На канклаве, які пачынаецца 7 мая 2025 года, упершыню колькасць кардыналаў-электараў перавысіць гістарычны ліміт 120, усталяваны яшчэ Паўлам VI у 1975 годзе.
Прызначаны на 7 мая 2025 года канклаў стане гістарычным: згодна з афіцыйнымі данымі, у ім прымуць удзел 133 кардыналы-выбаршчыкі, хоць класічны ліміт іх колькасці быў усталяваны яшчэ ў апостальскай канстытуцыі “Romano Pontifici Eligendo” Паўлам VI – 120 чалавек. Такая сітуацыя ўзнікае ўпершыню ў сучаснай гісторыі Касцёла.
Гістарычная мяжа ўпершыню будзе пераадолена на самім канклаве
Яшчэ да выдання Паўлам VI дакумента ў 1975 годзе, які ўстанаўліваў ліміт, на консісторыі 28 красавіка 1969 года ў Калегіі кардыналаў было ўжо 134 электараў, але менавіта гэты Пантыфік упершыню вызначыў афіцыйную верхнюю мяжу іх колькасці.
Папа Ян Павел II, пацвердзіўшы гэты ліміт у “Universi Dominici Gregis” ад 1996 года, неаднаразова ад яго адступаў. Так, у 2001 годзе колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў дасягнула 136, а ў 2003 – 134. Падчас яго пантыфікату калегія часам значна перавышала арыгінальны парог, хоць да моманту канклава колькасць электараў звычайна прыводзілася ў адпаведнасць. Кожны раз, калі ліміт быў перавышаны – гэта быў свядомы крок у адказ на патрэбы часу.
Перавышэнне ліміту заўжды мела свае прычыны
Бэнэдыкт XVI таксама двойчы пераўзыходзіў абмежаванне: у 2012 годзе выбаршчыкаў стала 125. Такая ж тэндэнцыя захавалася і пры Францішку, які перавышаў ліміт 120 на ўсіх дзесяці кансісторыях свайго пантыфікату, уздымаючы колькасць нават да 140.
Гэта першы выпадак, калі ліміт у 120 кардыналаў-выбаршчыкаў будзе перавышаны непасрэдна на момант правядзення канклава, а не толькі пасля абвяшчэння кансісторыя. Хоць двое кардыналаў не змогуць удзельнічаць па стане здароўя, на галасаванне збярэцца рэкордная колькасць электараў.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
