Як католіку сумяшчаць бізнес і хрысціянскія каштоўнасці? Гутарка са святаром

Кс. Павел Ярашэвіч. Фота з сайта budni.by

Бізнес, паспяховая кар’ера і грошы – усе гэтыя мэты важныя для любога чалавека. Але як быць католіку, для якога вера з’яўляецца асновай жыцця? Ці можна і далей захоўваць вернасць хрысціянскім запаведзям, працуючы ў сферы, дзе прыбытак часам стаіць вышэй за мараль? Карэспандэнт “Каталіцкага Весніка” паразмаўляў з ксяндзом Паўлам Ярашэвічам, каторы распавёў, як прадпрымальнікам і спецыялістам удаецца кіраваць сваёй працай і справай так, каб заставацца адданымі сваёй веры.

Ці магчыма сумяшчаць поспех у працы і вернасць запаведзям?

– Безумоўна, магчыма. Але тут трэба разумець галоўнае: калі я хрысціянін, мае каштоўнасці і перакананні не павінны абмяжоўвацца храмам ці асабістым жыццём. Яны мусяць прысутнічаць у любой дзейнасці – ці гэта бізнес, ці праца, ці вучоба. Запаведзі, напрыклад «Не крадзі», – універсальныя і абавязковыя ўсюды, як у жыцці духоўным, так і ў прафесійным асяроддзі.

Вось просты прыклад – падаткі. Калі іх не плацяць, гэта грэх, бо ты не аддаеш дзяржаве тое, на што яна мае права. Нават калі падаткі здаюцца несправядлівымі альбо завышанымі, гэта не вызваляе нас ад маральнага абавязку. Тут паўстае іншае пытанне: ці не шкодзіць твая праца тваёй веры? Калі бізнес патрабуе парушэння Божых запаведзяў, варта падумаць, ці сапраўды ён табе патрэбны.

А як быць у сітуацыях, калі фінансавыя праблемы прымушаюць ісці на кампраміс?

– Гэта цяжкае пытанне, асабліва для тых, хто мае сям’ю і дзяцей. Але адказ адзін: кампраміс з верай руйнуе душу. Я разумею, наколькі складана звольніцца з працы, дзе, напрыклад, чакаецца падман кліентаў ці ўхіленне ад падаткаў. Аднак што больш важнае: грошы, статус, ці душа і адносіны з Богам?

Калі выбар стаіць паміж маральнасцю і прыбыткам, католіку трэба кіравацца сваёй верай. Лепш зарабляць менш, але жыць з чыстым сумленнем і спакоем у душы, чым атрымліваць вялікія грошы, ведаючы, што яны заробленыя з парушэннем Божых законаў.

Прафесія альбо пакліканне?

Сучаснае грамадства часта ставіць грошы і прэстыж ключавымі матыватарамі пры выбары прафесіі. Але католіку важна шукаць сваё пакліканне, а не проста працу.

– Розніца простая, – тлумачыць святар. – Прафесія – гэта пра заробак. Пакліканне – гэта служэнне. І не толькі святарства або манаскае жыццё могуць быць пакліканнем. Урач, які лечыць людзей з радасцю і любоўю, альбо механік, які найлепшым чынам умее дапамагчы, таксама здзяйсняюць пакліканне. Калі юнак адчувае сябе шчаслівым ва ўяўленні пра сябе як інжынера, але бацькі прымушаюць яго вучыцца на ўрача дзеля будучага высокага заробку, гэта прывядзе да ўнутранага канфлікту. Адсутнасць любові да таго, што ты робіш, разбурае чалавека. Знайсці сваё пакліканне дапамагаюць малітва і глыбокія роздумы.

Як знайсці баланс паміж прыбыткам і хрысціянскай верай у бізнесе?

– Грошы, заробленыя сумленным шляхам, не павінны выклікаць у католіка пачуцця віны, нават калі іх будзе шмат. Само багацце не з’яўляецца злом, але ўзнікаюць складанасці, калі яно становіцца галоўнай мэтай і замяшчае Бога. Госпад ніколі не казаў, што багацце – гэта грэх. Але грошы часта прымаюць прыярытэт у сэрцы чалавека, а Бог аказваецца недзе на другім плане. Таму важна задаць сабе два пытанні: як я зарабляю свае грошы? І на што я іх выкарыстоўваю? Важна выкарыстоўваць свае сродкі на дабро. Толькі гэта робіць багацце Божым бласлаўленнем.

Як прадпрымальніку папярэдзіць карупцыю ў сваёй кампаніі?

– Карупцыя ўяўляе асаблівую пагрозу для ўсіх сфераў бізнесу. Лепшы спосаб змагацца з карупцыяй – паказваць сваім прыкладам, што магчыма працаваць правільна, сумленна, без махінацый. Калі ты сам ухіляешся альбо заплюшчваеш вочы на праблемы, то як можаш патрабаваць ад сваіх супрацоўнікаў правільных паводзінаў? Трэба старацца браць у каманду людзей, якія падзяляюць твае каштоўнасці і ўзнагароджваць іх за адданасць і сумленнасць. Але галоўнае – самому захоўваць вернасць маральным прынцыпам.

А ці ёсць прыклады людзей, каторым удалося сумясціць бізнес і веру?

– Мне падабаецца прыклад аднаго бізнесу, дзе сям’я вырабляе гіпсавых анёлкаў, статуэткі ды іншыя рэчы з хрысціянскім пасылам. Гэта не толькі спосаб заробку, але і сапраўдная евангелізацыя праз сваю працу.

Якую ролю адыгрывае малітва ў прыняцці бізнес-рашэнняў?

– Вялікую! Малітва з’яўляецца такім жа важным элементам жыцця бізнесмена, як і планаванне альбо аналіз рызык. Яна дае ўпэўненасць у тым, што ты на добрым шляху. Калі сумняваешся, ці пачынаць новы праект, звяртайся да Бога. Малітва дапамагае заставацца верным сваім прынцыпам нават у складаных сітуацыях, калі на карту пастаўленыя вялікія прыбыткі.

Падсумоўваючы, варта падкрэсліць, што для католіка праца і бізнес – гэта не толькі сродак для заробку. Гэта спосаб служыць іншым, захаваць чысціню сваёй душы і спакой сумлення. Вера павінна быць усёабдымнай. Яна не можа быць толькі ў касцёле ці толькі ў малітоўнай практыцы. Яна мусіць прысутнічаць у любой галіне нашага жыцця, у тым ліку ў працы. Хрысціянін, які жыве паводле запаведзяў, знойдзе поспех не толькі ў матэрыяльным свеце, але і ў сваёй духоўнай дарозе да Бога.

Гутарыў Віталь Грышкевіч

для друку для друку