Фільм «Канклаў»

Вобраз касцёла ў мастацтве часта зводзіцца да дзвюх крайнасцяў: саладжавай ідэалізацыі або з’едлівай карыкатуры, прычым часцей апошняе. Аддаючы перавагу аднаму ці другому стэрэатыпам, аўтары рэдка бяруць на сябе цяжар больш глыбокага і шматпланавага разважання. Тым не менш, здараюцца і выключэнні. Адным з іх мне бачыцца раман Роберта Харыса «Канклаў» і яго аднайменная экранізацыя, створаная аскараносным рэжысёрам Эдвардам Бергерам.

Паводле сюжэту, Папа Рымскі раптоўна памірае. Духавенства ў смутку і разгубленасці, але жыццё павінна працягвацца – надыходзіць час склікаць канклаў і абраць новага пантыфіка. Клопат пра арганізацыю канклава кладзецца на плечы кардынала Лоўрэнса. Маючы пэўныя сумненні адносна веры – сумненні не ў Богу, але ў касцельнай арганізацыі, – Лоўрэнс незадоўга да смерці Папы прасіў у яго дазволу пакінуць сваю пасаду, але Папа адмовіў. Паступова кардынал пачынае разумець, што гэта было абдуманае і прадбачлівае рашэнне Святога Айца, які адчуваў, што хутка памрэ, і хацеў, каб канклаў узначаліў менавіта ён.

На пачатку фільм стварае ўражанне стэрэатыпнай гісторыі пра інтрыгі і паддывановую барацьбу ў сценах Ватыкана. У гулкіх калідорах разыгрываецца змаганне ўладных людзей у белым і пунсовым, кожны з якіх адкрыта ці глыбока ў душы прагне быць абраным і ўжо выбраў сабе імя на выпадак перамогі. Любы непрыкметны ўчынак, любое нядбайна кінутае слова тут становіцца спробай прамацаць глебу, заручыцца падтрымкай і прыцягнуць як мага больш галасоў на свой бок. Сцэны поўняцца глухім перашэптваннем, трывожнымі гукамі струнных інструментаў і халоднай, паказанай ва ўсіх драбніцах працэдурай выбараў пантыфіка.

Не ўсё гладка і са смерцю Папы. У нейкі момант пачынае закрадацца падазрэнне, што гэта чарговая гісторыя ў стылі Дэна Браўна пра інтрыгі і забойства Святога Айца. Аднак аўтары пазбягаюць гэтага клішэ і больш за тое, не зводзяць гісторыю да чыста свецкай – пра цынічную барацьбу за ўладу.

Пад маскай палітычнага трылера хаваецца гісторыя пра людскую прыроду. Бергер ачалавечвае кардыналаў-выбаршчыкаў і робіць іх блізкімі і зразумелымі гледачу. Ён паказвае іх жывымі людзьмі са сваімі слабасцямі і людской грэшнасцю, але ў той жа час нярэдка людзьмі шчырымі, поўнымі імкнення да дабра і ідэалаў веры. Вобразы і характары могуць здацца некалькі ўтрыраванымі, што наводзіць на думку пра метафару канклава як усяго люду Божага, а можа, нават і ўсяго чалавецтва. Розныя паводле нацыянальнасці і культуры, менталітэту і тэмпераменту, поглядаў і ідэй героі шукаюць праўду кожны сваім асабістым шляхам, і тым не менш пакліканыя шукаць адзінства.

Калі зірнуць шырэй, то заўважаем, што барацьба асобаў пераходзіць у канфлікт ідэй. Перад гледачом разгортваецца змаганне не столькі за персанальную ўладу, колькі за кірунак, які абярэ касцёл. У проціборства ўступаюць ідэі кансерватызму і ліберальнасці, а перакананасць у сваёй праваце супрацьпастаўляецца праву на сумненне. Галоўны герой у бліскучым выкананні Рэйфа Файнса іграе ролю не толькі арганізатара канклава, але і яго сумлення. Ён вагаецца між прагматычным, шчырым і духоўным, між людскімі спосабамі барацьбы, імкненнем да праўды і пошукам Божай волі.

Адметна, што свецкія аўтары робяць спробу зірнуць на сітуацыю вачыма веры і ўводзяць яшчэ адзін, ледзь прыкметны, завуаляваны духоўны план. Калі чалавечыя інтрыгі заводзяць канклаў у тупік, у справу ўступае Божая рука. Замкнёнае месца правядзення канклава сатрасаецца, і праз узніклыя ў столі дзіры на сабраных падае святло. Чалавечыя планы рушацца, і галасаванне прымае непрадбачаны зварот.

Пры ўсёй мастацкай бездакорнасці карціны трэба заўважыць, што фільму не ўдаецца заставацца цалкам бесстароннім. Па ходу дзеяння прасочваецца сімпатыя аўтараў да ліберальных поглядаў і выстаўленне ў непрывабным святле людзей, схільных да захавання традыцыяналізму. Збянтэжыць можа і фінальны сюжэтны паварот, які даволі нечаканым чынам падымае пытанне пра ролю жанчын у касцельнай іерархіі.

Станоўча ацэнены ў свецкіх колах, фільм выклікаў палярныя меркаванні сярод вернікаў: ад рэзка негатыўных да добрых і нават хвалебных. Карціна і сапраўды выклікае неадназначныя пачуцці. На першы погляд, яна можа здацца чарговай гісторыяй пра барацьбу за ўладу і інтрыгі ўнутры Ватыкана. Аднак пры больш пільным разглядзе аказваецца больш тонкай і глыбокай і заслугоўвае калі не адабрэння і пахвалы, то прынамсі ўвагі ўдумлівага гледача.

Стах Лысы

для друку для друку