Нямецкі тэолаг б’е трывогу: культура літургіі пад пагрозай

Вядомы літургіст Марцін Клёкенэр б’е трывогу: усё менш вернікаў ведаюць асновы літургіі, што пагражае стратай важнай часткі касцельнай культуры.

Нямецкі літургіст Марцін Клёкенэр папярэдзіў аб нарастаючай страце элементарных ведаў пра літургію. Падчас дыскусіі ў Фрыбургу, як паведаміў швейцарскі партал kath.ch, тэолаг адзначыў, што сёння ўжо не з’яўляецца само сабой зразумелым веданне асноўных абрадаў і парадку каталіцкай літургіі.

На думку Клёкенэра, гэта пагражае стратай цэнтральнай часткі касцельнай культуры. Ён выказаў занепакоенасць адсутнасцю ў многіх парафіях належнай літургічнай адукацыі. “Дзе ў парафіях людзі, якія займаюцца літургіяй?” — задаў рытарычнае пытанне навуковец.

Эксперт прыйшоў да высновы, што цяперашні крызіс літургіі – гэта, па сутнасці, крызіс ведаў пра яе. Калі ў супольнасцях не будзе людзей, якія разумеюць і могуць перадаць глыбіню і сэнс літургічных абрадаў, Касцёл рызыкуе згубіць неад’емную частку сваёй спадчыны.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку