Тэрмін «хрысціянафобія» зноў у цэнтры ўвагі грамадскіх дыскусій у Еўропе. Гэта звязана з ростам колькасці інцыдэнтаў, накіраваных супраць касцёлаў, рэлігійных сімвалаў і вернікаў.
Як паведамляе CNA, вяртанне гэтага тэрміна ў грамадскі дыскурс сігналізуе пра новы выклік хрысціянскай прысутнасці ў грамадскім жыцці. Што распальвае гэтую даўнюю напружанасць на кантыненце, і ці могуць кампаніі супраць хрысціянафобіі заахвоціць людзей зноў адкрыць для сябе сваю веру і Касцёл?
Больш за тысячу чалавек нядаўна сабраліся на плошчы Нацыі ў Парыжы, імкнучыся парушыць цішыню вакол пераследу хрысціян. Марш быў арганізаваны ў адказ на забойства Ашура Сарні, хрысціянскага бежанца з Ірака, які быў прыкаваны да інваліднага вазка і чыя смерць была знята на камеру. Хрысціяне розных веравызнанняў аб’ядналіся ў сумесную дэманстрацыю, трымаючы крыжы і размахваючы сцягамі Францыі, Лівана, Ірака і іншых краін.
Згодна з пісьмовым адказам на запыт Еўрапейскай камісіі, толькі ў 2023 годзе ў 35 еўрапейскіх краінах было зарэгістравана 2444 выпадкі гвалту ў дачыненні да хрысціян. 1000 з гэтых выпадкаў былі зафіксаваны ў Францыі. Напады мелі розны характару: ад апаганьвання святынь і хрысціянскіх сімвалаў (62%) да падпалаў (10%), пагроз (8%) і прамых актаў гвалту (7%).
Гэты тэрмін таксама не чужы міжнароднаму дыскурсу. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый выкарыстала гэта паняцце ў рэзалюцыі 72/177, якая заклікае дзяржавы змагацца з дзеяннямі, матываванымі хрысціянафобіяй, нароўні з антысемітызмам і ісламафобіяй. У некаторых кантэкстах выкарыстоўваюцца альтэрнатыўныя тэрміны, такія як «антыхрысціянская дыскрымінацыя» або «нянавісць да хрысціян», каб змякчыць псіхалагічную вагу слова «фобія».
На фоне ўзрастаючай напружанасці, Касцёл у Францыі — і ў Еўропе ў цэлым — усе ж такі перажывае выдатнае духоўнае абнаўленне, асабліва сярод моладзі. Статыстыка паказвае прыкметны рост колькасці ахрышчаных і канфірмацый, прычым многія маладыя людзі зноў адкрываюць свае хрысціянскія карані. Такім чынам, толькі на Вялікдзень 2025 года 10 384 чалавекі ў Францыі прынялі сакрамант хросту, а больш за 7 400 падлеткаў — сакрамант канфірмацыі. Прыкметна, што 42% новаахрышчаных былі ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, што сведчыць пра адраджэнне веры сярод моладзі.
credo.pro
пераклад Марыны Ткач
