22 лістапада ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святой Цэцыліі, апякункі касцельнай музыкі і спеваў, а таксама музыкантаў і спевакоў. Гэты дзень акцэнтуе ўвагу на важнасці духоўнай музыкі, яе моцы і велічы. Гукі музычных інструментаў падчас святой Імшы ва ўсе часы набліжалі чалавека да Бога, дапамагалі адчуць веліч Усемагутнага, а кожная нота ўзносіла хвалу і праслаўленне да нябёсаў. Арганісты з вялікай уважлівасцю рыхтаваліся да святой Імшы, імкнуліся зрабіць яе як мага больш узнёслай і ўрачыстай. Гэтая традыцыя захавалася і сёння.
У 2013 годзе ў лідскай парафіі Божай Міласэрнасці з’явілася невялікая групка дзяўчат, якія спявалі на хвалу Найвышэйшага. У якасці арганізатара выступіла Вераніка Крэсцьянінава. Спачатку ёй дапамагала спяваць сяброўка Таццяна. Пасля да дуэта далучыліся яшчэ дзве асобы – Вераніка і Алеся. А ўжо ў 2015 годзе ў калектыве налічвалася дванаццаць чалавек. Тады ж паўстала неабходнасць даць назву маладому музычнаму калектыву. Арганізатар хору Вераніка разам са сваёй сястрой вырашылі, што хор павінен называцца “Singing sercem” (тыя, якія спяваюць сэрцам). Ідэю падтрымалі іншыя ўдзельнікі. Так аматары касцельнага спеву ператварыліся ў сапраўдны музычны калектыў.
Вераніка Крэсцьянінава прыгадвае, што музыка для яе заўсёды была блізкай. Яе тата выкладаў у музычнай школе. Акрамя таго, быў арганістам у касцёле. З дзяцінства яна была далучаная да прыгожага і ўзнёслага. Аднак ніколі не ўяўляла сабе, што калісьці стане кіраўніком сапраўднага моладзевага хору. Сёння дзяўчына з удзячнасцю прыгадвае пробашча парафіі Андрэя Зноску, які, заўважыўшы здольнасці Веранікі, прапанаваў ёй спяваць на святой Імшы. Сваім творчым гарэннем дзяўчына змагла запаліць яшчэ шмат маладых сэрцаў.
Першапачаткова ўдзельнікі хору спявалі ў асноўным на польскай мове, пасля ў рэпертуар на трывалай аснове ўвайшлі кампазіцыі на лацінскай, беларускай і рускай мовах. Сёння ў іх выкананні гучаць песні на лацінскай, французскай, нямецкай, італьянскай і англійскай мовах. Пашырылася і кола музычных інструментаў, якія выкарыстоўваюцца падчас святой Імшы. Калі раней гэты быў толькі сінтэзатар, то зараз парафіяне могуць атрымаць асалоду яшчэ і ад гукаў скрыпкі і гітары.
За адзінаццаць гадоў моцна змяніўся і склад калектыву. Многія ўдзельнікі скончылі школу, паступілі вучыцца ў іншыя гарады. На іх месца прыйшлі новыя людзі. Аднак кожны з былых харыстаў, прыязджаючы ў Ліду, спяшаецца на вечаровую святую Імшу, каб разам з новымі ўдзельнікамі праславіць Бога спевам, што ідзе ад самага сэрца. На сённяшні дзень у пастаянным складзе хору налічваецца дваццаць пяць чалавек. Яшчэ пятнаццаць далучаецца, прыязджаючы ў Ліду на святы і канікулы.
Калектыў “Singing sercem” з упэўненасцю можна назваць сямейным праектам, бо ў яго склад уваходзяць цэлымі сем’ямі. Напрыклад, разам з Веранікай у хоры спяваюць яе брат Андрэй, сястра Ганна і пляменніца Ангеліна. Эмілія, Дамінік і Наэмі таксама паходзяць з адной сям’і. Шасцігадовая Наэмі дастаткова часта выконвае сольныя партыі, па-сапраўднаму расчульваючы слухачоў. Адносна нядаўна хор узбагаціўся яшчэ дзвюма дзяўчынкамі – Марыяй і Нінай Гурчын. Харысткі ўліліся ў зладжаны калектыў, сталі яго часткай. Cлавяць Бога сваім спевам Лея і Аляксандр Гародка. Брат з сястрой сістэматычна наведваюць рэпетыцыі, з вялікім запалам развучваюць новыя песні. Алена Манікайла ходзіць у хор разам са сваёй дачкой Аляксандрай. Праз сумесную дзейнасць паміж мамай і дачкой наладжваецца асаблівы кантакт. Шырокім з’яўляецца і ўзроставы дыяпазон удзельнікаў. На сённяшні дзень у склад хору ўваходзяць асобы ад шасці прыкладна да сарака гадоў.
За адзінаццаць гадоў існавання музычны калектыў аб’ехаў шмат розных парафій не толькі ў нашай краіне. Харысты прымалі ўдзел у фестывалях і конкурсах за мяжой. У 2019 годзе на Міжнародным фестывалі калядак у Бэндзіне калектыў атрымаў першае месца. На конкурсе “Вясёлыя ноткі” ў Гродне спевакі занялі трэцяе месца. Некалькі разоў на год ладзяцца канцэрты і ў роднай парафіі. Напярэдадні Божага Нараджэння пачынаюцца актыўныя рэпетыцыі, каб пасля здзівіць парафіян цікавай і насычанай каляднай праграмай. Удзельнікі хору не раз звярталіся і да формы мюзікла. Артысты пераапраналіся ў каляровыя калядныя касцюмы, выконвалі пэўныя ролі і пры гэтым яшчэ і спявалі.
З 2015 года хор “Singing sercem” пачаў весці свой канал на YouTube. Харысты здымалі невялічкія ўрывачкі сваіх спеваў і дзяліліся відэа на канале. Пад відэа слухачы пакідалі словы падзякі за цудоўны спеў. Некалькі гадоў таму старонкі хору з’явіліся на пляцоўках TikTok і Instagram. На сённяшні дзень на старонку каталіцкага хору ў TikTok падпісана больш за 31 000 асобаў, а некаторыя відэа са спевамі набіраюць больш за мільён праглядаў. У сацыяльнай сетцы Instagram артысты публікуюць не толькі відэа са спевамі, але яшчэ вядуць адукацыйныя і выхаваўчыя рубрыкі. Адукацыйная рубрыка “Этыкет у касцёле” вучыць базавым правілам паводзін у Божым доме, а рубрыка “Неглупые вопросы” дапамагае атрымаць адказы на актуальныя пытанні. Палюбілася гледачам і забаўляльная рубрыка “Песни по алфавиту”, якая дапамагае кожнаму далучыцца да музычнай дзейнасці. А зусім нядаўна стартавала новая ідэя – “Дзеці пра важнае”. Тут самыя малодшыя ўдзельнікі хору разважаюць пра маральна-этычныя рэчы.
Сёння хор “Singing sercem” стаў адной вялікай сям’ёй. Яго ўдзельнікі сумесна бавяць вольны час, збіраюцца на пікнікі, арганізоўваюць маленькія выпускныя для тых, хто развітваецца з хорам, спяваюць на шлюбах удзельнікаў калектыву. А ў верасні частка хору паехала ў Пінск на біскупскае пасвячэнне былога пробашча Андрэя Зноскі, які ў свой час даў штуршок узнікненню калектыву. Новы пробашч парафіі Павел Астукевіч таксама падтрымлівае моладзевую ініцыятыву. Ён ужо паклапаціўся пра належнае асвятленне для харыстаў.
На сённяшні дзень кіраўнік хору Вераніка Крэсцьянінава жыве ў Мінску, але кожную нядзелю, пераадольваючы каля двухсот кіламетраў, прыязджае ў Ліду, каб правесці рэпетыцыю і ўпрыгожыць нядзельную літургію спевам. Бачачы яе ахвярнасць і самаадданасць, іншыя ўдзельнікі таксама стараюцца не прапускаць рэпетыцыі без уважлівай прычыны. Кожны раз перад вечаровай нядзельнай Імшой усе адчувальна хвалюцца, але з першымі гукамі інструментаў хваляванне знікае і некалькі дзясяткаў шчырых сэрцаў узносяць хвалу Богу праз цудоўны спеў.
Марта Венславовіч
для друку