Як па-сапраўднаму прабачыць? Раіць экзарцыст  

Гэтыя крокі няпростыя, але яны прыносяць свабоду. Без іх мы абмяжоўваем дзеянні Бога.

Айцец Джым Блаунт — экзарцыст, адданы служэнню аздараўленню і вызваленню ад злых духаў.

Часта ў нас няма жадання прабачыць. Часам гэтае жаданне з’яўляецца няпоўным. Здаецца, што ў сям’і нават не хапае духу прабачэння. У такіх выпадках трэба прасіць у Бога ласкі прасіць прабачэння, сілы і любові, якія робяць такое прабачэнне магчымым.

Мы таксама можам супрацоўнічаць з Божай ласкай у працэсе прабачэння. Для гэтага айцец Джым раіць зрабіць чатыры крокі да прабачэння. Яны павінны дапамагчы, каб прабачэнне было поўным, цалкавітым і па-сапраўднаму святым.

  1. Акт волі

Першы крок патрабуе выкарыстання волі. Прабачэнне пачынаецца з акта волі, а значыць, з нашага вольнага выбару прабачыць.

Прабачэнне — гэта не эмоцыі і пачуцці. Гэта ваша свядомае рашэнне. Мы можам выпрабаваць любыя пачуцці і думкі, але аб прабачэнні вырашае наша воля. Гэта рашэнне нешта зрабіць, каб абавязаць сябе пакінуць мінулае.

Думкі і эмоцыі дапамагаюць нам прымаць правільныя рашэнні, але ў рэшце рэшт не думкі, а рашэнні вызначаюць наша жыццё. Вырашаем дараваць з дапамогай гаючай ласкі Езуса Хрыста.

Мы робім так, як гаворыцца ў малітве Панскай: «І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым». Калі мы неміласэрныя да іншых, мы абмяжоўваем міласэрнасць, якую Ён абяцаў нам аказаць.

Як Хрыстос дараваў сваім катам з крыжа, так і мы прабачаем тым, хто нас пакрыўдзіў. Мы можам прабачыць кожнаму: бацькам і іншым членам сям’і, святарам, настаўнікам і ўсім, хто калі-небудзь нас крыўдзіў. Але гэта звязана выключна з сілай ласкі, якую даў нам Езус, і з поўнай рашучасцю нашай волі.

Каб прабачыць, выканайце акт волі з дапамогай малітвы: «Я прабачаю табе, [імя таго, каму мы прабачаем], у імя Езуса Хрыста, зараз і назаўсёды».

  1. Блаславі крыўдзіцеляў

На другім этапе мы бласлаўляем тых, хто нас пакрыўдзіў. Цяпер мы адказваем на праклён блаславеннем. Хрысціяне ніколі не рэагуюць на праклёны праклёнамі. Замест таго, каб лаяцца, мы бласлаўляем.

Можа здарыцца так, што чалавек, які пакрыўдзіў вас, пракляў вас. Вусны праклён можа быць моцным. Праклён таго, хто мае ўладу над табой, а менавіта, маці, бацькі, мужа альбо старэйшага брата ці сястры — вельмі небяспечны.

Гэта датычыцца працадаўцаў, кіраўнікоў ці настаўнікаў. Тыя, хто мае ўладу, павінны выкарыстоўваць свае вусны для бласлаўлення; а калі яны замест гэтага кагосьці праклінаюць, гэта можа быць д’ябальскім учынкам. Мы павінны гэтага пазбегнуць і таму бласлаўляем іх.

Гэта самы важны крок да прабачэння. Гнеў, нянавісць і пагружэнне ў раны знікаюць пры блаславенні. Блаславенне растае лёд нашага сэрца, блаславенне нейтралізуе яд, блаславенне лечыць сэрца.

Бласлаўленне, якое мы даем, павінна быць шчодрым і багатым. Бласлаўляючы кагосьці, мы паказваем, што жадаем яму ўсяго, што Бог хоча ад яго. Бласлаўленне — гэта выяўленае жаданне, каб іншая душа пазнала бязмежную любоў Бога і атрымала Божую міласэрнасць. Святы Павел вучыць нас: «Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас, благаслаўляйце, а не праклінайце!» (Рым 12, 14).

Нават калі грахі, учыненыя супраць нас, жудасныя, мы хочам, каб яны былі дараваныя, а асоба — блаславёная. Мы хочам, каб той, хто нас пакрыўдзіў, быў аздароўлены і вярнуўся да жыцця. Таму хрысціяне моляцца за тых, хто іх пакрыўдзіў, і жадаюць радасці ў гэтым і будучым жыцці. Мы просім Бога даць іншым сапраўдную радасць і ўсё неабходнае на шляху да шчасця.

Магчыма, той, хто нас пакрыўдзіў, пакутуе сам. Калі так, просім аздараўлення для гэтай асобы. Магчыма, яна пакутуе на алкагалізм ці іншую залежнасць. Можа, яе таксама нехта пакрыўдзіў, і ёй таксама трэба аздараўленне. Таму мы молімся аб вызваленні нашых крыўдзіцеляў ад хвароб і пакут.

На гэтым этапе пачынаецца сапраўднае прабачэнне. У той момант, калі я прабачыў таму, хто мяне пакрыўдзіў, то пачынаю бачыць усё ў новым святле.

Каб блаславіць каго-небудзь, выканайце акт волі з дапамогай гэтай малітвы: «Бласлаўляю цябе, [імя таго, каму мы прабачаем] у імя Езуса Хрыста, цяпер і назаўсёды».

  1. Дзякуй пастаянна

Наступны крок складаны. Гэта заклік да сталасці, да святасці. Гэта крок да святасці, таму што ён патрабуе бачыць рэчы так, як бачылі сябры Бога – святыя.

На трэцім этапе я пачынаю знаходзіць Хрыста, нягледзячы на ​​пакуты ад нанесеных мне ран. Я пачынаю з таго, што нагадваю сабе, што Божая святая воля адначасова эфектыўная і ўсёдазвольная.

Бог — прычына ўсяго дабра ў маім жыцці. Ён уносіць у маё жыццё блаславенне. Часам Ён дазваляе дрэннаму здарацца. Магчыма, што Бог дазволіў і маю рану.

Бог выкарыстоўвае мае раны і мой боль, каб навучыць мяне пакоры і залежнасці толькі ад Яго. Дзякуючы ім, я звяртаюся да Яго, і Ён аздараўляе мяне. Такім чынам, мае раны, нават калі яны былі выкліканыя не Богам, могуць стаць для мяне лекамі. Мы можам падзякаваць крыўдзіцелям, бо яны дапамагаюць нам зразумець дабро Госпада.

Праз нашы пакуты мы пазнаём міласэрнасць, сапраўдную прыроду найглыбейшай любові. У такой перспектыве мы нават можам пачаць дзякаваць Богу за нашы раны. Дзякуючы Божай аздараўленчай ласцы мы можам прызнаць, што менавіта праз нашы раны мы знайшлі збаўленне. З-за гэтага мы разумеем багацце таго, чаму нас вучыць святы Павел, калі раіць: » За ўсё дзякуйце» (1 Тэс 5, 18).

І хаця мы ніколі не просім крыўдаў і ран, яны могуць стаць для нас крыніцай багатых ласк. Як гаворыцца ў Святым Пісанні: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12, 24).

Святая Тэрэза Авільская пісала: «Адзінае, за што мы падзякуем Богу, апынуўшыся на небе, — гэта нашы крыжы». Святая Роза Лімская сказала вельмі падобна: «Акрамя крыжа, няма іншай лесвіцы, па якой мы маглі б узняцца на неба».

Езус навучыў нас падстаўляць другую шчаку. Якімі б жудаснымі ні былі нашы раны, іх можна праславіць праз Хрыста. У рэшце рэшт, на нябёсах раны Хрыста не сціраюцца з крыжа. Яны служаць для абвяшчэння славы Божай. Раны Хрыста становяцца сродкам, дзякуючы якому апосталы могуць распазнаваць Госпада і паверыць.

Таму мы павінны прасіць ласкі, каб падзякаваць Богу за раны, якія мы атрымалі ў гэтым жыцці, бо яны могуць спрыяць нашаму аздараўленню. І мы можам падзякаваць нашым крыўдзіцелям праз малітву за тое, што яны з’яўляюцца Божымі прыладамі для нашага асвячэння.

Каб падзякаваць Богу, выканайце акт волі з дапамогай такой малітвы: «Дзякуй, Госпадзе, і дзякуй табе, [імя таго, каму мы прабачаем] за раны, якія гояцца».

  1. Аддай хвалу Пану

На чацвёртым і апошнім этапе прабачэння мы праслаўляем менавіта Бога. Мы скіроўваем свае думкі да слаўнага праўлення нябеснага Валадарства Божага, кланяючыся перад Богам, каб славіць Яго за ўсё, што Ён нам даў.

Мы прызнаем нашага Госпада крыніцай усяго нашага жыцця. Бог – любячы ўсіх Лекар, які дзеля нашага добрага і вечнага выратавання прыходзіць нам на дапамогу сярод граху і цярпення.

У Святым Пісанні гаворыцца: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Айцец так моцна хацеў адкупіць створаны ім свет, што паслаў Сына пакутаваць і паміраць, каб мы спазналі ўнутраную дабрыню і любоў Бога. У спалучэнні з пакутамі самога Хрыста нашы раны могуць стаць вялікім дарам, які адкрывае нас на жыццё, любоў і збаўленне Бога.

Таму будзем праслаўляць Усемагутнага Бога і дзякаваць Яму за ўсе нашы раны і цярпенні. У сваёй дасканалай мудрасці Ён падрыхтаваў усё для майго дабра тут і ў вечнасці.

Праслаўляючы Бога, мы аддаём Яму ўсё, чым мы ёсць, і ўсё, што мы выцерпелі. Ён крыніца ўсяго дабра ў жыцці. Гэты крок дапаўняе наша прабачэнне і вядзе да поўнага прыняцця Божай святой волі.

Усё ў Яго руках і дазволена Божым Провідам. Душа мая аздароўлена.

Каб праславіць Бога, здзейсніце акт волі з дапамогай гэтай малітвы: «Праслаўляю Цябе, Пане, і Тваю Найсвяцейшую Маці. Слаўлю за Ваш план збаўлення, які дае мне збаўленне і вядзе мяне да дасканалай радасці».

Пераклад Марыны Сінкевіч паводле pl.aleteia.org

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі