Папулярны шакалад Ferrero Rocher быў натхнёны Маці Божай Люрдскай. Заснавальнік кампаніі быў глыбока адданы Найсвяцейшай Панне і прысвяціў ёй сваю дзейнасць.
Шмат хто добра ведае шакаладныя цукеркі Ferrero Rocher, але пра сувязь гэтай кандытарскай кампаніі з Маці Божай Люрдскай вядома менш.
Заснавальнік кампаніі Мікеле Ферэра не толькі прысвяціў сваю дзейнасць Багародзіцы, але і назваў сваю кампанію ў гонар скалістага грота Рашэ-дэ-Масаб’ель, таго самага месца ў Люрдзе, дзе святой Бернадэце аб’явілася Марыя. Слова «rocher» у перакладзе з французскага азначае «скала, валун». Па задуме Ферэра, няроўная хрусткая глазура цукеркі і такая ж няроўная залатая абгортка павінны нагадваць тую самую скалу, горны грот у Люрдзе, які меў асаблівае значэнне для кандытара.
Святкуючы 50-годдзе заснавання кампаніі, Ферэра сказаў: «Поспехам мы абавязаны Маці Божай Люрдскай. Без яе мы мала што змаглі б зрабіць». Пра гэта піша Франчэска Поліа Фэнтон у CNA.
У інтэрв’ю іспанскаму агенцтву ACI Prensa капелан лурдскай святыні, айцец Маўрысіа Эліяс сказаў: «Спадар Ферэра быў вельмі адданы Люрдскай Божай Маці. Ён часта прыязджаў у Люрд і быў дабрачынцам. Ён спавядаўся, вёў хрысціянскае жыццё».
Ферэра штогод здзяйсняў пілігрымку ў Люрд, а таксама арганізоўваў паездкі для сваіх супрацоўнікаў. Акрамя таго, у кожнай з яго 14 фабрык па ўсім свеце стаяла фігура Люрдскай Божай Маці.
Ферэра памёр у 2015 годзе ва ўзросце 89 гадоў. Незадоўга да яго смерці санктуарый у Люрдзе пацярпеў ад паводкі. Італьянскі прадпрымальнік паабяцаў “вялікае ахвяраванне, каб аднавіць тое, што было страчана». Пасля яго смерці дзеці выканалі абяцанне бацькі і дапамаглі з аднаўленчымі работамі.
Марыя Валодзіна, кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
