“Жыццё не заканчваецца, пакуль у чалавека ёсць цікавая гісторыя і той, каму можна яе распавесці”. З гэтага выслоўя пачынаецца кінастужка “Легенда пра піяніста”. І гісторыя, расказаная там, сапраўды цікавая.
Падзеі адбываюцца на борце лайнера “Верджынія”, што курсуе з Еўропы ў Амерыку. У першы дзень новага 1900 года адзін з качагараў, Дэні, знаходзіць маленькае дзіцятка. Ніхто не ведае, дзе бацькі немаўляці, таму качагар вырашае пакінуць яго на караблі і клапоціцца пра хлопца. Малечу назвалі Новічэлла.
Восем гадоў хлопчык жыве ў машынным аддзяленні карабля, а калі Дэні трагічна памірае, Новічэлла разумее: у яго няма ніякіх дакументаў, таму прымае рашэнне застацца на “Верджыніі” і ніколі не сыходзіць на бераг.
Аднойчы дзіўным чынам высвятляецца, што ў дзіцяці – талент піяніста. Ідуць гады, Новічэлла пераўтвараецца ў сапраўднага віртуоза і трапляе ў рэстаранны аркестр. Там ён сустракае трубача Макса Туні. Мужчыны становяцца сапраўднымі сябрамі.
Жыццё на караблі поўнае прыгодаў і людзей з неверагоднымі гісторыямі. Макс умее гэтыя гісторыі ўбачыць, а вось Новічэлла ўмее пачуць і сыграць кожную гісторыю на піяніна.
Пра піяніста па ўсім свеце ходзяць чуткі і нават легенды, некаторыя людзі хочуць трапіць на карабель, толькі каб пачуць віртуоза. Гэта сапраўды неверагодна, бо віртуоз – чалавек без грамадзянства і пашпарта, без адукацыі і нотаў іграе сваю музыку. Геніяльную музыку, якая нараджаецца ў сэрцы і якая зачароўвае сэрцы слухачоў!
Ці проста быць геніем? Які ён, унутраны свет геніяльнага чалавека? Што адбываецца ў душы піяніста-віртуоза? Некалькі разоў Макс пытаецца ў Новічэлла, чаму той не сыходзіць на бераг. Сябры нават марылі пра жыццё на зямлі: пра сям’ю, прыгожы дом, пра супольныя сустрэчы. Але піяніст так і не сышоў на бераг.
Чаму? У адказ можна пачуць глыбокія роздумы. У мужчыны на гэта шмат змястоўных унутраных прычын. Усе яны маюць сэнс і бессэнсоўныя адначасова. Свет Новічэлла павінен мець пачатак і канец: карабель мае пачатак і канец, піяніна мае пачатак і канец. Свет на зямлі – бясконцы. Ці пужае бясконцасць генія? Ці геній проста не патрабуе бясконцасці? Лайнер – вось яго радзіма, лайнер – вось яго свет. Ён не хоча ніякага іншага свету. Не хоча ніякага іншага лёсу, не шукае ніякага іншага шчасця.
Трэба сказаць, што роля піяніста – выдатны дэбют выдатнага Ціма Рота. А ўся кінастужка прасякнутая цудоўнай музыкай. Гэта праца вядомых італьянскага кампазітара Эніа Марыконэ і піяністкі Джыльды Бута.
На працягу фільма можна пачуць цудоўныя джазавыя творы, а таксама тэму “Кахання” на трубе.
Вікторыя Філіпенка
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!