Амерыканскія каталіцкія СМІ аналізуюць тэалагічную спадчыну Джона Генры Ньюмана, асабліва яго працы аб разуменні цудаў і развіцці дактрыны, якія застаюцца актуальнымі для сучаснага Касцёла.
31 ліпеня 2025 года Папа Леў XIV ухваліў рашэнне аб наданні тытула Доктара Касцёла святому Джону Генры Ньюману. Пасля гэтага тэолагі і гісторыкі ў ЗША актыўна абмяркоўваюць значэнне спадчыны гэтага святога для сучаснага свету.
Яго пісьмы абвяргаюць памылковыя погляды на цуды, якія ў XIX стагоддзі прапагандаваў філосаф Дэвід Юм
Майкл Сірыла, прафесар тэалогіі з Францішканскага ўніверсітэта, адзначае: «Ньюман – адпаведны доктар для сучаснага перыяду ў гісторыі Касцёла». Яго значным укладам стала палеміка з рацыяналізмам эпохі Асветніцтва. Ён аспрэчваў думку Дэвіда Юма аб тым, што вера ў цуды нерацыянальная. У сваіх працах Ньюман пісаў: «Цуды – гэта не ізаляваныя падзеі, а частка шырокага плана Божага кіравання, якая злучае чалавека з яго Стварыцелем і вядзе да вечнага жыцця».
Скот Хан, былы прэзбітэрыянскі пастар, цяпер каталіцкі тэолаг, адзначае: «Ньюман шчыра апісваў свой шлях да каталіцызму, змагаўся з рэлятывізмам, і яго кнігі дагэтуль змяняюць жыццю людзей, як і ў XIX стагоддзі, калі ён натхняў тысячы навяртанняў».
Належна зразуметае развіццё дактрыны захоўвае традыцыю і развівае яе, а не супярэчыць ранейшаму вучэнню
Асаблівае значэнне маюць працы Ньюмана аб развіцці дактрыны ў Каталіцкім Касцёле. У 1845 годзе ён выдаў кнігу «Аб развіцці хрысціянскай дактрыны», дзе абараняў каталіцкае вучэнне ад пратэстанцкай крытыкі. Ён сцвярджаў: «Сучасны каталіцызм – гэта не што іншае, як законны рост і дапаўненне, натуральнае і неабходнае развіццё дактрыны ранняга Касцёла».
Патрык Рэйлі, заснавальнік “Таварыства Кардынала Ньюмана”, якое падтрымлівае каталіцкую адукацыю, адзначае: «Гэта адзін з найважнейшых святых для сучаснасці, з яго барацьбой супраць рэлятывізму і слабай веры, а таксама канцэпцыяй вернай каталіцкай адукацыі».
Ідэі Ньюмана маюць значэнне і па-за англамоўным светам – у пасляваенны перыяд ён стаў важнай крыніцай натхнення для нямецкіх католікаў, якія бачылі ў ім чалавека, які «разумеў выклікі сучаснага свету і паказваў каталіцкі шлях у будучыню».
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!