Цікава, паважаны чытач, ці ведаеш ты народную этымалогію гэтага «фокус-покус», якія вынесены ў загаловак гэтых разважанняў.
Такім чынам, гэта скажоныя лацінскія словы Нос эзі согріз теіт — «гэта ёсць Цела Маё», якія з’яўляюцца часткай формулы асвячэння — анафары, якая вымаўляецца падчас службы святой Літургіі.
Раней (тут і далей даецца народнае тлумачэнне), калі рыма-каталіцкая літургія адпраўлялася на латыні, яна рабіла на ўдзельнікаў ўражанне магічнага рытуалу. Не важна, ці гэта тлумачэнне навукова пацверджана, ці застанецца нейкай, магчыма антыхрысціянская, легендай.
Гэтая народная этымалогія словаў «фокус-покус» паказвае на цікавую праблему адносін магіі да рэлігіі, у прыватнасці стаўленне магічных рытуалаў да сакрамэнтаў, а асабліва, да Эўхарыстыі.
Гэтая праблема настолькі актуальная, што некаторыя навукоўцы з-пад знака Нью Эйдж спрабуюць даказаць, што сакрамэнты ёсць толькі вытанчанай формай магіі.
Каб выразна ўбачыць розніцу паміж Эўхарыстыяй і магічным рытуалам, мы павінны заняцца спачатку магіяй ў цэлым, параўноўваючы яе з рэлігіяй. Для гэтага выкарыстаем выдадзеную пастырскую ноту біскупскай канферэнцыі Тасканіі «Аб магіі і дэманалогіі».
У гутарцы слова «магія» ўжываецца для абазначэння розных, а нярэдка вельмі аддаленых адзін ад аднаго, дзеянняў. Таму ўзнікае патрэба ў яго ўдакладненні. Нота паказвае магію праз параўнанне яе з рэлігіяй. Розніца паміж імі праходзіць ў дачыненні да трансцэндэнтнасці.
Рэлігія кажа пра непасрэдны зварот да Бога і Яго дзеянняў, магія ж спасылаецца на патаемныя сілы, якія, у адпаведнасці з ёю, павінны ўплываць на лёс чалавека.
Тыя, якія вызнаюць рэлігію, вераць, што на іх жыццё, іх вечнае шчасце вырашальны ўплыў мае сувязь з Богам ці бажаством.
Для магіі галоўным з’яўляецца панаванне над безасабовымі касмічнымі сіламі. Уладу над імі набывае чалавек, які выконвае магічныя рытуалы (маг). Ён можа прадказаць дзеянне тых сіл і прымусіць іх выконваць яго волю.
«У рэчаіснасці магія не прызнае ніякай вышэйшай ад сябе ўлады, сцвярджае, што можа прымусіць «духаў» або «дэманаў» з’явіцца і выконваць тое, што яна пажадае». Галоўным пры гэтым з’яўляецца не асабістае перакананне чараўніка, а дакладнае выкананне рытуалу.
Любая, нават самая дробная, змена робіць рытуал неэфектыўным. Магія павінна абараняць чалавека ад негатыўнага ўздзеяння гэтых «духоўных» або «дэманічных» сілаў з дапамогай кудменяў (амулетаў), талісманаў, праз магічныя рытуалы або дзеянні. Магія мае таксама дапамагаць знішчаць ворагаў з дапамогай сурокаў, чар і т.д.
З магіяй звязаны таксама спірытызм, усякага роду варажбы на картах (картамантыя) або на папіллярных лініях далоні (хірамантыя). Асобы, якія прафесійна займаюцца магіяй і акультызмам, часцей за ўсё маюць прыватныя кабінеты, дзе прымаюць кліентаў. Яны часта ствараюць аб’яднанні і рознага роду эзатэрычныя і акультныя групы. Успамінаючы магічныя грамадства, «нельга забываць вялікага ініціацыйна магічнага руху, якім з’яўляецца масонства, па меншай меры некаторыя яго групы і паходныя формы».
Многія навукоўцы адзначаюць, што ў цяперашні час магія асабліва развіваецца ў асяроддзі буйных гарадоў, а не як гэта было раней — у вёсках і малых гарадах. Псіхолагі тлумачаць гэта ўзмацненнем страху перад адзінотай, перад іншым чалавекам, перад няшчасцямі.
Мадэлі грамадства, якія прапануюць сённяшняе кіно і наогул мас медыя, звычайна ўяўляюць самотнага чалавека, які змагаецца з нейкай дэманічнай грамадскай структурай (напрыклад, бандай гангстэраў), перад якой бездапаможныя любыя легальныя спосабы.
Гэтыя разнастайныя страхі, якія прапагандуе культура, узмацняюцца ў ананімных, раз’яднаных грамадскіх структурах буйных гарадоў. Калі да гэтых страхаў дадаецца недахоп жывой веры, адсутнасць даверу да праўдзівага Бога, магія становіцца формай уцёку ад страху, пошукам бяспекі.
Аднак у рэчаіснасці выглядае ўсё інакш. Калі чалавек прымае магічнае бачанне свету, то павінен пастаянна баяцца: «Можа, хто-небудзь праз свайго чараўніка кінуў на мяне праклён, які мяне разбурае? Можа, патрэбны іншы рытуал, які абароніць мяне ад дрэннага ўплыву кагосьці з майго акружэння або, каб асоба, якую я люблю, засталася мне вернай? Магчыма, мой маг (чараўнік) слабаваты, каб мяне абараніць?»
Такія пытанні, якія ўзнікаюць па спіралі страху, на якую абапіраецца магія, пераследуюць яе адэптаў. З гэтым звязана яшчэ большая сузалежнасць ад чараўніка або мага, а ўслед за гэтым ідзе павялічэнне выдаткаў на асобныя магічныя рытуалы.
Якая гэта радасць, што ў Хрысце «маем доступ да Айца». Нашыя страхі, нашыя праблемы можам даверыць жывой асобе — кахаючаму Айцу.
Але вернемся да магіі.
Класіфікаваць яе можна па-рознаму. Найбольш вядомым з’яўляецца падзел на «белую» і «чорную» магію.
«Белай магіяй» называюць забаўляльнае відовішча, якое найчасцей за ўсё асацыюецца з цыркам. «Маг» (фокуснік) — гэта чалавек, неразлучны з цыліндрам, з якога, да задавальнення гледачоў, ён выцягвае зайца і іншыя рэчы.
Ён абапіраецца не на патаемныя сілы, а на спрыт сваіх пальцаў і веды аптычных ілюзій публікі. Відавочна, такая «белая магія» не мае нічога агульнага з прыведзеным вызначэннем магіі, як ўздзеяннем на патаемныя сілы і, калі не выкарыстоўваецца ў несумленных мэтах, можа адносіцца да віду добрай забавы.
«Белай» магіяй называецца таксама зварот да акультных сілаў з рознымі высакароднымі мэтамі, напрыклад, паляпшэнне эканамічнага становішча, атрыманне прыхільнасці іншага чалавека і т.д.
«Відавочна, што ў гэтым выпадку ў гульню ўступаюць розныя формы забабонаў або таксама падману і хлусні, якія супярэчаць самой прыродзе веры, а таму з’яўляецца недазволенным і непрымальным, а нават небяспечным для цэласнасці псіхафізічнага і маральнага жыцця тых, якія з’яўляюцца іх ахвярамі»(№ 9).
Значна больш сур’ёзнай праблемай з’яўляецца так званая «чорная магія».
Яна заключаецца ў звароце да акультных сілаў з мэтай прычыніць зло, напрыклад, наслаць хваробу, смерць і т.д. «Гэтая форма магіі з’яўляецца сапраўдным і ўласцівым выразам антыкульту і накіравана на тое, каб зрабіць сваіх членаў «слугамі сатаны»» (№ 9).
Біскупы Тасканіі паказваюць таксама небяспеку пранікнення магічнай ментальнасці ў рэлігійныя паводзіны хрысціянаў. У прыватнасці, розныя формы культу могуць быць наражоныя на трактоўку іх псеўдамагічным чынам. На думку біскупаў псеўдамагічныя паводзіны праяўляюцца там, дзе рэлігія перанасычаная пачуццём страху і аддзеленая ад рэшты ўсяго жыцця.
Відавочна, праўдзівая хрысціянская дактрына, а таксама аўтэнтычнае рэлігійнае жыццё хрысціян не мае нічога агульнага з магіяй. Жыццё хрысціяніна — гэта пакланенне Богу ў Тройцы Адзінаму Богу, які найбольш поўна аб’явіўся ў Езусе Хрысце.
Вера ў Хрыста як Збавіцеля спрыяе таму, што хрысціянін прымае за праўду Яго словы, а такім чынам, таксама і гэтыя словы: «Гэта — Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць» (Лк. 22, 19).
Здзяйсненне святой Літургіі з’яўляецца выкананнем гэтага загаду Хрыста. Эўхарыстыя з’яўляецца адначасова і уцелаўленнем і анамнезам смерці і ўваскрасення Хрыста. Перамена хлеба і віна здзяйсняецца не як у магіі — дзякуючы эфектыўнасці загавораў, — а з’яўляецца плёнам дзеяння Святога Духа.
Супольнасць заклікае да Яго вуснамі святара ў малітве, якая называецца эпіклезаю: «Яшчэ прыносім Табе гэтую слоўную і бяскроўную службу і просім, і молім: спашлі Духа Твайго Святога на нас і на гэтыя прынесеныя дары». Хай Святы Дух дасць нам ласку жаданне быць удзельнікамі Эўхарыстыі, а тым, якія хочуць растлумачыць яе як магічны рытуал, — няхай дасць шчыпту мудрасці.
Пётр Ярдан Слівінскі, grodnensis.by
