3 жніўня ў касцёле святога Ігнацыя ў Віцебску прайшоў парафіяльны фэст. Ужо ў трэці раз падобная падзея ў гонар святога, імя якога носіць касцёл у раёне Білева, збірае вернікаў з усіх парафій горада. На свята завітаў і біскуп Алег Буткевіч.
Свята пачалося з выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога прысутныя маліліся літаніяй да Найсвяцейшага Імені Езус – менавіта гэтым Іменем св. Ігнацый жадаў, каб быў названы ордэн, ім заснаваны. Пасля гэтага пачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег.
“Навучы нас так лічыць дні нашыя, каб мы здабылі мудрасць сэрца”, – такімі словамі біскуп пачаў сваю гамілію, дадаючы: “Эклізіяст у першым чытанні сёння нам кажа, што ўсё ў жыцці чалавека – марнасць, аднак памылкай будзе для нас цалкам адкінуць гэты свет. У чым мудрасць? – у тым, каб знайсці баланс паміж гэтымі двума скрайнасцямі. Гэтую праўду праз сваё навучанне і духоўныя практыкаванні нам адкрывае святы Ігнацый. Перш за ўсё, як казаў гэты святы, жыццё чалавека прызначана каб прыносіць хвалу Богу — гэта вельмі натуральная рэч. Бога мы называем Створцам, гэта значыць аўтарам свету, а ўсе творы – ці то музыка, жывапіс, скульптура – сведчаць пра сваіх аўтараў. Таму мы, будучы Божым стварэннем, самі па сабе, сваім існаваннем сведчым пра Бога і праслаўляем Яго. Канешне, варта памятаць, што мы ўсё ж сапсаваны наступствам граху. Таму, калі нешта ідзе не так у гэтым свеце, не трэба мець прэтэнзій да Бога, бо Ён не ствараў нічога злога, а зло вынікае з граху”, – сказаў ён.
Калі кожнае стварэнне добрае, чаму гэты свет становіцца марнасцю? – наступнае пытанне над каторым заахвоціў падумаць біскуп Алег: ”Тады ўсё становіцца марнасцю, калі чалавек усе свае намеры і жаданні звязвае толькі з гэтым светам, забываючыся пра тое, што перад усім ён істота духоўная. Дзе ж шукаць шчасця? – на гэтае пытанне нам адказвае сёння святы Павел і паўтараюць усе іншыя святыя, у тым ліку святы Ігнацый, кажучы: “жыву не я, жыве ўва мне Хрыстос”. Жывучы ў целе, шукаць Бога і Ягонай Волі; не абавязкова адкідаць свет, але трэба зрабіць так, каб усе рэчы ў гэтым свеце служылі нашай галоўнай мэце – дасягненне Божага Валадарства.”
У канцы гаміліі Яго Эксцэленцыя назваў яшчэ адну важную здольнасць, над развіццём якой вучыў працаваць святы Ігнацый – падзяка: “…каб быць шчаслівым трэба ўсведамляць і дзякаваць Богу за тое, што маю, таму Касцёл патрабуе ад нас прынамсі ў нядзелю паўдзельнічаць у Эўхарыстыі – што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае “удзячнасць”.
Калі была скончана найважнейшая частка, святкаванне працягнулася перадачай “Ох, эти святые”, якая ўжо традыцыйна агрганізоўваецца парафіянамі на фэст. У гэты раз мерапрыемства было прысвечана геаграфіі, звязанай з гісторыяй святога Ігнацыя. Падчас шоў былі паказаны пректы па далейшаму развіццю касцёла, сведчанне з дзейнасці группы “Маці ў малітве” і музычныя нумары ад хору і дзяцей парафіі.
Пасля афіцыйнай часткі ўсе прысутныя былі запрошаны на святочны абед, на якім былі прадстаўлены каларытныя прысмакі з розных куткоў свету.
На працягу ўсяго святкавання ў адміністрацыйнай частцы касцёла дзейнічала “крама святога Ігнацыя”, у якой прысутныя маглі набыць невялікія сувеніры, шоперы, цішоткі з натхняючымі цытатамі са Святога Пісання, і таксама больш сур’ёзныя рэчы: Бібліі з каментарамі, дзённікі св. Ігнацыя і гэтак далей.
Лаліта Арлоўская, тэкст і фота
