Кардынал Жан-Клод Олерыш заклікае Касцёл лепш разумець ролю інтэрнэту і эфектыўней выкарыстоўваць яго для евангелізацыі.
У інтэрв’ю аўстрыйскаму штотыднёвіку «Die Furche» арцыбіскуп Люксембурга падкрэсліў неабходнасць адаптацыі касцельнай камунікацыі ва ўмовах узрастаючай секулярызацыі.
Кардынал адзначыў, што 85% маладых людзей 20-30 гадоў, якія прынялі хрост у Францыі сёлета, знайшлі веру праз інтэрнэт-камунікацыю. «Мы недастаткова прысутнічаем у віртуальным свеце. Недастаткова проста трансліраваць Імшу анлайн», — падкрэсліў ён.
«Мы павінны дайсці да свету, гаварыць мовай людзей і слухаць іх», — сказаў кардынал Олерыш. Ён раскрытыкаваў як «правае крыло» Касцёла, якое канцэнтруецца толькі на захаванні формы, так і «левае», дзе каштоўнасці ўжо не звязаны з Богам.
Нягледзячы на прагноз, што «многія парафіі разваляцца» на працягу наступных дзесяці гадоў, кардынал верыць у будучыню каталіцызму ў Еўропе. Ён таксама аптымістычна ацэньвае працэс сінадальнасці і выступае за большую ролю свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
