Мяккі падыход: дзе праходзіць мяжа паміж клопатам і асуджэннем у Божым доме?

Гэтая гісторыя адбылася акурат пасля Вялікадня. У святочнай актаве ў адзін з праваслаўных храмаў павінна было прыехаць некалькі святароў на чале з епіскапам. З вялікім хваляваннем вернікі чакалі гасцей: царква была святочна аздобленая, пасцелены чырвоны дыван, а на прыступках стаялі дзеці, якія падрыхтавалі прывітальныя вершы. Дзяўчынка гадоў дзесяці-дванаццаці трымала ў руках каравай, а хлапчук – букет кветак. Нервова яны паўтаралі словы прывітання. У гэты час адна з жанчын спынілася, паглядзела на дзяцей, а пасля звярнулася да хлопчыка: “Які ты сёння прыгожы! Сапраўдны англійскі лорд!” Хлопчык толькі сціпла ўсміхнуўся, пачуўшы добрыя словы на свой адрас. Пасля жанчына паглядзела на дзяўчынку з белым хлебам і прамовіла: “А пра цябе гэтага сказаць нельга. Ты сёння апранута як “брадзяжка”. Адзенне тваё ніяк не дастасаванае да сённяшняга дня!” Дзяўчынка засмуцілася і апусціла галаву, а жанчына спакойна пайшла ў храм. Людзі ў натоўпе з непаразуменнем пераглядаліся, бо каментарый жанчыны быў далёкім ад рэальнасці. Аднаму Богу вядома, што адчула дзіця ў гэты момант і як паўплывае гэты выпадак на далейшыя адносіны дзяўчынкі з Богам і царквой.

Адна грубая і неасцярожная заўвага можа параніць чалавечае сэрца, адвярнуць ад Бога, сказіць уяўленне пра хрысціянства і хрысціян.

Рэмаркі і заўвагі зазвычай робяць менавіта тыя людзі, якія стала прыходзяць у касцёл ці царкву, сістэматычна моляцца, спавядаюцца, прымаюць Цела і Кроў Хрыста, маюць пэўнае служэнне пры парафіі. Гэта з’яўляецца сапраўдным парадоксам, бо яны, як ніхто іншы, павінны ведаць усё пра хрысціянскую любоў, тактоўнасць і далікатнасць – рэчы, якім вучыць сам Хрыстос.

Аднойчы я натрапіла на цікавую прытчу, якую і сёння часта прыгадваю. У пэўнага чалавека з’явіліся сур’ёзныя жыццёвыя праблемы. Ён вырашыў пайсці ў храм. Прыйшоўшы, мужчына ціхенька стаў у кутку. Адна з жанчын зрабіла заўвагу, што тут стаяць нельга. Другая падкрэсліла, што мужчына няправільна жагнаецца, трэцяя папракнула яго ў тым, што ён не так апрануты. І ўвогуле яму лепш выйсці. Засмучаны мужчына выйшаў з храма, сеў на лаву і заплакаў. Тады да яго падышоў Хрыстос і спытаў: “Чаму ты плачаш?” Мужчына адказаў: “Яны мяне ў храм не пускаюць!” Тады Хрыстос усміхнуўся і зазначыў: “Не перажывай, Мяне яны ўжо даўно не пускаюць”. Гэта напалову жартаўлівая прытча адкрывае вочы на многія рэчы. Імкнучыся захаваць “правілы”, людзі несвядома выцясняюць іншых з касцёла. Зразумела, што ў такіх паводзінах няма хрысціянскай любові, а дзе няма любові, няма і Хрыста.

У Евангеллі ад Мацвея можна знайсці такое выказванне Езуса: “Не судзіце, каб вас не судзілі. Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана”. Яшчэ адзін красамоўны фрагмент Святога Пісання заклікае хрысціян любіць бліжняга свайго: “Калі б хто сказаў: “Я люблю Бога”, – а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць”.

У касцёл людзі прыходзяць са сваімі радасцямі і смуткамі. Яны прыносяць свае клопаты Хрысту, адкрываюць Богу сэрцы. Пакрыўджаныя лёсам, знясіленыя хваробай, пакараныя дрэннымі звычкамі, іх вобраз не заўсёды адпавядае ідэалу сапраўднага католіка.

Аднак Богу не патрэбныя ідэалы. У яго бязмежным сэрцы знойдзецца месца для кожнага беднага грэшніка.

Ён не звяртае ўвагі на адзенне і абутак. Гэта бачаць толькі людзі, якія часам перагароджваюць шлях, не даючы дайсці да Хрыста. Пачуўшы пэўныя заўвагі і рэмаркі, чалавек адыходзіць. Часам нават назаўсёды. У яго свядомасці фарміруецца няправільнае ўяўленне пра Касцёл і пра Бога. І гэта вялікая трагедыя. Зразумела, што ўсе мы калісьці адкажам перад Усемагутным Суддзёй за кожнае сваё слова, за кожную заўвагу, за кожны жэст. Таму ўжо сёння варта быць праваднікамі да Хрыста, сведкамі і нашчадкамі невычэрпнай любові, пазбягаць крытыкі. А заўвагі, калі і рабіць, то толькі з любоўю і далікатнасцю. Менавіта так, як нас вучыць Езус Хрыстус.

Марта Венславовіч

для друку для друку