Фотафакт: чаму святы Мікалай прынёс Папу Льву XIV апельсін

Папская Швейцарская гвардыя апублікавала ў Фэйсбуку некалькі кранальных фотаздымкаў спецыяльнага госця: святы Мікалай наведаў Ватыкан і прынёс падарункі для Святога Айца і яго дзяржаўнага сакратара, кардынала П’етра Пароліна.

Калі ўважліва прыгледзецца да фота, можна ўбачыць, што Папа Леў XIV атрымаў апельсін у панчоху. Хоць гэта ўжо не вельмі распаўсюджаная традыцыя — амерыканскія бабулі і дзядулі, якія памятаюць часы Вялікай дэпрэсіі, асацыююць апельсіны з Калядамі. Для гэтага ёсць некалькі прычын.

Згодна з легендай, біскуп Мікалай пакідаў золата ў панчохах маладых жанчын, якім патрэбен быў пасаг. Хоць ніхто з нас не адмовіўся б ад сапраўднага залатога злітка — салодкі залацісты апельсін можна лічыць яго копіяй.

Апельсіны паспяваюць і гатовыя да збору ў зімовыя месяцы, таму ў цёплым клімаце паўднёвай Еўропы іх лёгка знайсці на Каляды. Але для паўночнай Еўропы апельсіны былі сапраўдным пачастункам — гэтак жа, як і для амерыканцаў у цяжкія гады Вялікай дэпрэсіі, калі кавалак свежага апельсіна быў сапраўдным падарункам.

На гэтую тэму нават ёсць кранальная дзіцячая кніга пад назвай «Апельсін для Фрэнкі», якая дагэтуль папулярная ў амерыканскіх сем’ях.

credo.pro
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку