У гэтым маі завяршыўся адзін з найбольш цікавых тэлевізійных праектаў апошняга часу – серыял «Андар». Падзеі яго адбываюцца ў сусвеце «Зорных войнаў», і калі вы ўжо падумалі, што касмічныя прыгоды – гэта не для вас, то не спяшайцеся закрываць гэты водгук, бо «Андар» – не тое, чым можа здацца на першы погляд.
Часы Галактычнай Рэспублікі і Ордэна Джэдаяў засталіся ў мінулым. Вось ужо паўтара дзесяцігоддзя ўсёй Галактыкай аднаасобна кіруе Імператар Палпацін. Яго сіла – жалезны парадак і дысцыпліна, дыктат і тэрор. Пакуль сенатары дыскутуюць на бясконцых пасяджэннях, а імперскія штурмавікі наводзяць парадак на непакорных планетах, звычайны люд жыве ў страху і стараецца не высоўвацца.
Жыхар планеты Фэрыкс, Касіян Андар, абыякавы да палітычных гульняў. Ён вядзе звычайнае жыццё: клапоціцца пра маці, праўдамі-няпраўдамі здабывае грошы на пражытак, бегае за жанчынамі, а яшчэ – займаецца пошукамі даўно страчанай сястры. Аднаго разу гэтыя пошукі прыводзяць яго ў публічны дом на планеце Марлана-адзін. Там да яго чапляюцца два супрацоўнікі сіл бяспекі, завязваецца бойка, і Андар выпадкова забівае аднаго з іх, а другога забівае як сведку. Звесткі пра гэты выпадак трапляюць наверх, і на Андара пачынаецца паляванне. Ратуючы сваё жыццё, яму наканавана прайсці складаны шлях ад замкнутага на сабе абывацеля і найміта да ідэйнага барацьбіта і аднаго з лідараў паўстанцкага руху.
Калі паўстагоддзя таму на экраны выйшаў першы фільм пра «Зорныя войны», гэта быў прарыў у кінематографе. Класічныя фільмы пра «далёкую-далёкую галактыку» заклалі асновы забаўляльнага прыгодніцкага кіно, вызначаліся тэхнічнымі навацыямі і рэвалюцыйнымі спецэфектамі, а ў ідэйным плане гаварылі пра барацьбу сілаў Святла і Цемры. І хоць кожны новы праект прыўносіў у франшызу нешта сваё, агульная плынь, аднак, заставалася той жа. Не так з «Андарам». У гэтым серыяле аўтары вырашылі максімальна адысці ад уласцівых франшызе тропаў і зрабіць усё дакладна наадварот. У новых «Зорных войнах» практычна адсутнічаюць касмічныя баталіі, няма ніводнай бойкі на светлавых мячах, героі быццам ніколі не чулі пра джэдаяў, сітхаў і пранізлівую ўсюды Сілу.
Застаючыся футурыстычным па форме, сусвет «Андара» ў той жа час палохаюча рэалістычны. Падзеі ў ім развіваюцца павольна і патрабуюць удумлівага прагляду. Карэнным чынам зменены сам жанр – гэта больш не забаўляльны прыгодніцкі фільм, але дарослы палітычны трылер, цалкам спушчаны з нябёсаў на зямлю. Героі фільма – звычайныя людзі, якія сутыкаюцца як з вялікімі ідэйнымі выклікамі, так і са штодзённым бытам, складанасцямі ў стасунках і сваімі ўласнымі псіхалагічнымі праблемамі. Вернута рэальнасць і драматычнасць смерці. На героях няма «сцэнарнай брані» – хутчэй, наадварот, над кожным вісяць пячатка асуджанасці і прывід лёсу, які ў любы момант можа насцігнуць і загубіць. І ў святле гэтага выбар герояў ісці да канца за сваімі ідэаламі мае сапраўды высокую цану.
Трэба адзначыць, што «Зорныя войны» ніколі не славіліся адметнай акцёрскай ігрой, аднак «Андар» змяняе і гэта. Серыял факусуецца не столькі на вострасюжэтным апавяданні, колькі на асобах персанажаў – на асабістай драме кожнага, нават другараднага героя, – і акцёрскі ансамбль выдатна ўвасабляе гэта на экране.
Серыял знаёміць гледача з каларытнымі героямі па абодва бакі барыкад. Гэта і Сірыл Карн, вінцік сістэмы, які шчыра верыць у парадак і дысцыпліну, робіць усё, каб выслужыцца і праявіць сябе, і не хоча бачыць усіх злачынстваў Імперыі; лейтэнант тайнай паліцыі Дэдра Міра, амбітная і ўладалюбівая жанчына, якая не спыніцца ні перад чым на шляху барацьбы за сваё месца пад сонцам; зняволены ў імперскай турме Кіна Лой, які праходзіць шлях ад дысцыплінаванага зняволенага да лідара турэмнага бунту; сенатар Мон Мотма, якая прыкідваецца мірным палітыкам-ідэалістам, а насамрэч, рызыкуючы ўсім, аказвае бясцэнную грашовую падтрымку паўстанцам. Сапраўднай пярлінай серыяла стаў вобраз Лютэна Раэля – чалавека, каторы пад выглядам гандляра антыкварыятам разгарнуў агромністую шпіёнскую сетку і па сутнасці стварыў і арганізаваў паўстанцкі рух. Вядомы скандынаўскі акцёр Стэлан Скарсгард праўдзіва і на дзіва пераканаўча паказвае чалавека, які вымушаны весці двайное жыццё, а па сутнасці адмовіцца ад жыцця – ад спакою, міласэрнасці, сям’і, любові – дзеля справы, на якую паставіў усё. Глыбіні персанажам надае і тое, што ніхто з іх не выяўлены як абсалютна станоўчы ці цалкам адмоўны. Героі «Андара» вагаюцца, сумняюцца ў сваіх поглядах і рашэннях, змяняюцца. Нават у самым жорсткім з імперцаў можна ўбачыць праяўленні нечага жывога і чалавечага, а паўстанцы дзеля найвышэйшай мэты часта вымушаныя ісці на жорсткасць, амаральнасць і адкрытае злачынства.
Нельга не адзначыць мастацкую пастаноўку серыяла. Каб прызямліць гісторыю, аўтары наўмысна адмовіліся ад вялікай колькасці спецэфектаў і здымалі пераважна на натуры і ў дэкарацыях. Гэта робіць свет натуралістычным і рэальным. Бруду і беднасці глухіх планет перыферыі супрацьпастаўляецца вытанчаны быт галактычнай эліты. Вялікая ўвага нададзена футурыстычнай архітэктуры, дызайну адзення, культурным асаблівасцям розных народаў, а стрыманае музычнае аздабленне стварае незабыўнае ўражанне ў сваіх яркіх кульмінацыйных момантах.
Вялікай перавагай серыяла з’яўляецца яго адначасовая звязанасць і адарванасць ад сусвету «Зорных войнаў». Тонкія сэнсавыя і візуальныя сувязі з іншымі фільмамі ўзбагачаюць гісторыю, надаюць ёй асаблівую атмасферу і стылістыку, але ў той жа час гэта цалкам самастойная гісторыя, якая не вымагае ад гледача адмысловай падрыхтоўкі. Больш за тое, можна нічога не ведаць пра «далёкую-далёкую галактыку» і ўвогуле не любіць фантастыку, але палюбіць гэты серыял. Бо прыземленая гісторыя барацьбы за свабоду робіць яе блізкай і даступнай шырокаму колу гледачоў, а жывыя персанажы выклікаюць непадробнае суперыжыванне.
Стах Лысы
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!