Калекцыянер беларускай Бібліі: я раблю пераклады даступнымі кожнаму

Сяргей Шобік – стваральнік анлайн-праектаў па вывучэнні Бібліі: bible.by і biblia.by.

Сяргей Шобік з Жодзіна атрымаў дыплом сталяра, доўга працаваў фатографам, пасля самастойна асвоіў асновы праграмавання і ў выніку знайшоў працу, якая яму па душы. Мужчына стварыў анлайн-праекты па вывучэнні Бібліі: рускамоўны bible.by і беларускамоўны biblia.by. На апошнім ён публікуе пераклады Святога Пісання на родную мову, сярод якіх трапляюцца сапраўдныя пярліны.

Сяргей, з чаго нарадзілася Вашае захапленне калекцыянаваннем тэкстаў Бібліі? 

– На пачатку развіцця рускамоўнай платформы большасць тэкстаў складалі сканы, а яны заўсёды маюць недахопы. І часам для таго, каб зразумець, ці то памылка ў перакладзе, ці то дрэнна зроблены скан, неабходна мець арыгінал выдання. Так паступова пачала расці мая бібліятэка. Аднойчы я натрапіў на аб’яву аб продажы першага сінадальнага перакладу Біблії з 1876 года (пераклад на рускую мову, выкананы ў XIX ст. па загадзе Свяцейшага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы – заўв. аўт.). Набыў, і адпаведна стала прасцей “нанізваць” на яго іншыя выданні. Затым я пачаў цікавіцца версіямі на беларускай мове. Гэта перарасло ў спартыўны інтарэс: нібы рыбак, сяджу над лункай, і выглядваю чарговы ўлоў.

На сайце апублікавана каля 20-ці перакладаў Святога Пісання на беларускую мову, і колькасць павялічваецца. Адкуль бярэцца неабходнасць чарговых тэкстаў?

– Аднаго перакладу заўсёды мала. Калі імкнешся глыбей пагрузіцца ў Слова Божае, хочацца параўнаць тлумачэнні, зразумець, чаму той ці іншы перакладчык абраў пэўны выраз. Гэта абагачае пазнанне Бібліі.

Разам з тым сёння існуе тэндэнцыя лічыць пераклад добрым у тым выпадку, калі гэта калектыўная праца. Таму, напрыклад, за тлумачэнне ў Каталіцкім Касцёле адказвае ККББ. І ў Праваслаўнай Царкве існуе адпаведны камітэт. Гэта лагічна, бо пераклад, зроблены адным чалавекам, – суб’ектыўная праца.

Калі казаць пра спецыфіку перакладаў на беларускую мову, то поўных тлумачэнняў Бібліі ўсяго чатыры, якія маюць свае плюсы і мінусы. Астатнія – гэта пераклады паасобных тэкстаў са Святога Пісання. Напрыклад, “Кнігі Псальмаў”.

Сапраўды, у сабраных Вамі перакладах Кніга Псальмаў сустракаецца не адзін раз. Хаця, здаецца, паэтычныя творы перакласці найбольш складана…

– Я думаю, прычына ў тым, што Псальмы ўспрымаюцца як узор для малітвы. Калі, напрыклад, пратэстанты часцей звяртаюцца да Бога ўласнымі словамі, то ў Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквах папулярныя гатовыя тэксты, адзін з якіх і ёсць Псальмы. Таму вернікі і імкнуцца да гэтай Кнігі: з аднаго боку, прыгожая хвала Богу, з другога – адлюстраванне добрага малітоўнага жыцця.

Не маглі б Вы распавесці пра людзей, якія сталі першапраходцамі ў перакладзе Бібліі на беларускую мову? Якім быў іх сацыяльны фон?

– У большасці гэта праваслаўныя, пратэстанцкія і каталіцкія святары. З апошніх, напрыклад, кс. Уладзіслаў Чарняўскі, які перакладаў, абапіраючыся на Вульгату (афіцыйны пераклад на лацінскую мову – заўв. аўт.).

Адным з самых першых перакладаў Бібліі на беларускую мову з’яўляецца праца мовазнаўцы і гісторыка Янкі Станкевіча, які выдаў яе ў 1973 годзе ў эміграцыі ў ЗША. Але ён меў даволі спецыфічны погляд на беларускую мову. Нават калі адкрываеш ягоную Біблію, там пазначана, што гэта варыянт на вялікалітоўскай мове. Перавага перакладу Станкевіча ў тым, што ён зрабіў яго з арыгінала. Менавіта такі падыход лічыцца найлепшым у біблістыцы.

Найбольш папулярным стаў пераклад Васіля Сёмухі. Ужо падчас адлігі ён увайшоў у склад Біблейскай камісіі БПЦ па перакладзе Свяшчэннага Пісання і богаслужэння на беларускую мову. Гэта было першае поўнае тлумачэнне Бібліі, даступнае ў Беларусі, і разыходзілася яно як “гарачыя піражкі”. Сёмуха зрабіў пераклад не з арыгінальных габрэйскага ці грэцкага, але з сінадальнага варыянта. У гэтым была логіка, таму што асноўная частка рускамоўнага насельніцтва Беларусі была знаёмая з сінадальным перакладам, ён падаваўся блізкім і зразумелым. Тым не менш, праца Сёмухі мае недасканаласці. Вось адзін з наглядных прыкладаў: “А пасьля ўсіх зьявіўся і мне, як нейкаму вылюдку” (1 Кар. 15:8). Рускае слова “изверг” Сёмуха пераклаў як “вылюдак”, што для сучаснага чытача азначае бязлітаснага чалавека. Аднак у сінадальным варыянце, азіраючыся на царкоўнаславянскую мову, “изверг” азначае “дзіця”, якое выйшла з улоння маці раней за тэрмін. Напрыклад, у перакладзе Новага Запавету, зробленым Касцёлам у 2017 годзе, захавана правільнае значэнне – неданошаны плод. Бо працавалі з арыгіналам.

Сярод перакладчыкаў можна вылучыць таксама пісьменніка і аўтара знакамітага беларускага буквара Анатоля Клышку.

Ці можна сказаць, што гісторыя перакладаў Бібліі на беларускую мову гэта як летапіс барацьбы за беларускую ідэнтычнасць?

– Існуе меркаванне, што нацыя сфармавалася тады, калі мае тэкст Святога Пісання на сваёй мове. Таму, зразумела, пераклад Бібліі на родную мову – гэтая вялікі ўклад у развіццё народнасці. Аднак, мне падаецца, што асноўны рухавік – гэта жаданне евангелізаваць на зразумелай чалавеку мове. У першую чаргу мы – грамадзяне Неба, і галоўная мэта перакладаў – пашыраць гэтае Валадарства.

У калекцыі спадара Шобіка ёсць рэдкія асобнікі перакладаў Бібліі, зробленых кс. Пятром Татарыновічам і кс. Вінцэнтам Гадлеўскім.

Папа Бэнэдыкт XVI адзначаў, што пераклад Бібліі гэта не проста транскрыпцыя арыгінальных тэкстаў, але іх адаптацыя да культурнага кантэксту. Ці сустракалі Вы ў сабраных перакладах адсылкі, напрыклад, да беларускага фальклору?

– Адзінае, пра што я падумаў, гэта вельмі своеасаблівы пераклад, зроблены спадаром Фёдарам Клімчуком. Ён жыў на Палессі, дзе часта размаўляюць на мяшанцы беларускай, рускай і ўкраінскай моваў, – мясцовая спецыфіка. Нават у кніжцы аўтара напісана: “Пераклад на заходнепалескую гаворку”. І далей ён пазначае, што гэта пераклад на гаворку ягонай вёскі.

Ці ёсць у Вас любімы асобнік беларускай Бібліі? Якая гісторыя з ім звязаная?

– З таго, што максімальна дорага майму сэрцу, – гэта праца пратэстанцкага прапаведніка Дзекуць-Малея, які зрабіў пераклад Новага Запавету разам з Антонам Луцкевічам (ключавы дзеяч беларускага нацыянальнага руху – заўв. аўт.). Першае іх выданне выйшла ў 1931 годзе, амаль сто гадоў назад. І я знайшоў аб’яву, што хтосьці яго прадае. Набыў. Фарзац крыху абарваны – не было відаць, каму падпісаны асобнік. Аднак рэшта тэксту захавалася: “Ад перакладчыка. Вільня, 13 лістапада 1931 года”. Калі параўноўвалі почыркі, аказалася, што гэты надпіс зроблены Антонам Луцкевічам.

На што Вы “палюеце” цяпер?

– Ізноў жа, калі вяртацца да Дзекуць-Малея і Луцкевіча… Перад тым, як выдаць Новы Запавет, яны зрабілі пераклад Евангелля і выдалі яго чатырма асобнымі брашурамі. Дзве я маю – ад Лукі і ад Марка. Евангелле ад Мацвея – колькі ні пытаўся, ніхто не бачыў. Ведаю, што ёсць перавыданне Евангелля ад Яна з 1973 года. Аднак брашуры звычайна рэдка захоўваюцца ў адрозненне ад кніг. Таксама шукаю перавыданне перакладу кс. Вінцэнта Гадлеўскага, зробленае “Выдавецтвам Гродзенскай Дыяцэзіі” ў 1998 годзе.

– Вы маеце планы, як далей развіваць анлайн-рэсурс з беларускімі перакладамі?

– Ужо ідзе праца над падрадковым перакладам Бібліі. Гэта фармат тэксту, калі пад грэцкім словам адразу стаіць беларускае. Хочам дадаць таксама спасылкі на грэцкі слоўнік. Напрыклад, у рускамоўных крыніцах такія пераклады ёсць. А вось на беларускай мове няма. Гэта вялікі праект, над якім працуе некалькі чалавек. Вельмі спадзяюся, што да канца года мы яго завяршым.

Ангеліна Марцішэўская

для друку для друку