Кардынал Нікалс пра выбар Льва XIV
Важную ролю ў абранні новага Пантыфіка адыграла геаграфічная разнастайнасць Калегіі кардыналаў. Гэта падкрэсліў арцыбіскуп Вэстмінстэрскі кардынал Вінсэнт Нікалс у сваім артыкуле для брытанскага выдання «Catholic Herald», дзелячыся ўражаннямі ад нядаўняга канклава.
«Так як жадаў Францішак, перыферыі, у дачыненні да якіх ён адчуваў сябе абавязаным, былі добра прадстаўлены», — адзначыў кардынал Нікалс. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на «геаграфічную разнастайнасць»: 133 кардыналы-выбаршчыкі, якія знаходзіліся ў Сікстынскай капэле, паходзілі з пяці кантынентаў і больш чым 70 краін.
Англійскі іерарх з палёгкай адзначыў, што сапраўдны канклаў зусім не нагадваў фільм «Канклаў». Падчас выбараў не было ніякіх сварак ці палітычных інтрыг. Ніхто не спрабаваў прасоўваць сябе ці блакаваць каго-небудзь іншага.
«На самай справе гэты час быў сапраўды напоўнены момантамі братэрскай еднасці і малітоўнага распазнання», — падкрэсліў кардынал Нікалс. Ён таксама адзначыў, што ізаляцыя ад знешняга свету выконвалася з усёй строгасцю: «Я мусіў не толькі абысціся без мабільнага тэлефона і ўсіх іншых электронных прылад – нават мая электрычная зубная шчотка была хутка праверана адпаведнымі службоўцамі. Ніхто не хацеў нічым рызыкаваць».
Кардынал Нікалс выказаў вялікае задавальненне новым Папам. Льва XIV, які нарадзіўся і вырас у Чыкага, але правёў больш за 20 гадоў як місіянер і біскуп у Перу, ён назваў «грамадзянінам свету».
Арцыбіскуп Вэстмінстэрскі падкрэсліў, што Леў XIV спалучае шмат талентаў і прыносіць на сваю пасаду велізарную колькасць досведу. «Ён мае таксама вельмі мяккі характар – і хоць мысліць ясна і ўмее быць рашучым, я бачыў, як ён вырашае цяжкасці, не пакідаючы ворагаў ззаду», — працягваў кардынал.
Паводле слоў Нікалса, першыя дні пантыфікату паказалі, што Леў XIV успрымае сваю пасаду як служэнне: «Годнасць чалавечай асобы, сувязі паміж людзьмі, фундамент веры ў Хрыста, які падтрымлівае нашае агульнае жыццё – усё гэта знаходзіцца ў яго спісе прыярытэтаў», — падсумаваў арцыбіскуп Вэстмінстэрскі ў сваім артыкуле для «Catholic Herald».
Філіпінскі кардынал пра хвіліны, што папярэднічалі беламу дыму
66-гадовы біскуп Калаакана кардынал Пабла Віргіліё Сіёнгка Давід распавёў пра незабыўныя хвіліны абрання кардынала Роберта Прэвоста Наступнікам апостала Пятра.
“Прэвост сядзеў на сваім месцы, а ўсе мы з энтузіязмам прынялі яго словы, калі ён атрымаў дзве траціны галасоў”, – напісаў філіпінскі кардынал у сваім профілі на Facebook 8 мая – у дзень абрання Папы Льва XIV. Перш чым аднавіўся падлік галасоў, на працягу амаль пяці хвілін працягваліся апладысменты 132 кардыналаў: “Усе позіркі былі скіраваны на яго… Прэвост, Прэвост, Прэвост, Прэвост…”. На заканчэнне ізноў былі авацыі, а ён “нахмурыўся і глыбока пасаджанымі вачыма” абводзіў прысутных у зале.
Калі да кардынала Прэвоста было скіравана пытанне, ці згодны ён прыняць намінацыю, іерархі ізноў скіравалі на яго напружаныя позіркі. “Я амаль пачуў калектыўны заклік Калегіі кардыналаў: “Калі ласка, не кажы “не”…”, – адзначыў у сваіх успамінах кардынал Пабла Давід. – Якая была радасць пачуць: Accepto – “Прымаю”.
Карткі з галасамі адразу ж былі спалены ў печы Сікстынскай капэлы, з коміна падняўся белы дым, а натоўп на плошчы Святога Пятра выбухнуў апладысментамі. “Калі я зноў на яго паглядзеў, Прэвост ужо знік”. Паводле традыцыі, вядучы цырымоніі суправадзіў яго да так званага пакою Слёзаў, адкуль кардынал Прэвост выйшаў ужо ў белым. Іерархі ізноў сустрэлі яго апладысментамі.
Як прызнаўся ў сваёй публікацыі філіпінскі кардынал, перад канклавам ён думаў, што трэба быць вар’ятам, каб хацець стаць Папам. “Улічваючы велізарную адказнасць, якая чакаецца ад Біскупа Рыма, вярхоўнага Пантыфіка паўсюднага Касцёла, кіраўніка Дзяржавы-горада Ватыкан і Рымскай курыі, а таксама шэфа адміністрацыі касцёльнай маёмасці па ўсім свеце, ці не шукалі мы ў нейкім сэнсе звышчалавека?” – задаўся рытарычным пытаннем кардынал-выбаршчык з Філіпін.
Паводле беларускай рэдакцыі Vatican News
