“Любімы Дзіцятка Езус, неўзабаве ты прыйдзеш на Зямлю. Ты хочаш прынесці дзецям радасць. Таксама і мне прынясеш радасць. Я хацеў бы атрымаць Volks—Schott (папулярны ў той час лаціна-нямецкі Імшал – заўв. аўт.), зялёны арнат і Сэрца Езуса. Я заўсёды хачу быць добрым. Сардэчна віншую, Юзаф Ратцынгер” – гэты ліст напісаны напярэдадні Божага Нараджэння захаваўся з часоў дзяцінства Папы Бэнэдыкта XVI як сямейная рэліквія. Будучы малым хлопцам, Пантыфік ужо тады не хацеў нічога болей, толькі быць як мага бліжэй Хрыста і абвяшчаць Яго людзям. У дом Нябеснага Айца папа-эмерыт быў пакліканы на 95-ым годзе жыцця праз тыдзень пасля Раства, атрымаўшы тое, аб чым прасіў.
Прапаведнік любові
Тое, што разважанне над хрысціянскай любоўю і абвяшчэнне яе глыбіні і ўніверсальнасці стане галоўным напрамкам пантыфікату Бэнэдыкта XVI, стала зразумела ў выніку выхаду яго двух энцыклік “Deus caritas est” (“Бог ёсць любоў”) і “Caritas in veritate” (“Любоў у праўдзе”).
У першай Папа адаптуе Біблійнае паняцце любові да сучаснага свету. Ён акцэнтуе на непадзельнасці любові пажадлівай (eros) і любові ахвярнай (agape). Бо без “эраса” любоў выгарыць, не ў стане бясконца даваць, не атрымліваючы. А без “агапэ” яна скаціцца да эгаізму. Святы Айцец пазначыў таксама сучасныя пагрозы для любові – ігнараванне факту, што толькі дзякуючы ёй магчымыя здаровыя адносіны паміж чалавекам, сусветам і Богам; і разуменне любові як чагосьці спантаннага, а не рашэння на ўсё жыццё. Рэалізацыю любові да бліжняга праз Касцёл Пантыфік акрэсліў як ягоную дабрачыннасць, якая не з’яўляецца пабочнай дзейнасцю, але належыць да істоты Касцёла.
У другой энцыкліцы адаптуецца сацыяльная навука Касцёла да выклікаў глабалізацыі. Паводле Папы дасягненне прагрэсу магчыма толькі кіруючыся супольным дабром, а не прыбыткам. А эканоміка без этыкі прывядзе да таго, што людзі страцяць здольнасць імкнуцца да “вышэйшых дабротаў” і прымаць бескарыслівыя ініцыятывы.
Заснавальнік эка-трэнда
Хоць адной з галоўных рысаў актуальнага Пантыфікату з’яўляецца клопат пра экалогію, ініцыятарам першых экалагічных зменаў у Ватыкане стаў менавіта Папа Бэнэдыкт XVI. З яго падачы ў Апостальскай сталіцы былі ўстаноўлены сонечныя калектары, заменены на энергазберагальныя электрычныя прыборы, а сам ён пачаў пісаць праэкалагічную энцыкліку. Дапрацоўваў паспяховую і папулярную “Laudato si`” ужо Папа Францішак, але выданнем энцыклікі займаліся абодва іерархі: Папа і Папа-эмерыт.
Дзеяч на карысць экуменізму і спакою
1-ая ў гісторыі супольная дэкларацыя на тэму працягу каталіцка-праваслаўнага дыялогу была падпісана Папам Бэнэдыктам XVI і Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем I у Турцыі ў 2006 годзе. Адным з асноўных акцэнтаў дэкларацыі стала згадка пра тое, што яшчэ выкарыстаны далёка не ўсе магчымасці для дасягнення поўнага адзінства Касцёла. Акрамя экуменічнай сустрэчы з праваслаўным патрыярхам Бэнэдыкт XVI узмацніў сваім візітам невялічкую мясцовую каталіцкую супольнасць, а таксама сустрэўся з ісламскім светам, узносячы малітву да Бога Айца ў Блакітнай Мячэці ў Стамбуле.
Працягам міжрэлігійнага дыялогу стаў Сінод Біскупаў для Блізкага Усходу, які Папа Бэнэдыкт XVI склікаў у 2011 годзе. У ім удзельнічалі як каталіцкія іерархі, так і дэлегаты з іншых хрысціянскіх канфесій, і прадстаўнікі юдаізму і ісламу. Цэнтральная тэма, якая была закранута падчас Сіноду – пераслед веруючых у Хрыста ў гэтым рэгіёне і іх эміграцыя з зямель, якія з’яўляюцца калыскай хрысціянства. У Пантыфіка атрымалася пабудаваць масты з “высокімі” прадстаўнікамі мусульман, якія засведчылі, што ад’езд хрысціян з Блізкага Усходу збядняе арабскую адметнасць, яе культуру і аўтэнтычнасць, а захаванне іх прысутнасці ў рэгіёне з’яўляецца абавязкам паслядоўнікаў абедзвюх рэлігій.
У тым жа годзе з ініцыятывы Бэнэдыкта XVI у Асізі адбыўся Дзень разважання, дыялога і малітвы за мір і справядлівасць. На запрашэнне Пантыфіка ўдзел у сустрэчы прынялі дэлегаты ад 31-ой хрысціянскай Царквы, 12-ці рэлігій і (упершыню ў падобным мерапрыемстве) агностыкі, адкрытыя на дыялог з вернікамі. Са свайго боку Папа перш за ўсё асцерагаў перад успрыняццем рэлігіі як крыніцы апраўдання насілля і вайны. У выніку ўдзельнікі сустрэчы прынялі 12 абавязацельстваў па спрыянню міру ў свеце.
Парушальнік маўчання ў справе педафіліі ў Касцёле
Кардынал Юзаф Рацынгер паклаў пачатак дзейнасці пад лозунгам “Нуль талерантнасці” сексуальным злоўжыванням у Касцёле. А як Папа Бэнэдыкт XVI ён пайшоў далей, адмяняючы няпісанае правіла “грахі Касцёла застаюцца ўнутры Касцёла”, якое прывяло да ўтойвання гэтых злоўжыванняў. Падчас яго Пантыфікату быў створаны механізм, што павінен выпрацоўваць інструкцыі для кожнай дыяцэзіі на выпадак, калі стане вядома пра сексуальныя злачынствы. Сам Святы Айцец толькі ў 2011-2012 гадах адхіліў ад служэння 400 святароў за жорсткае абыходжанне з дзецьмі і шматразова асабіста сустракаўся з ахвярамі гвалту. Ён скіраваў ліст да католікаў Ірландыі, дзе справы пра сексуальныя дамаганні з боку духавенства былі асабліва гучныя, заклікаючы мясцовых біскупаў і святароў да гадавой пакуты за грэх педафіліі, заахвочваючы вернікаў да малітоўнай падтрымкі духавенства і паведамляючы пра наведванне гэтай краіны спецыяльнай ватыканскай камісіяй. Падчас сімпозіуму на тэму сексуальных злоўжыванняў у Касцёле Папа акцэнтаваў на пазітыўным супрацоўніцтве са СМІ і комплекснай барацьбе з педафіліяй. На Радзіме Пантыфіка ў Германіі таксама з яго ініцыятывы распачаў дзейнасць “Цэнтр Аховы дзяцей”.
Нягледзячы на ўсе намаганні Бэнэдыкта XVI, ён часта падвяргаўся крытыцы за недастатковасць дзеянняў у барацьбе з педафіліяй. Апошняе з абвінавачванняў тычыцца перыяду яго служэння як Мюнхенскага арцыбіскупа і надання перавагі вырашаць крызісныя пытанні “ўнутрыкасцельным” шляхам. Аднак ніхто не зможа адмяніць тое, што менавіта Бэнэдыкту XVI хапіла інтэлігенцыі, каб зразумець свае памылкі і цалкам змяніць курс дзейнасці. Толькі яму хапіла адвагі, каб узяць на сябе адказнасць за ўсё зло, якое мае месца ў Касцёле і працягваць раз за разам уздымаць балючыя пытанні нягледзячы на хвалі асуджэння.
“Пераслед Касцёла паходзіць сёння не звонку, але ўзнікае ў выніку граху, якім з’яўляюцца сексуальныя злоўжыванні духавенства адносна непаўналетніх, — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, накіроўваючыся з пілігрымкай у Партугалію ў 2016 годзе, – у справах педафіліі прабачэнне не можа замяніць здзяйснення справядлівасці”.
Непрагнучы ўлады
Бэнэдыкт XVI ізноў адрозніўся вялікай адвагай, гэтым разам прызнаўшыся ў сваёй слабасці. Праз 7 гадоў і 10 месяцаў пасля выбрання на пасаду святога Пятра ён свядома адмовіўся ад працягвання служэння ў якасці Пантыфіка, растлумачыўшы сваё рашэнне сталым векам (86 гадоў) і стратай сілаў. Аб’ява Бэнэдыкта выклікала шок не толькі ў Касцельнай, але і ў свецкай сусветнай супольнасці. Ён стаў першым за апошнія 600 гадоў Папам, які выракся сваёй пасады. Яго пераемнік Папа Францішак адзначыў, што сваім рашэннем Бэнэдыкт XVI “адкрыў дзверы” такой магчымасці, засведчыўшы, што Папа Рымскі гэта таксама чалавек, а не “звышчалавек”, надзелены дагматамі беспамылковасці.
Апошнія гады свайго жыцця Папа-эмерыт пажадаў правесці “схаваны ад усяго свету”, перамясціўшыся ў кляштар Mater Ecclesia у Ватыканскіх садах. Перад смерцю ён проста, нібы той маленькі хлопец, які піша ліст да Хрыста, прамовіў на італьянскай тры апошнія словы: “Пане, я люблю цябе”.
Цікавосткі
- Бэнэдыкт XVI сказаў пра сваё абранне Папам: „Падчас канклаву я горача маліўся Богу, каб мяне не выбралі. Гэтым разам Ён мяне не паслухаў”.
- Ён быў Папам з самым сталым узростам на момант свайго абрання за апошнія 275 гадоў — яму было 78.
- Ён узяў імя Бэнэдыкт XVI у сувязі з пантыфікатам Бэнэдыкта XV, які імкнуўся да міру падчас Першай сусветнай вайны, а таксама ў сувязі з асобай св. Бэнэдыкта, які спрычыніўся да пабудовы хрысціянскай ідэнтычнасці Еўропы.
- Папа-эмерыт быў паліглотам. Акрамя роднай нямецкай ён свабодна валодаў французскай, англійскай, іспанскай, лацінскай і італьянскай мовамі, а таксама свабодна чытаў на старажытнагрэчаскай і іўрыце.
- Бэнэдыкт XVI належаў да ліку самых выбітных сучасных тэолагаў. Яго называлі “Папам слова”.
Ангеліна Марцішэўская
