Усе мы ведаем яго як энергічнага, трохі імпульсіўнага жандарма, які да слёз забаўляў мільёны гледачоў па ўсім свеце. Аднак за яго бліскучым камедыйным фасадам хаваўся неверагодна спакойны чалавек, які пачынаў кожны дзень са святой Імшы і шматгадзіннай малітвы ў сваёй прыватнай капліцы.
У чарговую гадавіну яго смерці мы зноў адкрываем для сябе Луі дэ Фюнэса — акцёра, для якога вера была найважнейшым арыенцірам у жыцці, напоўненым як поспехамі, так і пэўнымі цяжкасцямі.
Луі дэ Фюнэс, сын іспанскіх мігрантаў, у асабістым жыцці быў супрацьлегласцю сваіх экранных герояў. Нягледзячы на тое, што на здымачнай пляцоўцы ён намагаўся ўвабраць у сябе кожны момант сцэнічнай ролі, пасля працы найлепш адчуваў сябе ў камфорце свайго дома, у атачэнні сям’і. Гэтая патрэба ў спакоі і духоўнай раўнавазе суправаджала яго з самых ранніх гадоў, калі Езус стаў, як ён сам казаў, «уплывовым спадарожнікам дзяцінства».
Смех для душы — тое ж самае, што кісларод для лёгкіх
Для акцёра вера была не проста наборам прынцыпаў, а жывымі адносінамі з Богам, якога ён бачыў надзвычай ярка і арыгінальна. У адным інтэрв’ю ён прызнаўся, што не верыць у вобраз Езуса як далікатнай фігуры, якую можа знесці парыў ветру. Ён бачыў у Ім моцнага, «устойлівага» «чалавека», які энергічна выганяў купцоў са святыні. «Ён вёў людзей, і мяне таксама; я бачу, як ён смяецца», — пераканана сказаў акцёр, веруючы, што ў Бога ёсць пачуццё гумару, і ён ацэніць яго ўласныя «выхадкі».
Смех быў яго місіяй, а не проста спосабам зарабіць грошы. Дэ Фюнэс казаў, што «смех для душы — тое ж самае, што кісларод для лёгкіх». Ён ставіўся да кожнага гледача з велізарнай павагай, імкнучыся інтэлектуальна асвятліць чыёсьці паўсядзённае жыццё. Нават у самай маленькай ролі ён мог унесці часцінку свайго генія, надаючы сцэнарыям непаўторны каларыт праз міміку і жэсты. Ён прыпісваў усе свае дасягненні Езусу, захоўваючы дыстанцыю ад славы і здольны радавацца самым дробным рэчам.
Гледзячы на жыццё Луі дэ Фюнэса, мы бачым чалавека, які, нягледзячы на свае памылкі, быў здольны быць глыбока шчаслівым. Яго духоўнасць была простай, але глыбокай, заснаванай на надзеі, што смерць — гэта не канец, а радаснае сустрэча з Богам.
Калі яго спыталі, як ён уяўляе сабе «іншы бок», ён адказаў з упэўненасцю: «Усе, каго ты ведаеш, знаходзяцца ў гасцінай. Яны чакаюць цябе вельмі, вельмі доўга».
Па матэрыялах deon.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!