Якар надзеі. Пра паліятыўную дапамогу ў размове з айцом Паўлам Раманчуком

айцец Павел Раманчук OFМСonv

Чалавек спрадвеку імкнецца да шчасця, якое для кожнага складаецца з розных рэчаў. Асоба стараецца быць паспяховай, карыстацца павагай, забяспечыць сябе ў матэрыяльным плане, мець шырокае кола сяброў, шмат падарожнічаць.

Аднак усе гэтыя рэчы становяцца другараднымі і неістотнымі, калі прыходзіць хвароба. Яна ламае прадуманы сцэнарый жыцця, уносіць карэктывы ва ўспрыманне свету, а часам заганяе ў дэпрэсію. Сур’ёзныя праблемы са здароўем могуць цалкам перавярнуць існаванне чалавека. А ў некаторых выпадках – паставіць перад абліччам смерці. Пачуўшы, што дні жыцця палічаныя, хворы адчувае жах, непрыманне і апатыю. Слова “паліятыў” у яго атаясамліваецца з пакутніцкай смерцю, адзінотай і душэўнай пусткай. На сённяшні момант для невылечна хворых людзей створаныя адмысловыя ўстановы – хоспісы. Менавіта там хворыя праводзяць свае апошнія дні жыцця. Ці трэба баяцца слова “хоспіс”? Як прыняць сваю хваробу? Чым дапамагчы роднаму або сябру, які сутыкнуўся з невылечным захворваннем? Гэтыя і многія іншыя пытанні мы задалі айцу Паўлу Раманчуку OFМСonv, намесніку дырэктара “Цэнтра дапамогі жыццю” і сузаснавальніку “Дома святога Перэгрына”.

– Хвала Хрысту! Айцец Павел, раскажыце, калі ласка, пра Ваш шлях да дапамогі хворым. Калі і з чаго ўсё пачалося?

– У 2016 годзе мяне накіравалі ў кляштар францысканцаў у Гродне для служэння ў парафіі. Акрамя таго, быў даручаны духоўны клопат пра пацыентаў хоспіса і лякарні. Гэтыя ўстановы знаходзіліся побач з нашым касцёлам. Кожную сераду я прыходзіў туды з сакрамантамі і на святую Імшу. Аднойчы, праходзячы праз аддзяленне паліятыўнай дапамогі, я сустрэў валанцёраў і заснавальніка “Цэнтра дапамогі жыццю” – Алега Гарбачова. На той момант я не ведаў, якое служэнне нясуць валанцёры. Падчас гутарак пацыенты вельмі цёпла адгукаліся пра дзейнасць супрацоўнікаў цэнтра. Гэтыя сведчанні тады мяне моцна захапілі. Я зразумеў, што пацыенты патрабуюць не толькі духоўнай дапамогі – споведзі, камуніі, намашчэння, але і прысутнасці іншага чалавека побач, які дапаможа не баяцца, выслухае, паразмаўляе. Менавіта тады ўзнікла вострае жаданне стаць часткай каманды і, акрамя духоўнага суправаджэння, аказваць яшчэ і іншае: ахінаць клопатам, падтрымкай і любоўю, быць побач з тымі, хто церпіць, размаўляць і супакойваць. Сёння я разумею, што прыйшоў да гэтага не сам: на служэнне мяне накіраваў Бог.

– У чым на сённяшні дзень заключаюцца Вашы абавязкі? Якую дапамогу Вы аказваеце хворым?

– На дадзены момант у сваёй дзейнасці я сумяшчаю два кірункі – духоўны (споведзь, размовы, удзяленне сакрамантаў) і практычны (праца з валанцёрамі і пацыентамі ў сталічным стацыянары). Часам бываю і ў Гродне, аднак большасць часу – у Мінску. Калі іду ў хоспіс, апранаю джынсавую кашулю і не афішую з першай сустрэчы, што з’яўляюся святаром. І гэта не таму, што я саромеюся прызнацца. Не. Калі я быў у Гродне, то ў сваёй валанцёрскай дзейнасці сутыкнуўся з сур’ёзнай праблемай: некаторыя пацыенты адчувалі няёмкасць, паводзілі сябе ненатуральна. Ім складана было дазволіць, каб святар іх карміў, наліваў гарбату, частаваў. Мне хочацца, каб людзі бачылі ў маёй асобе чалавека, які прыходзіць да іх як роўны. Пасля некалькіх сустрэч я расказваю, кім я з’яўляюся. На той момант людзі становяцца адкрытымі на мяне і без перашкодаў выказваюць жаданне паспавядацца пасля доўгіх гадоў, атрымаць сакраманты. І сёння прыгадваю мужчыну, які, пражыўшы 64 гады ў несакрамантальным саюзе, папрасіў удзяліць яму з жонкай сакрамант шлюбу. У маладосці ён баяўся зрабіць гэты крок, а пазней папрасіць аб шлюбе ў святара было сорамна. Сёння ў мінскім стацыянары мы арганізуем для нашых пацыентаў святы, майстар-класы, дні для б’юці-працэдур. Пацыенты па-новаму адкрываюць для сябе смак жыцця, пачынаюць разумець важную ісціну: галоўнае – не працягласць жыцця, а яго якасць. Несучы служэнне ў хоспісе, я зразумеў, што ў кожнай (нават безвыходнай) сітуацыі можна адчуць сябе шчаслівым, хоць на кароткі момант. Дастаткова часта пацыенты ў мяне сарамліва пытаюцца, ці можна абняць у знак падзякі за тое, што я знаходжуся побач з імі. Гэта вельмі кранае.

– Многія вельмі баяцца словаў “паліятыў” і “хоспіс”. Зразумела, што названыя паняцці выклікаюць не самыя прыемныя асацыяцыі. Людзі, што знаходзяцца там, часцей за ўсё зламаныя духам. Вы назіраеце за сітуацыяй знутры. Скажыце, ці можна пражыць апошнія дні з адчуваннем міру і ўнутранай гармоніі?

– Так, многія баяцца гэтых паняццяў праз тое, што існуе шмат міфаў пра хоспіс. Многія ўпэўненыя, што з хоспіса людзі не вяртаюцца. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Некаторыя атаясамліваюць хоспіс з болем, крыкамі, адчаем і смерцю. Такое меркаванне таксама з’яўляецца памылкай. Хоспіс – гэта пра жыццё. Тут асаблівым чынам адчуваецца і цэніцца кожны дзень. Здаровыя людзі могуць многага не заўважаць. Не заўважаць і не цаніць сонечнага дня, магчымасці патэлефанаваць сваім родным, абняць блізкага і любімага чалавека. А гэта вялікі дар Бога. У хоспісе такія рэчы асабліва каштоўныя і важныя. Не трэба баяцца хоспіса. Так, тут прысутнічае боль, аднак спецыялісты дапамагаюць з ім справіцца. На сённяшні дзень ёсць інструменты, каб купіраваць боль. А гэта, на жаль, не заўсёды можна зрабіць у хатніх умовах, хоць некаторыя прытрымліваюцца меркавання, што дома і сцены дапамагаюць. Калі чалавек адчувае боль, ён не звяртае ўвагу на хатні камфорт і родныя сцены. Зразумела, што калі шпіталізацыя не з’яўляецца абавязковай умовай, пацыенту будзе больш спакойна дома, у сямейным коле.

– Як павінны ставіцца блізкія да хворага? Якім чынам можна падтрымліваць  чалавека, каторы церпіць, а што катэгарычна забаронена?

– Як да паўнавартаснага чалавека. Ні ў якім выпадку не трэба шкадаваць. Хворая асоба хоча пражываць сваё жыццё так, як і да хваробы. Да чалавека неабходна ставіцца з разуменнем. Часам словы ў гэтым выпадку аказваюцца ўвогуле лішнімі. Асоба патрабуе прысутнасці, клопату, цёплых абдымкаў. Неабходна быць далікатным, акуратным, а галоўнае – любіць блізкага чалавека.

– Што Вы можаце пажадаць людзям, якія на сённяшні дзень перажываюць складаны час – хварэюць і не адчуваюць неабходнай падтрымкі?

– Хвароба – гэта асаблівы крыж, таму яе неабходна перажываць з Богам. Нябесны Айцец ніколі не пакідае адзінокіх, хворых і слабых сваіх дзяцей. Ён побач. Яго прысутнасць адчуваецца ў той меры, у якой хворая асоба адкрываецца на Бога. Важна шукаць сілы ў малітве. Анкалагічныя хворыя маюць свайго нябеснага заступніка – святога Перэгрына, які сам быў хворы і атрымаў ад Хрыста здароўе. Менавіта ў Богу крыніца нашай сілы і надзеі. Мы цудоўна разумеем, што, праводзячы нашых падапечных у іншы свет, мы з імі развітваемся на некаторы час, каб пасля сустрэцца ў вечнасці, дзе няма болю і хвароб. Таму, развітваючыся, мы не кажам “Бывай!”, а з надзеяй усклікаем: “Да пабачэння!”

Гутарыла Марта Венславовіч

для друку для друку