Хрысціяне сёлета святкуюць Вялікдзень разам. Але ці надоўга гэта?

Сёлета католікі, пратэстанты і праваслаўныя святкуюць Вялікдзень у адзін дзень – 20 красавіка. Але ці магчыма зрабіць так, каб супольнае святкаванне сталася заўсёдным, а не прыпадала на рэдкія гады? Падобна ўсё ж, што не найбліжэйшым часам.

Паводле правіла Нікейскага сабору 325 года, Вялікдзень адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай поўні, якая, у сваю чаргу, мае быць пасля вясновага раўнадзенства. Розніца ў датах з’явілася пасля таго, як у 1582 годзе Папа Рыгор ХІІ «адрамантаваў» каляндар Гая Юлія Цэзара, каторым карысталіся хрысціяне. Пратэстанцкія цэрквы з часам прынялі змены, а вось праваслаўныя дагэтуль карыстаюцца юліянскай пасхаліяй. Праз гэта ў католікаў і пратэстантаў вясновае раўнадзенства надыходзіць 21 сакавіка, а ў праваслаўных – толькі 3 красавіка паводле грыгарыянскага календара. Адпаведна і дата першай вясновай поўні ў іх часта не супадае. Праз гэта «каталіцкі» Вялікдзень у 70% выпадкаў апярэджвае праваслаўны, а ў 30% выпадкаў даты супадаюць, як гэта адбываецца сёлета – у 1700-ю гадавіну Нікейскага сабору.

Як спрабавалі вярнуць супольную дату

Яшчэ ў 1923 годзе Ліга Нацый прапанавала прызначыць у нядзелю, наступную за другой суботай красавіка, адзіную дату святкавання Вялікадня, але тады супраць выступіў Каталіцкі Касцёл. У 1963 годзе ўжо Рым пагадзіўся на любую дату, калі б усе цэрквы прыйшлі да агульнага рашэння. Тады ж даследаванне Сусветнай рады цэркваў паказала, што большасць заходніх цэркваў аддавала перавагу фіксаванай даце, але для праваслаўных было важна прытрымлівацца Нікейскага правіла. Больш адкрытымі ў гэтым пытанні былі старажытныя ўсходнія цэрквы. Так, у 1971 годзе Сірыйская царква прапанавала ўсталяваць дату Вялікадня ў нядзелю, наступную за другой суботай красавіка, а ў 1984 годзе – ужо ў любую нядзелю красавіка, у 1997 годзе высунула ідэю святкаваць Вялікдзень на падставе астранамічных звестак з захаваннем Нікейскага правіла. Але супраць выступілі праваслаўныя цэрквы.

З новай моцай пытанне супольнай даты ўзнікла напярэдадні 1700-й гадавіны Нікейскага сабору. У маі 2015 года копцкі патрыярх Тавадрас ІІ, які за год да таго абмеркаваў пытанне супольнай даты з Папам Францішкам і праваслаўным Канстанцінопальскім Патрыярхам Барталамеем, прапанаваў замацаваць Вялікдзень у трэцюю нядзелю красавіка. Супольнае святкаванне на сустрэчы з Папам Францішкам падтрымаў і сірыйскі патрыярх Ігнацій Яфрэм ІІ, адзначыўшы, што розныя даты аслабляюць «агульнае сведчанне Царквы ў свеце». У сваю чаргу Святы Айцец пацвердзіў, што Каталіцкі Касцёл «жадае ўсталяваць фіксаваную дату Вялікадня, каб яе маглі святкаваць у адзін дзень усе хрысціяне».

У студзені 2016 года англіканскі арцыбіскуп Кентэрберыйскі выказаў думку, што фіксаваная дата Вялікадня магла б быць узгодненая «ў межах ад пяці да дзесяці гадоў». У красавіку 2017 года імкненне да супольнай даты падпісалі Папа Францішак і патрыярх Тавадрас ІІ. У лютым 2023 года Святы Айцец адзначыў, што плануе разам з Канстанцінопальскім Патрыярхам Барталамеем «прыйсці да згоды па адзінай даце Вялікадня». Уздымаў ён гэтае пытанне і ў верасні падчас сустрэчы з кіраўніком Маланкарскай сірыйскай царквы Індыі Каталікосам Базылём Мар Тамам Мацвеем III.

За апошні год хрысціянскія лідары ўсё часцей звярталіся да пытання супольнай даты. У 2024 годзе Канстанцінопальскі Патрыярх Барталамей, віншуючы неправаслаўных хрысціянаў з Вялікаднем, назваў «скандалам» тое, што свята Уваскрасення адзначаецца ў розныя дні. Ён заклікаў маліцца, каб супольнае святкаванне Вялікадня ў 2025 годзе «было не шчаслівым супадзеннем, выпадковасцю, але пачаткам устанаўлення адзінай даты святкавання года ва ўсходнім і заходнім хрысціянстве».

Папа Францішак у буле аб абвяшчэнні Юбілею Святога 2025 года, якая была зачытаная 9 мая 2024 года, заклікаў «усіх хрысціян Усходу і Захаду здзейсніць вырашальны крок да адзінства вакол супольнай даты Пасхі».

Абмяркоўваў ён неабходнасць устанаўлення агульнай даты таксама падчас сустрэчаў з каталікосам Кілікіі Армянскай Апостальскай Царквы Арамам I і з дэлегацыяй экуменічнай групы «Pasqua Together 2025». Францішак заклікаў усіх, хто спрыяе дасягненню гэтай мэты, «праяўляць настойлівасць і прыкладаць усе намаганні ў пошуках магчымай еднасці, пазбягаючы ўсяго, што можа прывесці да далейшых падзелаў паміж братамі». Ён падкрэсліў, што Пасха адбываецца не па нашай ініцыятыве ці ў адпаведнасці з тым ці іншым календаром, а таму, што Бог «так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3,16).

25 студзеня 2025 года, падчас тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, Папа зноў заклікаў, каб сёлетняе супадзенне датаў святкавання Вялікадня «паслужыла запрашэннем да ўсіх хрысціян зрабіць рашучы крок насустрач адзінству вакол агульнай даты, даты Вялікадня». Пантыфік дадаў, што Каталіцкі Касцёл гатовы прыняць агульную для ўсіх дату. За працяг дыялогу ў гэтым пытанні выступілі Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей і Генеральны сакратар Сусветнай Рады Цэркваў пастар Джэры Пілэй. Аднак апошні мусіў прызнаць: не ўсе цэрквы ўцягнутыя ў гэты працэс, у прыватнасці, па-за ім знаходзіцца Руская праваслаўная царква.

Праваслаўныя адмаўляюцца і ставяць свае ўмовы

Маскоўскі патрыярхат адмаўляцца ад састарэлага календара не плануе і заяўляе, што гэта Ватыкан мусіць вярнуцца да юліянскай пасхаліі, якая, маўляў, ёсць адзінай правільнай. Як заявіў у красавіку 2021 года цяпер ужо былы кіраўнік аддзелу вонкавых царкоўных сувязяў РПЦ мітрапаліт Іларыён, «няма ніякіх унутраных імпульсаў, якія зыходзілі б ад нашага царкоўнага народу, на карысць таго, каб замяніць царкоўны каляндар». А намеснік кіраўніка спраў Маскоўскага патрыярхату епіскап Сава (Тутунаў) адзначаў, што «прапанова святкавання Вялікадня ў адзін і той жа дзень рознымі хрысціянскімі канфесіямі дэзынтэгруе праваслаўнае асяроддзе і кажа пра большую зацікаўленасць Канстанцінопальскага Патрыярхату ў адзінстве з католікамі, чым з праваслаўнымі».

Таксама і Румынская праваслаўная царква сёлета заявіла, што «любыя кансультацыі адносна даты Вялікадня і магчымага рашэння могуць адбыцца толькі ў межах будучага ўсеправаслаўнага форуму». Але на Усеправаслаўным саборы ў 2016 годзе каляндарнае пытанне было якраз выкрасленае з парадку дня, каб не стварыць «новы раскол у сусветным праваслаўі». А ў красавіку 2024 года мітрапаліт Серафім з Грэцкай праваслаўнай царквы ўвогуле заявіў, што «папісты парушаюць пастанову Першага Усяленскага сабора», а таму святкаванне Вялікадня «з ерэтыкамі з’яўляецца адмаўленнем кананічных рамак Адзінай святой кафалічнай і Апостальскай Царквы, а значыць, і Святога Духа, які знаходзіцца ў ёй».

16-17 верасня 2024 года за вяртанне ўсіх хрысціянскіх цэркваў да адзінай даты святкавання Вялікадня выступілі ўдзельнікі нарады памесных праваслаўных і старажытных усходніх цэркваў. Была сярод іх і РПЦ. Аднак яны выказалі сваю ўмову такога святкавання: адзіная дата мусіць быць паводле юліянскага календара, уведзенага паганцам Юліем Цэзарам.

У кожным разе ніякіх канкрэтных крокаў да ўвядзення супольнай даты яшчэ нябачна. І пакуль розныя цэрквы не могуць дамовіцца, выглядае, што ў наступны раз мы будзем святкаваць Вялікдзень разам толькі 16 красавіка 2028 года, калі даты зноў супадуць. Бо, як заявіў не так даўно мітрапаліт Украінскай грэка-каталіцкай царквы Святаслаў, «найбліжэйшым часам рэформы пасхаліі нашы праваслаўныя браты не зробяць».

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку