Італьянскі вынаходнік Габрыэле Тровато здзівіў тысячы людзей, прадставіўшы сваю распрацоўку — робата, які можа чытаць Святое Пісанне, прапаноўваць малітвы, цытаваць урыўкі з Бібліі, якія тлумачаць каталіцкую веру і нават распавядаць пра жыццё святых таго часу.
Тровато падкрэслівае, што галоўная мэта робата пад назвай «SanTO» (гэта значыць «Святы») — не замяніць святара, а «быць малітоўным кампаньёнам і пастаўшчыком кантэнту», піша ChurchPOP. Ён створаны, для суправаджэння ў малітве тых людзей, якія ў гэтым маюць патрэбу — пажылых, хворых ці самотных.
Вынаходнік, які з’яўляецца дацэнтам інавацыйнай глабальнай праграмы тэхналагічнага інстытута Шібаура ў Токіо (Японія), распавёў, што ідэя з’явілася ў яго, калі ён думаў аб магчымасці адаптацыі робатаў да патрэбаў розных культур. Ідэю падтрымаў прафесар і навуковы супрацоўнік Папскага каталіцкага ўніверсітэта Перу (PUCP) Францыска Куэльяр, і ў 2017 годзе з’явіўся першы прататып робата «SanTO.
Робат «SanTO», стылізаваны пад фігуру святога ў нішы, быў распрацаваны такім чынам, каб яго функцыянальнасць была простай і зразумелай для людзей сталага ўзросту. «Трэба толькі дакрануцца да рук робата, каб актываваць яго, а галасавыя каманды зробяць усё астатняе. У яго ёсць загадзя зададзены час, каб задаць яму пытанне, пасля чаго робат адказвае.
Святло ў яго «німбе» рэгулюе час размовы», — тлумачыць Тровато.
Тэставанне робата было праведзена ў доме састарэлых у Зігене (Германія), дзе ён дапамагаў яго жыхарам маліцца. «Пажылым людзям можа быць больш карысна штодня мець зносіны са штучнай асобай, чым заставацца ў адзіноце», — кажа вынаходнік, падкрэсліваючы, што яго вынаходніцтва можа спатрэбіцца людзям, якія пазбаўлены магчымасці актыўна наведваць касцёл і ўдзельнічаць у набажэнствах.
«Паколькі Касцёл вызначаецца як супольнасць людзей, робат не можа выконваць пэўную ролю, напрыклад, цэлебраваць святую Імшу. Аднак, у якасці новага канала веры, гэты робат дае велізарныя магчымасці — гэтак жа, як радыё або тэлебачанне», — дадае Габрыэле Тровато.
Па матэрыялах credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

