Незвычайнае захапленне польскага францішканіна

Ён пабудаваў чатырохмесны ровар і снежны ровар. Цяпер плануе водны і паветраны. Айцец Аркадзій Дамбэк, францішканін з Зялёнай Гуры, заахвочвае моладзь развіваць свае захапленні.

Манах захапляецца веласпортам і псіхалогіяй. Прымаў удзел у розных конкурсах, марафонах. Двойчы падымаўся на п’едэстал гонару.

— Гэта быў добры вопыт сустрэч і размоў. Едзьце і евангелізуйце. Спалучайце духоўнае жыццё з захапленнем, — прызнаецца ён.

У Зялёнай Гуры чатырохмясцовы ровар «Francesco Team», які святар сканструяваў, выклікае сімпатыі мінакоў. Каркас зроблены з бамбука.

— Першая мадэль 2017 года была модульнай. Быў пабудаваны з элементаў, якія ў складаным стане ўтваралі двух-, трох-, чатырохмясцовую «машыну». На жаль, тая мадэль не мела бакавой калянасці, і таму трымаць раўнавагу на ёй было немагчыма, — прызнаецца ён.

Праз чатыры гады ён зрабіў новы, актуальны праект «Francesco Team». — Я ўлічыў папярэднія памылкі, і мне ўдалося! Мы едзем учатырох. Гэта бяспечна!

Па спецыяльнасці ён інжынер. Да ўступлення ў ордэн скончыў тэхналагічны ўніверсітэт. Цяпер мае 10 год святарства.— Дык калі гэта дастаўляе радасць, чаму б не займацца далейшымі праектамі? — смяецца манах.

І вось, як наступны, быў створаны снежны ровар — спераду лыжа, ззаду гусеніца. Ровар на падводных крылах, верагодна, чакае рэалізацыі восенню, а ў планах а. Аркадзія ёсць нават планёр, які рухаецца пры дапамозе мускул ног.

— Тут, вядома, большыя тэхнічныя задачы. Месца трэба, таму што шырыня крылаў 34 метры. Нажны прывад перадаецца на прапелер. Для ўзлёту неабходна выпрацаваць мінімум 200 Вт магутнасці. Мінімальная крэйсерская хуткасць — 15 км/г. Лятаючы ровар важыць каля 35 кг, плюс вага кіроўцы. Асноўная бэлька ровара будзе бамбукавай або карбонавай. Я яшчэ не ведаю. Гэта будзе залежаць ад нагрузак у гэтым месцы, — кажа ён.

Варта быць адкрытымі на натхненне Святога Духа, які дазваляе ствараць такія рэчы, якія на першы погляд здаюцца немагчымымі, але прыносяць шмат радасці і дапамагаюць ствараць больш глыбокія адносіны з іншымі людзьмі, — заахвочвае кс. Аркадзій Дамбэк OFMConv.

Айцец Арэк дзеліцца сваімі захапленнямі з моладдзю і заклікае яе рабіць смелы выбар.

— Бог дае нам магчымасць. Ён бачыць тое, чаго мы самі не бачым у сабе. Нашы рашэнні, выбар, які мы робім, вельмі важныя ў нашым жыцці. Застаючыся на скрыжаванні, мы не ўбачым плёну, — падкрэслівае святар.

Паводле kosciol.wiara.pl
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку