Раніцай 4 красавіка 2019 года ва урочышчы Курапаты пад Мінскам, у месцы загубы ахвяр палітычных рэпрэсій у 1930–1940-я гады, пачаўся дэмантаж і вываз крыжоў, якія былі ўсталяваныя грамадскасцю на працягу некалькіх гадоў. Дагэтуль невядома мэта гэтага… акту.
Крыж для хрысціянаў з’яўляецца святым сімвалам пакуты і збаўчай смерці Госпада нашага Ісуса Хрыста. Для усіх людзей абсягу хрысціянскай цывілізацыі крыж з’яўляецца сімвалам памяці памерлых, асабліва тых, якія памерлі ад несправядлівага насілля.
Курапаты – гэта месца памяці пацярпелых людзей усіх нацыянальнасцей і рэлігій, месца болю для многіх беларускіх грамадзянаў, продкі якіх пацярпелі ад жахлівых і несправядлівых сталінскіх рэпрэсій ў першай палове ХХ стагоддзя. Важнасць гэтага памятнага месца адзначана беларускай дзяржавай, якая уключыла гэта месца ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей пад катэгорыяй 1, якая надае помніку міжнароднае значэнне.
У сувязі са зносам крыжоў, усталяваных грамадскасцю ва ўрочышчы Курапаты, мы поўнасцю салідарны з Заявай Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які між іншымі напісаў:
“Заклікаю адказных за знос крыжоў тэрмінова спыніць гэтыя дзеянні і шляхам дыялогу розных палітычных і грамадскіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў распачаць працэс урэгулявання сітуацыі”.
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) блаславіў вернікаў, якія праз строгі пост ў пятніцу 5 красавіка, праз малітву і праз руплівае пакланенне Крыжу Хрыстоваму ў бліжэйшыя дні, уключна з нядзеляй 7 красавіка, бачаць абавязак перапрасіць Бога за гэты блюзнерчы акт зносу крыжоў у Курапатах.
Прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі
svjazep.org
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!