Пантыфік плануе паездку ў Аргенціну ў 2024 годзе – так называецца артыкул, які з’явіўся ў выданні La Nacion, якое выходзіць у гэтай краіне.
Яго аўтарам з’яўляецца журналіст Хаакін Маралес Сола, які цытуе фрагменты размовы са Святым Айцом. У ім Папа чарговы раз цвёрда выступае ў абарону добрага імя святога Яна Паўла ІІ, які апошнім часам стаў аб’ектам інсінуацый і паклёпу ў кантэксце трагічнай гісторыі Эмануэлы Арландзі.
Папа Францішак падкрэсліў, што яго папярэднік быў святым ужо пры жыцці і афіцыйна прызнаны такім пасля смерці. Ён лічыць, што няма падстаў ставіць пад сумнеў годную і сумленную пазіцыю Яна Паўла ІІ.
Святы Айцец таксама сказаў, што адчувае адсутнасць Бэнэдыкта XVI. Ён дадаў, што бачыў яго значна часцей, чым паведамлялася, асабліва ў той час, калі стала відавочна, што яго здароўе пагаршаецца. Адносна будучага былога асабістага сакратара Бэнэдыкта XVI, арцыбіскупа Георга Генсвайна, Францішак сказаў, што той можа вырашыць, ці вернецца ён у Германію ці застанецца ў Італіі, але, хутчэй, не ў сценах Ватыкана.
Сола таксама тлумачыць, што, калі Папа казаў яму аб сваім намеры наведаць Радзіму ў наступным годзе, ён удакладніў, што не збіраецца здзяйсняць паездку ў той час, калі ў Аргенціне ідзе кампанія перад прэзідэнцкімі выбарамі, запланаванымі на кастрычнік 2023 года. Францішак не хоча, каб яго прысутнасць была выкарыстана ў палітычных мэтах як кіруючымі, так і апазіцыйнымі сіламі. Акрамя таго, ён лічыць, што, знаходзячыся 10 гадоў па-за краінай, ён не цалкам разбіраецца ў тым, што адбываецца, і было б несправядліва праяўляць палітычныя сімпатыі ці антыпатыі.
Святы Айцец таксама пракаментаваў пытанне будучага арцыбіскупа Буэнас-Айрэса пасля таго, як кардынал Марыё Полі сышоў у адстаўку па ўзросце. Ён паведаміў, што ёсць тры кандыдаты. Пасля кансультацый з дыкастэрыямі Святога Пасада і адказнымі асобамі будзе абраны адзін з іх. Гэта не з’яўляецца выключна асабістым рашэннем Папы Францішка.
Журналіст завяршае свой артыкул наступнымі словамі: “Аргенцінскі Папа, здаецца, надзелены яснасцю розуму і выразам твару, які сведчыць аб ідэальнай форме, нават калі стан яго калена патрабуе выкарыстання кія, каб зрабіць некалькі крокаў, або інваліднага вазка для вялікіх адлегласцей”.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!