“Каралева Катвэ” – амерыканская кінастужка, заснаваная на рэальнай гісторыі выбітнай шахматысткі Фіёны Мутэсі. Рэжысёр Міра Нір і сцэнарыст Уільям Вілер стварылі біяграфічную драму на аснове кнігі “Каралева Катвэ: гісторыя жыцця, шахмат і мары адной незвычайнай дзяўчыны стаць гросмайстрам” Ціма Кротэрса.
Цікава, што прэм’еру фільма сусветна вядомай карпарацыі “Walt Disney Pictures” так і не пабачылі ў сусветным пракаце. Першы раз яго паказалі на Таронцкім міжнародным кінафестывалі 10 верасня 2016 года.
Хто ж такая Фіёна Мутэсі? Дзяўчынка з беднай угандыйскай сям’і, якая жыла ў жабрацкіх трушчобах Катвэ разам з маці і братамі. Бацька і галоўны кармілец памёр, калі Фіёне споўнілася дзевяць гадоў. Яна, як і любая маленькая жыхарка Катвэ, прадавала кукурузу, каб мець на стале самую простую ежу, дапамагала маці весці гаспадарку. Але аднойчы трапіла да будынка місіянераў, дзе дзеці гулялі ў шахматы. Трэнер Роберт Катэндэ запрасіў дзяўчынку паспрабаваць гуляць таксама. Спачатку яна не знайшла там нічога цікавага, але ўдзельнікам гуртка раздавалі кашу – найлепшую ежу для галодных дзяцей, таму дзяўчынка засталася. Каб наведваць гурток, Фіёна пераадольвала штодня каля сямі кіламетраў.
У дзяўчынкі прачнуўся талент, яна навучылася прадумваць крокі сапернікаў наперад. Ва ўзросце адзінаццаці гадоў яна перасягнула трэнера, а таксама стала чэмпіёнкай Уганды, у 14 – удзельніцай знакамітай Ханты-Мансійскай алімпіяды па шахматах. Цяпер Фіёне 29 гадоў, і яна знаходзіцца ў спісе “100 знакамітых жанчын Афрыкі”.
Гэта толькі некаторыя звесткі з біяграфіі Фіёны Мутэсі. А што яшчэ паказана ў кінастужцы? У першую чаргу, цяжкасці жыцця звычайных бедных людзей ва Угандзе. Часам мы не ўяўляем, што патрэбы людзей на іншым канцы свету нашмат больш простыя, чым патрэбы сучаснага чалавека ў нашай краіне. Гледачы могуць засяродзіцца над простым пытаннем: як шмат намаганняў мы прыкладаем, каб дасягнуць матэрыяльнага дабрабыту? Але ці з’яўляецца дабрабыт гарантыяй шчасця?
Цікавы парадокс: дзеці, што наведвалі місію, – бедныя і галодныя, яны былі шчырымі, непасрэднымі і вельмі таленавітымі. Яны шмат танцавалі, смяяліся, а таксама маліліся ў складаных сітуацыях.
Важны чалавек у фільме – трэнер, які і адшукаў самыя каштоўныя скарбы – таленты сваіх выхаванцаў. Роберт Катэндэ – мужчына, які разам са сваёй сям’ёй займаўся дзецьмі ў дабрачыннай місіі “US Charity Sports Outreach Institute”. Ён збіраў каля сябе бедных дзяцей, вучыў таму, што сам умеў: гуляць у шахматы. Але была невялікая акалічнасць: дзеці з Уганды ў асноўным не ўмелі чытаць. Таму тлумачыць асаблівасці і стратэгію гульні трэба было праз знаёмыя і зразумелыя афрыканскім падлеткам вобразы. З гэтым Роберт вельмі добра спраўляўся.
Але выклікі былі і больш цяжкімі. Мужчына стаў першым трэнерам па шахматах, які паверыў у выхаванцаў настолькі, што арганізаваў для іх удзел у чэмпіянаце. Бедныя дзеці прыехалі ў сцены багатай школы і атрымалі перамогу. Роберт вучыў іх захаванню ўласнай годнасці, неабходнасці руплівай працы, веры ў свой талент. І годнасць сваю трэнер пацвердзіў, прыняўшы няпростае рашэнне: ён адмовіўся ад прэстыжнай пасады і застаўся працаваць са сваімі выхаванцамі.
Для шматлікіх бедных дзяцей заняткі з Робертам сталі першым крокам, каб мець магчымасць вучыцца ў школе і потым атрымаць адукацыю. Выхаванцаў місіі разам з Фіёнай чакала шмат цікавых прыгодаў, а таксама шмат выпрабаванняў. Як спраўляліся з імі дзеці, іх бацькі – глядач пабачыць у кінастужцы.
Ці дабрабыт змяняе нашае ўяўленне пра шчасце? Што мы можам зрабіць для бліжніх? Ці варта шмат працаваць, калі маеш талент, або хопіць толькі яго? Гэтыя і іншыя пытанні можа задаць сабе падчас прагляду фільма кожны хрысціянін.
Вікторыя Філіпенка
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!