Штогадовая Чырвоная Імша ў Вашынгтоне, якая праводзіцца ў саборы Святога апостала Мацвея, сабрала больш за тысячу чалавек, у тым ліку суддзяў Вярхоўнага суда, дзяржаўных чыноўнікаў. Святая Імша традыцыйна адкрывае новы год працы Вярхоўнага суда ЗША.
«Архітэктары надзеі»
«Пошук мудрасці Святога Духа дапаможа людзям поўнай меры выкарыстаць свой патэнцыял у працы і ў выкананні сваіх абавязкаў», — сказаў мітрапаліт архідыяцэзій ваенных службаў ЗША ў сваёй пропаведзі. Ён заклікаў людзей будаваць грамадства, заснаванае на сумленнасці, згодзе і клопаце пра агульнае дабро.
Арцыбіскуп Брольё звярнуў асаблівую ўвагу на адказнасць юрыстаў, суддзяў і дзяржаўных служачых. Ён заклікаў іх, каб любоў да бліжняга і братэрства фармавалі іх імкненне да справядлівасці. Ён назваў іх «архітэктарамі надзеі»
Іерарх таксама нагадаў пра важнасць Канстытуцыі і грамадзянскіх правоў. Ён падкрэсліў, што кожны чалавек, нават «самы сціплы і нізкапастаўлены грамадзянін», павінен мець доступ да правасуддзя.
Касцёл і пытанне мігрантаў
У гаміліі арцыбіскуп таксама казаў пра мігрантаў і бежанцаў. Ён адзначыў, што як мінулыя, так і цяперашнія мігранты ўнеслі свой уклад у будаўніцтва Злучаных Штатаў.
Спасылаючыся на першую энцыкліку Папы Льва XIV «Magnifica Humanitas», ён заявіў, што абыходжанне з мігрантамі, бежанцамі і тымі, хто вымушаны пакінуць свае дамы, паказвае, ці вынікае справядлівасць са страху ці з духу братэрства. Магчыма, калі б больш з нас скіравалі свае думкі да міру, мы б адкрылі і развілі больш грамадзянскую супольнасць і навучыліся б жыць у згодзе з нашымі суседзямі, сказаў арцыбіскуп Брольё.
Чырвоная св. Імша ў Вашынгтоне
Сёлетняя цырымонія была 74-й штогадовай Чырвонай Імшой у сталіцы ЗША. Яе арганізуе Таварыства Джона Кэрала. Падобныя Літургіі праводзяцца, сярод іншага, у Рыме, Парыжы і Лондане. Іх мэта — маліцца аб Божым благаслаўленні для суддзяў, адвакатаў, дыпламатаў і дзяржаўных чыноўнікаў.
Назва цырымоніі адсылае да чырвоных шатаў, якія сімвалізуюць агонь і прысутнасць Святога Духа.
У гэтым годзе былі ўведзены дадатковыя меры бяспекі пасля леташняга інцыдэнту, калі мужчына з Нью-Джэрсі пагражаў католікам і суддзям Вярхоўнага суда.
Нягледзячы на больш строгія працэдуры, у Эўхарыстыі прынялі ўдзел студэнты-юрысты і выкладчыкі Джорджтаўнскага ўніверсітэта і каталіцкага ўніверсітэта Амерыкі.
Паводле niedziela.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!