Кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін заклікаў да міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы развіцця і адказнага падыходу да штучнага інтэлекту, які павінен служыць чалавеку і паважаць яго годнасць.
23 верасня 2026 года бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца прыняў удзел у дзвюх сустрэчах высокага ўзроўню, якія прайшлі ў межах Генеральнай Асамблеі ААН. Адна з іх была прысвечана саракагоддзю прыняцця Дэкларацыі аб праве на развіццё, а другая – штучнаму інтэлекту і чалавечаму развіццю.
Падчас першай сустрэчы кардынал Паралін нагадаў словы Папы Льва XIV, які напісаў у энцыкліцы “Magnifica humanitas”: “Як для асобаў, так і для народаў развіццё з’яўляецца адначасова абавязкам і правам: патрэбны мінімальныя ўмовы, якія дазволілі б кожнай асобе і народу квітнець годна, без утрымлівання іх у стане залежнасці, без блакады доступу да неабходных дабротаў”.
“Аднак праз сорак гадоў пасля прыняцця Дэкларацыі гэтыя мінімальныя ўмовы па-ранейшаму недаступныя для занадта вялікай колькасці людзей. Беднасць, адсутнасць харчовай бяспекі, канфлікты, змяненне клімату і даўгавы цяжар – сярод перашкод, якія ўскладняюць рэалізацыю права на развіццё”, — заўважыў Дзяржсакратар.
Прадстаўнік Папы заахвоціў да міжнароднага супрацоўніцтва на карысць развіцця, заснаванага на салідарнасці і прызнанні агульнай адказнасці. “Дзяржавы, асабліва тыя, якія сутыкаюцца з найбольш сур’ёзнымі структурнымі праблемамі, павінны мець доступ да фінансавых, тэхналагічных і чалавечых рэсурсаў, неабходных для развіцця сваіх народаў. Такое супрацоўніцтва павінна даваць людзям магчымасць стаць сапраўднымі суб’ектамі ўласнага развіцця”, — дадаў ён.
Падчас сустрэчы, прысвечанай штучнаму інтэлекту і чалавечаму развіццю, кардынал Паралін адзначыў, што тэхналагічны прагрэс заўсёды павінен кіравацца павагай да годнасці чалавека і служыць сапраўднаму чалавечаму развіццю, таму ён патрабуе этычнага кантролю, адказнасці і разумных абмежаванняў.
“Заклік да разважлівасці, строгай ацэнкі і часам нават запаволення тэмпу ўкаранення штучнага інтэлекту не азначае супраціўлення прагрэсу; наадварот, гэта праява адказнага клопату пра чалавечую сям’ю. Патрэба ў ім яшчэ больш актуальная, калі ўлічыць дысбаланс паміж хуткасцю тэхналагічнага росту і больш павольным развіццём свядомасці, нормаў, гарантый і інстытутаў, здольных рэгуляваць яго наступствы. Недастаткова спасылацца на этыку абстрактна: патрэбны надзейныя прававыя рамкі, незалежны кантроль, інфармаваныя карыстальнікі і палітычная сістэма, якая не адмаўляецца ад сваёй адказнасці”, — працытаваў ён словы Папы Льва XIV з энцыклікі “Magnifica humanitas”.
Дзяржсакратар адзначыў, што “стварэнне Глабальнага дыялогу па пытаннях кіравання штучным інтэлектам адлюстроўвае імкненне міжнароднай супольнасці дзейнічаць адказна, штогод абмяркоўваючы сацыяльныя, эканамічныя, этычныя, культурныя, моўныя і тэхнічныя наступствы ШІ”.
Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!