Маме патрэбная цішыня!? (Працяг)

Мінулы раз мы размаўлялі пра тое, як важна маме час ад часу быць у цішыні. Сёння я прапаную разгледзець некалькі простых і важных парадаў, як застацца ў цішыні, нават калі побач з вамі маленькае дзіця.

  1. Прасіце дапамогі

Самы прадуктыўны час цішыні – гэта застацца адной без дзяцей: дома, на шпацыры ці ва ўтульнай кавярні. І тут самой не справіцца. Калі жанчына шчырая перад сабой, то яна добра разумее: без дапамогі іншых з маленькім дзіцём будзе вельмі цяжка. Таму не трэба саромецца прасіць дапамогі.

Самы блізкі чалавек – гэта, канешне ж, ваш муж. Таксама найбліжэйшыя сваякі – бабулі і дзядулі, сёстры і браты. Калі паводле нейкіх прычынаў яны не могуць дапамагчы, звяртайцеся да сяброў або паслугаў няні. “Хто шукае, той знойдзе”.

  1. Выкарыстоўвайце сон дзіцяці

Калі дзеці яшчэ малыя, адзін або некалькі разоў на дзень яны салодка спяць. І звычайна гэты час мама імкнецца выкарыстаць для выканання хатніх спраў. Так яна траціць яшчэ больш свайго рэсурсу. Варта ўвесці простае правіла: першыя 20-30 хвілін сну дзіцяці вы ў любым выпадку прысвячаеце сабе. Можна памаліцца, выпіць кубачак кавы, пачытаць кнігу, скласці планы на найбліжэйшы час або проста адпачыць у цішыні.

Прыборка, прыгатаванне ежы і іншыя хатнія справы нікуды не знікнуць, а мама адновіць ўласны ўнутраны рэсурс.

  1. Куточак цішыні

Наступныя парады для мамаў, якія штодня стамляюцца ад актыўных заняткаў, гульняў, чытання і г.д. з дзецьмі. Стварыце для дзяцей “куточак цішыні”. Месца, дзе некаторы час яны змогуць пабыць сам-насам са сваімі цікавымі заняткамі. Калі дзіцятка зусім малое, гэта можа быць манеж з цікавымі цацкамі.

Дзецям трох-пяці гадоў вельмі спадабаецца невялікая палатка-вігвам ці коўдра з падушкамі ў куце пакоя, балдахін над крэсламі або над сталом.

Падумайце разам, як хутка стварыць гэтае месца і як зрабіць яго ўтульным. Вырашыце, што будзе цікавым для дзіцяці, і галоўнае, чым ваш сын або дачка будзе там самастойна займацца. Для старэйшых дзяцей гэта можа быць асобная прастора для творчасці: другі паверх ложка, стол і крэсла з рэчамі, неабходнымі, напрыклад, для малявання, вышывання, а таксама пазлы, канструктары і г.д.

  1. Гульня “ты дарослы”

Прыкладна ў тры-чатыры гады дзіцяці становіцца вельмі цікава рабіць “дарослыя справы”. Каб спакойна выпіць кубачак кавы ці пагартаць любімую кнігу, можна даверыць сыну ці дачцэ памыць посуд, цацкі ў тазіку, скласці па парах шкарпэткі або роўна паставіць абутак.

Магчыма, маме пасля гэтых “дарослых спраў” давядзецца заняцца прыборкай, але 15-20 хвілін цішыні вам забяспечаныя.

  1. “Цяжкая артылерыя”

Самы просты, хоць і не самы карысны спосаб пабыць у цішыні, – гэта гаджэты. Ёсць некалькі важных правілаў, як дапамагчы маме і не нашкодзіць дзіцяці: мінімальны ўзрост – два гады; аптымальны час – 10-30 хвілін.

Аптымізуйце прыбыванне перад экранам: мультфільмы можна замяніць аўдыёказкамі,  песенькамі, бессэнсоўныя гульні – электроннымі пазламі або праграмамі па вывучэнні алфавіту.

Памятайце, што самае важнае ў жыцці дзіцяці – спакойная адпачылая мама, таму шукайце вашыя хвіліны цішыні штодня.

Вікторыя Філіпенка – мама дваіх дзяцей

для друку для друку