Як выглядала св. Тэрэза Авільская? Даследчыкі прадставілі рэканструкцыю яе твару

Дзякуючы судовай медыцыне і гістарычным сведчанням, праз 510 гадоў мы зноў можам зазірнуць у вочы адной з найвялікшых містычак Касцёла.

Святая Тэрэза Авільская зноў глядзіць нам у вочы, 28 сакавіка 2025 года, у 510-ю гадавіну з дня нараджэння святой Тэрэзы ад Езуса, навукоўцы прадставілі рэканструкцыю яе твару. Святая кармелітанка, рэфарматарка ордэна і настаўніца Касцёла, нарадзілася ў 1515 годзе ў Авіле.

Сёння, дзякуючы спалучэнню навукі і духоўнай спадчыны, мы можам убачыць, як яна выглядала — не як выява на карцінах, а як сапраўдная жанчына. Даследчая група, якая вяла гэты праект, працавала з парэшткамі святой.

Менавіта ў рамках гэтага даследавання была праведзена рэканструкцыя, якая паказвае Тэрэзу ва ўзросце каля 50 гадоў — у той час, калі яна жыла ў манастыры святога Юзафа ў Авіле, перажываючы адзін з самых духоўна і арганізацыйна плённых перыядаў свайго жыцця.

З Аўстраліі ў Іспанію: навука служыць святасці

Нягледзячы на ​​тое, што даследаванне ўзначальвае прафесар Руджэра Д’Анастазіа з Італіі, сама праца па рэканструкцыі была даручана аўстралійцам — прафесару Джэніфер Ман з інстытута судовай медыцыны пры ўніверсітэце Монаша. Эксперт прызналася, што гэты праект быў для яе ўнікальным досведам.

«Прафесар Руджэра Д’Анастазіа з італьянскай каманды папрасіў мяне зрабіць рэканструкцыю твару», — тлумачыць Ман. Мне прадставілі ўнікальныя дадзеныя: падрабязныя антрапаметрычныя вымярэнні і рэнтгенаўскія здымкі з розных ракурсаў.

Асновай для аднаўлення твару святой Тэрэзы стаў не толькі касцяны матэрыял, але і партрэт брата Хуана дэ ла Мізерыі — адзіны, на выкананне якога пагадзілася сама святая, — і апісанне, падрыхтаванае с. Марыяй ад Святога Юзафа, адной з найбліжэйшых паплечніц Тэрэзы. Менавіта яна адзначыла, сярод іншага, такія дэталі, як дугападобна выгнутыя бровы і тры характэрныя радзімкі на твары святой.

Падчас прэс-канферэнцыі 11 сакавіка прадстаўнікі кармелітаў паведамілі, што з 11 па 25 мая 2025 года рэліквіі святой Тэрэзы будуць выстаўлены для публічнага ўшанавання ў базіліцы Звеставання ў Альба-дэ-Тормес. Менавіта там спачываюць яе астанкі.

Пасля заканчэння публічнага ўшанавання рэліквіі вернуць на пастаяннае месцазнаходжанне, што завяршыць бягучы этап навуковых даследаванняў.

pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку