Каталіцкі Касцёл у Аўстрыі выстаўляе на продаж чарговую святыню

Касцёл у Гіршвангу-ан-дэр-Ракс, Ніжняя Аўстрыя, выстаўлены на продаж. Гэта звязана з нізкай наведвальнасцю і фінансавымі цяжкасцямі ў дыяцэзіі. 9 ліпеня 2025 года, Венская архідыяцэзія абвясціла, што па ўзгадненні з парафіяй Эдлах-ан-дэр-Ракс, мае намер прадаць касцёл у Гіршвангу і парафіяльны дом.

Будынкі ўжо выстаўлены на продаж. Прычынай рашэння з’яўляецца паглыбленне крызісу ў Аўстрыйскім Касцёле. Норберт Манга, мясцовы дыякан, паведаміў, што на кожных 380 католікаў у Эдлах-ан-дэр-Ракс прыпадае пяць касцёлаў у радыусе дзесяці кіламетраў. Іншы мясцовы святар, айцец Хайма Сіттэр, адзначыў, што да нядаўняга часу толькі чатыры-шэсць чалавек наведвалі нядзельныя святыя Імшы ў касцёле ў Гіршвангу.

Паводле слоў прадстаўнікоў Венскай архідыяцэзіі, парафія больш не можа дазволіць сабе высокія выдаткі на рамонт і ўтрыманне будынка. Таму было вырашана выставіць яго на продаж; хоць усё яшчэ існуе магчымасць перадачы будынка іншай хрысціянскай супольнасці.

Паводле ацэнкі эксперта, кошт будынка святыні і былой плябаніі, якая на працягу гэтага часу служыла дзіцячым садком і клубам, складае 240 тысяч еўра. Аднак будынкі тэрмінова патрабуюць рэканструкцыі. У парафіі Эдлаха заявілі, што бакавы неф касцёла — ідэальнае месца для правядзення мастацкіх выстаў, культурных мерапрыемстваў або як прастора для моладзевых праектаў, або дабрачынных мэтаў.

Касцёл прадаецца без якіх-небудзь інвентарызаваных матэрыялаў, твораў мастацтва або літургічных прадметаў. Падчас таргоў зацікаўленыя бакі павінны публічна раскрыць мэтавае выкарыстанне будынка для камерцыйных або прыватных мэтаў.

Касцёл у Хіршванг-ан-дэр-Ракс — гэта не першы выпадак, калі Каталіцкі Касцёл у Аўстрыі прадае нерухомасць. Раней падобны лёс напаткаў барочны касцельна-манастырскі комплекс у Корнойбургу пад Венай, які быў набыты італьянскай дэвелаперскай кампаніяй, і святыню ў Рудольфсхайме-Фюнфхаусе, якая была перададзена праваслаўным.

Касцельныя ўлады не выключаюць магчымасці далейшага продажу маёмасці. Згодна з актуальнай касцельнай статыстыкай, у 2023 годзе Каталіцкі Касцёл у Аўстрыі пакінулі 85 163 чалавекі. За той жа перыяд у Касцёл было прынята толькі 4575 чалавек, а колькасць ахрышчаных склала 39 488.

Касцёл у Еўропе губляе ўсё большую частку сваёй паствы. Нядаўна яна налічвала 4,6 мільёна членаў; дзесяць гадоў таму іх было больш за 5,2 мільёна, а ў 2004 годзе — 5,7 мільёна.

Паводле wiara.pl
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку