У нядзелю Хрыста Валадара, 20 лістапада мінскія парафіяне з касцёла Святога Яна Евангеліста і Святога Максімільяна Кольбэ сабраліся на ўрачыстую Імшу. Гэта Імша была асаблівай, бо разам з біскупам Юрыем Касабуцкім і запрошанымі гасцямі вернікі дзякавалі Пану Богу і сваім святарам за трыццаць год служэння ў Беларусі.
Напачатку Імшы прысутных прывітаў пробашч парафіі айцец Алег Шпець. Ён зазначыў, што гісторыя служэння хрыстусоўцаў вельмі багатая. За 30 год беларусам святарскую паслугу неслі 18 святароў, якія сваёй душпастырскай апекай агарнялі людзей у Гродна і Іўі, Гераёнах і Суботніках, Пінску і Брэсце, Ганцавічах, Лунінцы і Мінску.
Падчас казання біскуп Юрый разважаў з маленькім ўдзельнікамі Імшы, як мы ўяўлем сабе цара.
“Гэта той, хто сядзіць на троне, у прыгожым адзенні, а на галаве мае карону з золата і каштоўных камянёў.” – прагучала ў адказ.
“Але зусім не так выглядае Хрыстос – Валадар Сусвету. Мы бачым Яго на крыжы, у цярновым вянку. Хрыстос хоча падараваць нам самае каштоўнае – Нябеснае Валадарства. І валадарства Яго не з гэтага свету. Каб асягнуць гэтае Валадарства, нам трэба рабіць крокі Яму насустрач. Першым такім крокам з’яўляецца хрост. А потым — вера, любоў, учынкі міласэрнасці. Тут ужо залежыць ад кожнага чалавека – стане ён грамадзянінам Нябеснага Валадарства ці не”, – зазначыў іерарх.
Таксама біскуп распавёў гісторыю з’яўлення ордэну хрыстусоўцаў і плёны прабывання айцоў у нашай краіне. Ён звярнуў увагу на словы Пісання: “Па пладах іх пазнаеце іх” (Мц 7, 16).
І гэтыя “плады” можна было заўважыць па перапоўненай капліцы – так шмат людзей збіраецца на сустрэчу з Хрыстом, дзякуючы плённай працы святароў.
Плёнамі іх душпастырства з’яўляюцца таксама і шматлікія рухі і супольнасці, заснаваныя і квітнеючыя пры парафіі: хор «Effata», Літургічная служба алтара, каталіцкія скаўты і скаўткі, сем’і Суполак Маці Божай і Асацыяцыі Святой Сям’і з Назарэта, суполка «Маці ў малітве», школа св. Яна Паўла ІІ, Душпастырства моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам» і «Эўхарыстычны Рух Маладых».
Пасля Камуніі адбылося ўрачыстае аднаўленне манаскіх абяцанняў. А напрыканцы Імшы ўсе прысутныя склалі акт прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
У гэты дзень прагучала шмат словаў падзякі ад парафіянаў сваім душпастырам, а радасны спеў са словамі “Мы, Хрыстэ, войска Тваё” стаў годным завяршэннем Эўхарыстыі і ўпэўненасцю, што Хрыстос, Валадар Сусвету валадарыць і ў сэрцах кожнага прысутнага верніка.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Дар’я Стажок, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!






