Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя падтрымаў пазіцыю Святога Айца па барацьбе з пандэміяй каранавіруса. Адмысловае паведамленне ён змясціў у «Твітэры».
Тэдрас Аданом Гебрэесус пракаментаваў словы Папы Францішка пра тое, што адказ на вірус павінен быць двайным: трэба знайсці лекі ад малога, але жудаснага віруса, які паставіў на калені ўвесь свет, а таксама змагацца з яшчэ большым вірусам – сацыяльнай несправядлівасцю. Пантыфік казаў пра гэта падчас агульнай аўдыенцыі, якая 19 жніўня 2020 г. прайшла ў Ватыкане.
Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя падкрэсліў, што не можа не пагадзіцца са Святым Айцом. «Пандэмія COVID-19 дэманструе, што мы павінны зрабіць здароўе правам усіх, а не толькі прывілеем нямногіх. Гэта таксама дасць нам магчымасць разам будаваць лепшы, бяспечны і справядлівы свет», — напісаў Гебрэесус.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
