Гістарычнае пакаянне за грахі абортаў у Навагрудку

101 год таму на нашых землях былі легалізаваны аборты, што дало пачатак самай крывавай старонцы ў гісторыі Беларусі. Толькі па афіцыйных дадзеных за гэты час ва ўлонні маці было забіта больш за 8 мільёнаў дзяцей. Апошнія дзесяцігоддзі ўнеслі свой уклад у гэтую крывавую статыстыку, бо выкарыстанне сучасных сродкаў кантрацэпцыі, а таксама ЭКА дапускае знішчэнне эмбрыёнаў на тэрміне да 7 дзён. Да прыкладу, пры выкарыстанні спіралі, ва ўлонні маці забіваюцца ў сярэднім 3-4 эмбрыёна на год.

Голас крыві гэтых нявінных дзяцей, падобна крыві Авеля, лямантуе да Бога ад зямлі. Менавіта таму тое, што адбылося ў Наваградку з 18 па 21 лістапада можна без перабольшання назваць гістарычнай падзеяй.

Гаворка ідзе пра пакаянне нашага народа за грахі супраць жыцця і сям’і, якое прайшло ў рамках першага міжнароднага малітоўнага кангрэса ў абарону жыцця і сям’і. Нягледзячы на заразу, якая бушуе вакол, на кангрэс прыбылі больш за 80 удзельнікаў з Беларусі і Расіі, у тым ліку арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, біскуп Алег Буткевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі. З урачыстым прывітальным пасланнем да ўдзельнікаў кангрэсу звярнуўся біскуп гродзенскі Аляксандар Кашкевіч. Пры дапамозе інтэрнэт-трансляцыі з дакладамі выступілі абаронцы жыцця і сям’і Ева Кавалеўская з Польшчы і Габрыела Кубі з Германіі.

Менавіта ўдзел нашых біскупаў і святароў зрабіў магчымым ажыццяўленне ўпершыню ў гісторыі Беларусі маштабнага акту пакаяння за грахі супраць жыцця і сям’і. У касцёле Св. Міхаіла Арханёла ў гэтай інтэнцыі праходзілі св. Імшы, адарацыі, Ружанец і Крыжовы шлях. Асаблівай падзеяй стала пешая пілігрымка з 52 белымі крыжамі з Навагрудка ва Уселюб у санктуарый Божай Маці Новага Жыцця, якая адбылася ў суботу 20 лістапада.

Кульмінацыяй стала вячэрняя Св. Імша, пасля якой арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прачытаў Акт пакаяння за грахі нашага народа супраць жыцця і сям’і. У гэты час большасць удзельнікаў пакаяння (больш за 150 чалавек) ляжалі крыжам, молячы Бога аб прабачэнні.

Адбылася велізарная па сваёй духоўнай і эмацыйнай глыбіні падзея. Яе важнасць нам яшчэ трэба будзе ўсвядоміць і ацаніць, але ўжо сёння ясна, што без усенароднага пакаяння за нашы цяжкія грахі, немагчыма казаць пра будучыню нашай краіны, пра адзінства нашага народа, пра мір паміж людзьмі.

Уладзіслаў Валаховіч

для друку для друку