Нараджэнне дзіцяці з’яўляецца вялікай падзеяй для ўсёй сям’і. Немаўлятка прыносіць радасць сваім бацькам, напаўняе іх сэрцы лагодай і пяшчотай. Бацькі з гэтай нагоды спяшаюцца арганізаваць свята, а таксама ахрысціць нованароджанага. Перад хростам паўстае пытанне выбару імені для дзіцяці. І тут кожны зыходзіць з уласнага светапогляду. Хтосьці называе дачку ці сына ў гонар продкаў, хтосьці – у гонар любімага артыста, іншыя ж звяртаюцца да інтэрнэт-рэсурсаў, шукаючы модныя і папулярныя імёны. Цвятана, Касандра, Адэль, Айдар, Дамір – такія імёны сёння набываюць усё большую папулярнасць. Усё цяжэй у дзіцячым садку ці школе сустрэць Андрэя, Марыю, Пятра ці Ганну. На вялікі жаль, большасць “модных” імёнаў мае нехрысціянскае паходжанне. А выбіраючы нехрысціянскае імя, бацькі пазбаўляюць дзіця нябеснага заступніка, які будзе спадарожнічаць у далейшым жыцці, апекавацца і дапамагаць. У пагоні за модай гэтая важная акалічнасць апускаецца. Аднак, як паказвае практыка, і сярод хрысціянскіх імёнаў ёсць шмат цікавых і незвычайных. Мы пагутарылі з каталіцкімі сем’ямі, якія далі сваім дзецям прыгожыя хрысціянскія імёны.
Ганна Фасевіч– мама Амеліі і Марты:
– Выбіраючы імёны для дачок, мы з мужам кіраваліся адзіным правілам – імя павінна быць каталіцкім, каб у дзіцяці быў апякун. Імя Амелія мне вельмі падабалася. Калі мне было шаснаццаць гадоў, яно выпадкова трапілася мне на вочы. Ужо тады падумала, што калі ў мяне будзе дачка, то абавязкова назаву яе гэтым прыгожым імем. Мужу гэта імя таксама падабалася. Дачка яшчэ не нарадзілася, а мы з мужам ужо пяшчотна называлі яе Амелькай. Нарадзілася старэйшая дачушка 13 ліпеня, а ў каталіцкім календары ўспамін святой Амеліі адзначаецца 10 ліпеня. Даты аказаліся зусім побач.
Імя для малодшай дачкі выбіраў мой муж Улад. Ён заўсёды казаў, што яму падабаецца імя Марта. Гэта яшчэ і таму, што нарадзіўся ён у сакавіку. Але, зразумела, не гэта стала прычынай выбару імені. Нам заўсёды прыгадвалася евангельская гісторыя пра Марту, Марыю і Лазара. Пакуль Марыя слухала Езуса, Марта вырашала бытавыя пытанні. Наша Мартачка такая ж дзейсная і актыўная. Часам яе трэба ўтаймоўваць і супакойваць, звяртаць увагу на важныя рэчы.
Калі пачаліся роды, я малілася. Выпадкова адкрыла Біблію на гісторыі пра нараджэнне Яна Хрысціцеля. І наша Марта нарадзілася 24 чэрвеня – акурат у свята Яна Хрысціцеля. Таму ахрысцілі яе мы двайным імем – Марта-Яна. Цяпер у малодшай дачушкі ёсць адразу два апекуны.
Наталля Пятліцкая – мама Марка і Тэадора:
– І старэйшаму, і малодшаму сынам выбіралі імёны сумесна з мужам. Шчыра кажучы, гэта было даволі складана. На наш погляд, імя павінна быць міжнародным – аднолькава гучаць на розных мовах. Выбіралі з імёнаў заходняга гучання, бо імя таты – Ян. Імя дзіцяці, зразумела, павінна быць сугучным з імем бацькі. Мне хацелася, каб імя гучала мужна, але пры гэтым у яго была мяккая і прыгожая памяншальна-ласкальная форма. Усіх нас у дзяцінстве бацькі называлі пяшчотна і лагодна. Так атрымалася і ў нашай сям’і. Старэйшага сына мы ласкава называем Марэкам, а малодшага – Тэдзікам. Пры выбары імёнаў адразу выключылі тыя, з якімі ёсць непрыемныя асацыяцыі, або тыя, якія з’яўляюцца назвамі крамаў і брэндаў. Імя малодшага сына ў перакладзе азначае “Божы дар”, а імя старэйшага суадносіцца з асобай евангеліста Марка. Імёны абодвум сынам далі яшчэ да нараджэння.
Ружа Заічанка – мама маленькай Рут:
– З пяшчотай і трымценнем мы з мужам выбіралі імя для нашай дачушкі. Вялікім натхненнем для нас у гэтай справе з’яўлялася Святое Пісанне. Гісторыя пра тое, як мы абралі імя, мае пачатак у невялічкім горадзе Івянец, куды мы з мужам прыехалі на рэкалекцыі па кнізе Старога Запавету. У той час я была цяжарная. Кніга, над якой мы разважалі, распавядала пра жанчыну, каторая жыла ў далёкія часы. Гісторыя яе жыцця была поўная выпрабаванняў, але, нягледзячы на гэта, яна заставалася вернай і адданай. Мы былі ўражаныя яе мужнасцю і адданасцю, а таксама тым, як яна захоўвала любоў у сэрцы. Тая кніга натхніла нас на глыбокія разважанні. Мы думалі пра тое, як раскрываецца Божы провід у жыцці звычайных людзей, праз якіх пасля ажыццяўляецца Боскі план, што прыносіць адкупленне. Гэтая жанчына стала прабабуляй караля Давіда і ўвайшла ў радавод Езуса Хрыста. “Сяброўка” – з габрэйскай мовы перакладаецца імя нашай дачушкі. Яе завуць Рут. Яшчэ калі яна была пад сэрцам, мы называлі яе так. Пасля яе нараджэння не было сумненняў, што імя цудоўна падыходзіць нашай маленькай кветачцы. Сёння мы ўсведамляем, што ў кожнага чалавека – свая непаўторная гісторыя жыцця, а нашы імёны запісаныя на нябёсах.
Гутарыла Марта Багдановіч
