Каталіцкае «Радыё Марыя» гучыць у Беларусі ўжо больш за шэсць гадоў – першая трансляцыя ў інтэрнэце адбылася 1 лістапада 2016 года. Праца радыё заснаваная перадусім на ініцыятыве свецкіх, але наколькі лёгка свецкім працаваць у касцельных структурах?
Слухаць беларускае «Радыё Марыя» можна праз дадатак для мабільных прыладаў, на сайце, а таксама апошнім часам атрымаў развіццё і юцьюб-канал. Такім чынам з фармата вэб-радыё «Радыё Марыя» пераўтвараецца ў паўнавартаснае медыя. У радыёперадачах вернікам распавядаюць пра жыццё Касцёла, штодзённа транслююць cвятыя Імшы, што неабходна для старэнькіх ці хворых людзей, ёсць шмат агульнакультурных, пазнавальных і нават забаўляльных праграм, разважанні над Божым cловам, малітвы, ток-шоу. Дзякуючы гэтаму каталіцкае веравучэнне і хрысціянскія каштоўнасці могуць быць дасяжныя кожнаму ў любы момант яго жыцця і ў любым месцы планеты.
«Радыё Марыя» – гэта перадусім валанцёрскі праект, у якім кожны можна знайсці справу для сябе. Праграмным дырэктарам радыё і духоўным апекуном у Беларусі з’яўляецца ксёндз Аляксандр Фаміных, а свецкім дырэктарам – Яўгенія Найдовіч. З ёю мы і паразмаўлялі пра тое, як працуецца свецкім вернікам у касцельных структурах.
«Ёсць цэлы шэраг святароў, каторыя ставяцца да ініцыятывы свецкіх, як да новага сродку евангелізацыі і годнай справы. Калі святары разумеюць, што тое, што адбываецца на «Радыё Марыя», – гэта самая сапраўдная евангелізацыя, яны да гэтага ставяцца адкрыта, ніколі не адмаўляюць у супрацоўніцтве, з радасцю падтрымліваюць нас. Калі ёсць усведамленне, што мы робім і што мы робім гэта супольна, то няма перашкодаў, а ёсць падтрымка і адкрытасць», – распавяла суразмоўца.
Святары на радыё ладзяць катэхезы, рыхтуюць разважанні над Словам Божым і ўдзельнічаюць у перадачах, у тым ліку адказваючы на пытанні слухачоў.
Паводле дырэктаркі радыё, калі «касцельныя структуры адухоўленыя, калі святары шмат працуюць, укладаюцца ў парафію і ў якіх жывая парафія, то свецкім там вельмі хораша».
Праўда, прызнае Яўгенія, ёсць парафіі, дзе «да святара не падысці, дык там часта і людзі нібыта «мёртвыя», чэрствыя».
«Таму і свецкія ініцыятывы там не асабліва патрэбныя. Нармальны, здаровы Касцёл, а ён ёсць у Беларусі, радуецца ініцыятыве свецкіх», – адзначыла Яўгенія Найдовіч.
Пры гэтым яна падкрэсліла, што «калі ў свецкіх «шыла», то яны ўсё зробяць – і хоры, і фільмы, і віктарыны, і пілігрымкі».
«Самыя дарагія сэрцу моманты і прыклад добрых узаемаадносін Касцёла і свецкіх – гэта нашыя вандроўкі па Беларусі. Калі прыязджаеш у парафію і сустракаеш такі клопат і гасціннасць, што не выказаць словамі, – гэта сапраўдны прыклад айцоўскага клопату святароў пра сваю паству. Калі цябе, звычайнага чалавека, прымаюць як дарагога госця, калі цябе чакаюць і самыя цікавыя размовы, і смачны пачастунак, і маральная падтрымка, і адабрэнне, то натхняешся на шмат уперад, і хочацца рабіць яшчэ болей», – падкрэсліла суразмоўца.
У якасці прыкладу рознага стаўлення да дзейнасці свецкіх яна прывяла сітуацыю, у якой не часта, але даводзілася бываць камандзе радыё.
«Калі ты прыязджаеш на парафію, і святар з амбоны кажа, што пасля Імшы «нейкая жанчына з Мінска хоча нешта распавесці і даць нейкія ўлёткі, і калі ёсць жаданне, то можна падысці, а калі не – не падыходзьце», то ўсе парафіяне проста пройдуць паўз нас. Пасля такога мы, вядома, крыху паплачам, але ў нас ва ўсіх ёсць выразная ўпэўненасць, што мы робім годную справу, патрэбную і людзям, і нам самім. Бо самі мы без «Радыё Марыя» задыхнёмся», – распавяла яна.
«Радыё Марыя» вартае таго, каб у яго ўкладацца
Яўгенія Найдовіч распавяла таксама, што за шэсць гадоў існавання «Рыдыё Марыя» ўжо стала вядомым і біскупам, якія, на яе меркаванне, ставяцца да яго з павагай. Але адзначае: супрацоўнікам і валанцёрам было б прыемна, каб арцыпастырскай увагі і апекі было болей:
«Нам – а гэта натоўпы свецкіх людзей, якія штовечар пасля працы, і нават ноччу, вядуць перадачы, моляцца ў эфіры на ружанцы, прымаюць званкі – было б радасна, калі б на гэтыя натоўпы звярнулі ўвагу. Нам бы гэта дадало яшчэ больш энтузіязму».
«Я ведаю, што «Радыё Марыя» вартае таго, каб у яго ўкладацца. І калі б у беларускім Касцёле раздавалі ўзнагароды, то мы б дакладна паспаборнічалі за медаль ці дыплом. Кожны камплімент для нас – гэта сапраўдная падтрымка. Калі б нас проста пахвалілі, гэта было б класна. А калі б нас яшчэ падтрымалі фінансава, то было б яшчэ і тэхнічнае развіццё, і больш якасны кантэнт для католікаў і ўсіх культурных людзей», – падкрэсліла Яўгенія Найдовіч.
На думку суразмоўцы, ініцыятыва свецкіх патрэбная і самім святарам, і біскупам.
«Калі нас, свецкіх, не будзе, то для чаго гэта ўсё? Мне здаецца, што мы надаём ім сэнс. «Радыё Марыя» – тыя, хто яго робіць, і тыя, хто яго слухае, – гэта якраз і ёсць людзі, якія ад усёй душы цікавяцца тым, што робіцца ў Касцёле. Мы менавіта тая аўдыторыя, для якой пакліканыя святары і біскупы. Мы сапраўды цікавімся жыццём Касцёла, усім, што адбываецца, усімі рэкалекцыямі і падзеямі, і мы распавядзём пра іх так, што гэта будзе цікава іншым. То чаму гэта не можа быць цікава самому Касцёлу? Для таго, каб справа жыла, каб супольнасць жыла, трэба, каб там усё вярцелася. І мы спадзяёмся, што менавіта гэтаму спрыяем», – сказала прадстаўніца радыё.
І нават калі кажуць, што «прыехала жанчына, нешта ад вас хоча – прайдзіце, калі ласка, міма», то гэта не тое, што спыніць «Радыё Марыя» ад далейшай працы.
«Мы будзем працягваць так доўга, як гэта будзе магчыма, як гэта дазволіць Пан Бог», – заключыла Яўгенія Найдовіч.
Але падкрэсліла: хоць ініцыятыва свецкіх на «Радыё Марыя» і так мае шырокую падтрымку сярод беларускага кліру, прадстаўнікі радыё згодныя, каб яе было больш.
Мечыслаў Гапановіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

