Фільм «Цім Тайлер, або Прададзены смех»

“Цім Тайлер, або Прададзены смех” (Timm Thaler oder Das verkaufte Lachen 2017) – экранізацыя сусветна вядомай казачна-філасофскай аповесці нямецкага пісьменніка Джэймса Круса. Аднайменная кніга пабачыла свет у 1962 годзе і з’яўляецца першай часткай “Трылогіі пра Ціма Тайлера”.

Кінастужка выйшла ў пракат 2 лютага 2017 года. Галоўны герой – Цім Тайлер – хлопчык, які жыве ў Гамбургу на пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Яго лёс няпросты: у раннім дзяцінстве памірае маці, бацька вымушаны шмат працаваць, каб знайсці сродкі для самых элементарных патрэбаў. Акрамя таго, у іх сям’і з’явілася мачыха са сваім сынам Эрвінам. Эрвін пастаянна крыўдзіць Ціма, нагаворвае на яго маці. У родным доме зноў і зноў узнікаюць звады і канфлікты.

Але хлопчык не сумуе. У яго ёсць шмат чаго для шчасця: бацька, з якім яны любяць разам хадзіць на іпадром, сяброўка з пякарні Фрау Бебер і бясцэнны дар. Што гэта за дар? Незвычайны смех: вясёлы, гучны, заразлівы смех, які захапляў і натхняў усіх навокал. “Твой смех – унікальны і асаблівы!” – казалі Ціму Тайлеру, а ён смяяўся зноў і зноў. Але вось аднойчы здараецца страшнае: трагічна памірае бацька. А мачыха не захацела паклапаціцца нават пра надмагільны камень.

Хлопчык зноў ідзе на іпадром, а там сустракае незвычайнага чалавека. Гэты чалавек насіў багатую вопратку, цёмныя акуляры і дзіўнае прозвішча – Торч. Торч прапануе Ціму кантракт: хлопчык зможа выгульваць любыя спрэчкі і заклады, але наўзамен прадасць свой смех.

На першы погляд, гэта зусім проста. Калі ёсць магчымасць атрымаць усё, чаго душы заўгодна, то няма нічога страшнага, каб прадаць смех.

Цім з лёгкасцю згадзіўся. Цяпер яму шанцуе ва ўсім: ад простых гульняў з сябрамі ў двары да ставак на іпадроме. Хлопчык у захапленні, бо можа дазволіць сабе ўсё, што толькі пажадае.

З цягам часу аказваецца, што, паддаўшыся на ўгаворы Торча, Цім Тайлер становіцца зусім іншым чалавекам. Ці шчаслівы гэты чалавек, і хто такі гэты таямнічы багацей?

Дарэчы, Торч вельмі хітры, багаты і мае дзіўных памочнікаў. Хто гэтыя памочнікі і чым яны займаюцца? – гледачы даведаюцца падчас прагляду.

Сюжэт кнігі ў фільме адаптаваны пад сучасныя праблемы і пытанні. Таксама змяніліся некаторыя вобразы і героі, але сэнс застаецца нязменным: ніякія матэрыяльныя каштоўнасці не заменяць сапраўднай радасці і магчымасці шчыра смяяцца.

Дзіцячая аповесць, на першы погляд, ператвараецца ў кінастужку для ўсёй сям’і. Тут закранаюцца актуальныя пытанні для кожнага чалавека: якое яно, сапраўднае сяброўства? Ці можа дабрабыт сапсаваць чалавечую душу? Ці можна здабыць сапраўдны аўтарытэт, валодаючы вялікімі фінансавымі сродкамі?

Вікторыя Філіпенка

для друку для друку