Неардынарны моладзевы лагер быў арганізаваны ў сеўльскім саборы Мёндонг. У яго вестыбюлі стаялі турыстычныя крэслы, на якіх плячо ў плячо сядзелі біскупы, святары, законніцы і, перш за ўсё, карэйская моладзь. Гэта была першая з серыі інтэрактыўных сустрэч, прысвечаных Сусветным дням моладзі (СДМ) у 2027 годзе.
Ідэя «катэдральнага лагера» нарадзілася сярод сеўльскіх святароў, якія заўважылі, што ў маладых людзей узнікае шмат пытанняў і сумненняў, пра якія ім усё часцей няма з кім пагаварыць. Адсюль і падзея ў сталічнай катэдры, незвычайная форма якой мела на мэце скараціць адлегласць і забяспечыць большае ўзаемадзеянне.
Падчас сустрэчы быў выкарыстаны сінадальны метад «размовы ў Духу», які, па словах удзельнікаў «катэдральнага лагера», дазваляў дасягнуць большай адкрытасці і, адпаведна, больш свабодна абменьвацца думкамі. Місіянерскае агенцтва Fides падкрэсліла, што маладыя людзі былі вельмі ўражаныя блізкасцю сваіх біскупаў, якія сядзелі з імі ў коле і адкрыта размаўлялі. Падчас мерапрыемства быў час для сведчанняў, пытанняў і адказаў, а таксама для дыскусіі ў групах па 10 чалавек. Таксама можна было памаліцца і паспавядацца, а ў вестыбюлі святыні падсілкавацца.
«Катэдральны лагер» праходзіў пад дэвізам: «Не бойся, бо Я з табою» і быў арганізаваны мясцовым камітэтам па падрыхтоўцы СДМ у Сеуле.
У сустрэчы прынялі ўдзел каля 600 маладых людзей, якія напрыканцы выказалі жаданне ўдзельнічаць у падобных мерапрыемствах. У сваім сведчанні адзін з карэйцаў звярнуў увагу на сур’ёзныя выклікі, якія стаяць сёння перад моладдзю. Маладыя людзі дзяліліся гісторыямі пра радасць свайго досведу веры, а таксама пра цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца ў школе ці сярод аднагодкаў.
Адзін з удзельнікаў сустрэчы казаў пра падтрымку, якой многім маладым людзям часта не хапае з боку Касцёла, і пра духоўную «апатыю», якая з гэтага можа паўстаць. «Нам патрэбны новыя, нетрадыцыйныя сацыяльныя мерапрыемствы і добрыя лідары, якія дапамогуць моладзі знайсці сэнс служэння», — сказаў Санг-Вук Лі, падсумоўваючы пачуцці многіх удзельнікаў сустрэчы.
Мітрапаліт Сеула падзякаваў моладзі за ўдзел у сустрэчы і, перш за ўсё, за іх шчырасць, адкрытасць і жаданне падзяліцца сваімі гісторыямі. «Гэта быў каштоўны час, каб пачуць гісторыі з вашага жыцця. Я ўдзячны, што вы прапанавалі гэта нам», — сказаў арцыбіскуп Сун-Тэйк Чунг. Перадаючы моладзі пасланне надзеі, ён працытаваў Папу Францішка: «Бог любіць нас такімі, якія мы ёсць, незалежна ад таго, чаго мы дасягнём або кім станем». Іерарх пажадаў маладым людзям, каб у працэсе падрыхтоўкі да СДМ яны адчулі, што Бог заўсёды з імі: у іх радасцях, смутку і ранах.
«Катэдральны лагер» з’яўляецца першай у серыі ініцыятыў, накіраваных на тое, каб пачуць голас моладзі. Арганізатары падкрэслілі, што гэта падзея дала ўнікальную магчымасць для дыялогу паміж кіраўнікамі Касцёла і будучым пакаленнем. Поспех гэтай ініцыятывы адкрывае шлях да больш інавацыйных і інтэрактыўных сустрэч, якія будуць суправаджаць падрыхтоўку да СДМ у Сеуле ў 2027 г. і душпастырскую працу ў наступныя гады.
Паводле misyjne.pl
пераклад Марыны Ткач
