Папа мае рацыю, калі кажа, што, як Касцёл і тэолагі, мы не можам пагадзіцца на рэлятывізацыю сям’і, на тое, што хрысціянская канцэпцыя – гэта адна са шматлікіх альтэрнатыў, — заўважыў ксёндз Джылфрэда Марэнга.
Эксперт у пытаннях сям’і кс. Джылфрэда Марэнга пракаментаваў словы Францішка падчас нядаўняй аўдыенцыі для чальцоў Папскага тэалагічнага інстытута навук аб сужэнстве і сям’і імя Яна Паўла ІІ.
Пантыфік перасцярог ад ідэалогій, якія пагражаюць сям’і. Папа зрабіў гэту рэмарку адступаючы ад раней падрыхтаванага тэксту, у якім падводзіў вынікі пяці гадоў абноўленай дзейнасці інстытута. Ён падкрэсліў, што ў асяроддзе Касцёла пракрадаюцца тэорыі, якія тлумачаць або нават ствараюць вобраз сям’і з ідэалагічнага пункту гледжання. Гэта – дэструктыўна. Сям’я ж – гэта мужчына і жанчына, якія любяць адно аднаго і нараджаюць патомства.
Святар, які з’яўляецца віцэ-старшынёй Папскага інстытута, нагадаў, што для Папы Францішка рэальнасць заўсёды важнейшая за ідэю. Гэта адзін з асноўных прынцыпаў яго вучэння, які ён прымяняе таксама да сужэнства і сям’і.
“Святы Айцец выпраўляе часам наіўны падыход Касцёла, душпастыраў ці тэалогіі, калі мы прымаем, што ёсць шмат розных мадэляў сям’і, і наша мадэль таксама існуе сярод іх”, — звярнуў увагу эксперт.
Калі мы згаджаемся на такую “гульню”, на такі падыход, “зводзім хрысціянскую канцэпцыю да адной са шматлікіх альтэрнатыў, які можна выбраць на рынку ідэй”, а гэта, у канчатковым рахунку, ускладняе нам задачу казаць праўду нашым сем’ям. Менавіта таму “Папа хоча, каб мы былі свабоднымі ад гэтага абсалютнага рэлятывізму, які з’яўляецца недапушчальным”, — падкрэсліў ксёндз Марэнга.
Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!