“Некаторыя знаёмыя кажуць мне, што не трэба дорага і шыкоўна аздабляць святыні. Лепш пабудаваць нешта больш простае, а грошы аддаць бедным. Я з імі не пагаджаюся. Падкажыце, што можна ім адказваць і якія правільныя аргументы прыводзіць?” Павел
На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:
– Першы вядомы ў гісторыі храм Госпада быў пабудаваны царом Саламонам. Яго падрабязнае апісанне прыводзіцца ў 3-й кнізе Царстваў. Сярод іншага чытаем: “І абклаў Саламон храм усярэдзіне чыстым золатам, і працягнуў залатыя ланцугі перад давірам, і абклаў яго золатам. Увесь храм ён абклаў золатам, увесь храм да канца, і ўвесь ахвярнік, які перад давірам, абклаў золатам” (3 Цар. 6, 21-22). Аздабленне храма было вельмі багатым і шыкоўным, гэтак жа, як каштоўным было і храмавае начынне. Гэта было знешнім выражэннем стаўлення чалавека да Бога: “Сапраўды, ці ж Богу жыць на зямлі? Неба і неба нябёсаў не ўмяшчаюць Цябе, тым меней гэты храм, які я пабудаваў”, – гаворыць цар Саламон (3 Цар. 8, 27).
Храм з’яўляецца месцам асаблівай прысутнасці Бога на зямлі. Адпаведна рознымі даступнымі чалавеку сродкамі святое месца аздабляецца асаблівым чынам, каб паказаць яго выключнасць у гэтым свеце. Храм – гэта месца, дзе Неба адкрываецца на зямлі. Госпад адказвае Саламону на яго малітву: “Я пачуў малітву тваю і просьбу тваю, чаго ты прасіў у Мяне. Я асвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць імені Майму там вечна; і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні” (3 Цар. 9, 3).
У наш час, час Новага Запавету, храм набыў яшчэ глыбейшае значэнне. Сёння храм – гэта месца не проста асаблівай духоўнай прысутнасці Бога, гэта дом Хрыста, у якім наш Збаўца прабывае не толькі духоўна, але і фізічна – у Сакраманце Эўхарыстыі. Храм стаў домам Божым у літаральным сэнсе. Св. Альфонс Лігуоры, раздумваючы над гэтай таямніцай, пісаў: “Госпадзе, Езу Хрысце! Любоў да людзей трымае Цябе на алтарах. Тут Ты, поўны міласэрнасці і дабрыні, знаходзішся дзень і ноч, чакаеш іх, клічаш іх і прымаеш усіх, хто прыходзіць Цябе наведаць”.
У Евангеллі маем прыклад ахвярнага выражэння сваёй любові да Збаўцы: “Марыя ж узяла фунт каштоўнага нардавага алею і намасціла ногі Яму, і абцёрла сваімі валасамі Ягоныя ногі, а пах алею напоўніў увесь дом” (Ян. 12, 3). З рацыянальнага пункту гледжання гэта было непатрэбным марнатраўствам. Таму цалкам лагічна апостал Юда паўтарае аргумент вашых знаёмых, згаданы ў пытанні: “Чаму не прадалі гэтага алею за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?” (Ян. 12, 5). Аднак Сам Езус на гэты аргумент дае адказ: “Убогіх паміж сябе заўсёды маеце, а Мяне – не заўсёды” (Ян. 12, 8).
Падобным чынам і з храмамі: бедныя заўсёды будуць у свеце, храм жа будуецца раз і навякі. Заходзячы ў храм, мы пакідаем свет гэты і ўваходзім у свет Божы, дзе “вока не аглядала, ані вуха не чула, ані сэрца чалавечае не прадчувала, што Бог падрыхтаваў тым, каторыя любяць Яго” (1 Кар. 2, 10).
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!