Прысутнасць у лічбавым свеце — гэта ўжо не выбар, а місія. Міжнародны вэбінар з удзелам экспертаў і тэолагаў разгледзеў, як сацыяльныя сеткі трансфармуюцца ў сучасны «адкрыты кляштар».
Адмаўляючыся ад фармату «інтэрнэт-тэлебачання» на карысць жывога дыялогу, рэлігійныя супольнасці шукаюць новыя спосабы суправаджэння моладзі ў распазнанні свайго паклікання, падкрэсліваючы, што ў прасторы, дзе дамінуюць алгарытмы, сапраўднасць сведчання застаецца вырашальнай.
Напрыканцы лютага бягучага года адбыўся міжнародны вэбінар для фарматараў духавенства і кансэкраваных асоб, а таксама для тых, хто займаецца душпастырствам пакліканняў. Ён меў назву «Сацыяльныя сеткі і садзейнічанне пакліканням: сведчанне і супольнасць у лічбавым свеце». Анлайн-мерапрыемства сабрала 548 удзельнікаў з розных куткоў свету.
Вэбінар быў арганізаваны Multimedia International, міжнароднай каталіцкай арганізацыяй, якая распаўсюджвае лічбавы кантэнт, у супрацоўніцтве з Міжнародным саюзам генеральных настаяцеляў (UISG) і Саюзам генеральных настаяцеляў (USG). Яго мэтай было прадставіць даследаванне аб тым, як сацыяльныя сеткі могуць стаць сапраўднай прасторай сведчання, суправаджэння і супольнасці. Сёння прысутнасць у інтэрнэце — гэта прастора сустрэчы. Прысутнасць у сацыяльных сетках азначае быць там, дзе моладзь шукае, задае пытанні. Менавіта там яны будуюць адносіны, выказваюць сумневы і адкрываюць новыя гарызонты.
«Віртуальнае — рэальнае»
Даклад аб сацыяльных сетках прадставіў Рафаэле Бушэмі, прафесійны журналіст, кіраўнік камунікацый прэлатуры «Opus Dei» з 2017 года і выкладчык Папскага ўніверсітэта Святога Крыжа. Бушэмі пачаў з трох фундаментальных тэзісаў: «Віртуальнае — рэальнае. Прыгажосць — рэальная. Не інструмент робіць нешта рэальным, а чалавек і намер, які стаіць за ім».
Абвяргаючы меркаванне аб тым, што лічбавыя сустрэчы менш аўтэнтычныя, чым асабістыя, ён настойваў на тым, што рэальнасць вызначаецца не сродкам камунікацыі, а сапраўднасцю чалавека. Ён заклікаў рэлігійныя супольнасці выразна вызначыць свае намеры перад тым, як выходзіць у інтэрнэт прастору: «Перад тым, як адкрыць акаўнты ў Instagram, TikTok, Facebook ці дзе-небудзь яшчэ, мы павінны спытаць сябе: што я хачу рабіць у інтэрнэце? Чаго я хачу дасягнуць? Да каго я хачу дастукацца?»
Спікер папярэдзіў аб невыразных мэтах, такіх як «ахапіць усіх» або проста «евангелізаваць», падкрэсліўшы неабходнасць вызначэння канкрэтнай аўдыторыі і мэты. Бушэмі таксама падкрэсліў, што ўзаемадзеянне з’яўляецца важным кампанентам сацыяльных сетак: «Сацыяльныя сеткі — гэта не тэлебачанне». Калі хтосьці публікуе кантэнт, не рэагуючы на аўдыторыю і не ўзаемадзейнічаючы з ёй, ён рызыкуе «зрабіць тэлебачанне ў інтэрнэце», страціўшы дыялагічны патэнцыял лічбавых платформаў. Адносна пакліканняў Рафаэле Бушэмі зрабіў выразнае адрозненне: «Я не веру, што ёсць пакліканні, якія «нараджаюцца ў лічбавым асяроддзі». Пакліканне паходзіць ад Бога. Сацыяльныя сеткі могуць быць першым кантактам, першым аб’яўленнем. Але пакліканне выспявае ў супольнасці».
Сацыяльныя сеткі як месца місіі
Сястра Амелі Жарус з супольнасці Святога Сэрца Езуса, падзялілася вопытам каманды па камунікацыях сваёй правінцыі (Бельгія-Францыя-Нідэрланды). Успамінаючы доўгі працэс разважання перад выхадам у інтэрнэт, яна адзначыла: «З самага пачатку мы пыталіся ў сябе: «чым мы хочам, а чым не хочам жыць у гэтых сетках?» .
Сёстры не хацелі «паддацца спакусе прыцягнення» або прадстаўляць ідэалізаваны ці штучны вобраз сваёй супольнасці. Для іх сацыяльныя сеткі — гэта не самарэклама: «Мы настойвалі на адным: быць у сацыяльных сетках — гэта не прадаваць сябе; гэта месца місіі». Яна адзначыла, што моладзь ужо задае свае пытанні аб распазнанні пакліканняў у інтэрнэце, і манаскія супольнасці пакліканы суправаджаць іх там з сапраўднасцю.
«Адкрыты кляштар» на лічбавым кантыненце
Брат Давід Хесус Веласкес Кардона OFM Conv, нацыянальны пастыр пакліканняў у Калумбіі, апісаў сацыяльныя сеткі як магчымасць пашырыць францысканскае братэрства ў лічбавую сферу. Ён патлумачыў: «Мы хочам, каб наша анлайн-прысутнасць была вядомай як прысутнасць братоў». Францысканец назваў лічбавыя платформы «своеасаблівым «адкрытым кляштарам» — прасторай, дзе радасць Евангелля можа дасягнуць людзей, якія шукаюць сэнсу, суцяшэння і братэрства».
Ён падкрэсліў, што іх камунікацыя ўкаранілася ў паўсядзённае жыццё: «Мы ў інтэрнэце, не для таго, каб нас «бачылі», а каб служыць». Праз Instagram, Facebook, YouTube і WhatsApp яны падтрымліваюць першы кантакт, які пазней можа перарасці ў асабістае суправаджэнне і шлях паклікання.
Прызнанне супольнасцю і лічбавая разважлівасць
Сёстры Марта Арычы і Аніта Сберна з Кангрэгацыі Сясцёр Работніц Святога Дома ў Назарэце падзяліліся падыходам сваёй супольнасці. Яны апісалі імкненне «быць побач з людзьмі, быць часткай таго, чым яны жывуць, дзяліцца тым, што жыве ў нас, і, у рэшце рэшт, дзяліцца Евангеллем».
Сёстры вырашылі весці старонкі супольнасці, а не засяроджвацца на камунікацыі з адным чалавекам: «Мы не хочам станавіцца «тэлебачаннем у інтэрнэце» або будаваць гісторыю вакол аднаго чалавека». Увесь кантэнт праходзіць сумесную праверку перад публікацыяй, каб захаваць цэласнасць і пазбегнуць непатрэбных рызык. Яны таксама прызналі абмежаванні і небяспекі сацыяльных сетак: празмернае паглынанне часу, рызыка празмернай адкрытасці і спакуса шукаць задавальнення праз лайкі і бачнасць.
Сапраўднае сведчанне ў лічбавым свеце
На працягу ўсяго вебінара прасочвалася агульнае меркаванне: сацыяльныя сеткі павінны быць прасторай сапраўднасці, даверу і супольнасці. Як сцвярджае Бушэмі: «Будзьце прысутнымі ў інтэрнэце. Будзьце сапраўднымі. Будзьце надзейнымі. Будзьце адкрытымі для дыялогу. Будзьце свядомымі ў сваіх намерах».
У часы заняпаду пакліканняў Касцёл сутыкаецца з заклікам не проста займаць лічбавыя прасторы, але жыць імі як месцамі місіі, дзе можна сустрэць Евангелле, атрымаць адказы на пытанні і далікатна суправаджаць на шляху распазнання паклікання.
Паводле Vatican News
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!