разам з цырымоніймайстрам “значна спрасціў” абрады папскага пахавання. Ён таксама абвясціў, што хацеў бы быць пахаваным у базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

“Я заўсёды веру ў палітыкаў”

Адказваючы на пытанне аб запланаваных замежных падарожжах, Папа паведаміў аб ужо вызначанай і падрыхтаванай паездцы ў Бельгію. На парадку дня стаяць візіты ў Палінезію і яго родную Аргенціну – але па іх пытанне застаецца пакуль адкрытым. “Паглядзім, як усё складзецца”, — сказаў ён.

Пантыфік падзяліўся сваім поглядам на палітычную сітуацыю ў Аргенціне. “Падчас перадвыбарчай кампаніі шмат што гаворыцца жартам, я кажу гэта ў двукоссі, шмат што гаворыцца ўсур’ёз, але гэта часовыя рэчы, рэчы, якія выкарыстоўваюцца, каб стварыць крыху ўвагі, але якія потым адпадаюць самі сабой. Даводзіцца размяжоўваць тое, што палітык кажа падчас перадвыбарчай кампаніі, і тое, што ён сапраўды збіраецца рабіць потым, бо тады надыходзіць момант канкрэтыкі і рашэнняў”, — так ён пракаментаваў ранейшую крытыку ў свой адрас з боку новага прэзідэнта краіны.

Святы Айцец прызнаўся, што “заўсёды верыць у палітыкаў”, верыць у тое, што “палітыка з’яўляецца вышэйшай формай дабрачыннасці – любові да народа”.

“Што мы атрымліваем ад вайны? Разбурэнні, не больш за тое”

У інтэрв’ю ўзнікла таксама тэма войнаў, якія зараз ідуць у свеце. Папа з жалем указаў на з’яву прывыкання да вайны ва Украіне, многія пачалі яе ўспрымаць “як штодзённую каву латэ”, “а там гінуць людзі, гінуць маладыя людзі”.

“Вайна – гэта заўсёды параза, заўсёды, і адзіныя, хто выйграе ў вайне, – гэта вытворцы зброі. (…) Я толькі што размаўляў з Газай, я тэлефаную ў мясцовую парафію кожны дзень. У іх там 600 чалавек. Святары і манахіні клапоцяцца пра ўсіх гэтых людзей і распавядаюць мне, што там адбываецца. Што мы атрымліваем ад вайны? Разбурэнні, не больш за тое. Магу з упэўненасцю сказаць, што з канца Другой сусветнай вайны і да сённяшняга дня ў свеце пастаянна ідзе нейкая вайна”, — так Папа Францішак пракаментаваў сучасную сітуацыю ў свеце.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку