Цэнтр Ньюмана пры Ілінойскім універсітэце перанёс Найсвяцейшы Сакрамант на галоўную плошчу кампуса; студэнты пакланяліся Езусу ў самым сэрцы ўніверсітэта.
Галоўная плошча Ілінойскага ўніверсітэта ў Урбана-Шампейн звычайна кіпіць актыўнасцю: студэнты спяшаюцца на заняткі, у інтэрнаты, на вечарынкі і мерапрыемствы.
Але адным цёплым восеньскім вечарам студэнты не прайшлі міма ў спешцы. Яны спыняліся, глядзелі, паказвалі пальцам і задаваліся пытаннем: што там адбываецца?
Сотні студэнтаў пакланяліся Езусу ў Эўхарыстыі — седзячы або стоячы на каленях, спяваючы малітвы або адаравалі ў цішыні.
Ілінойскі ўніверсітэт у Урбана-Шампейн (UIUC) — пяты па велічыні дзяржаўны ўніверсітэт у Злучаных Штатах, у якім навучаецца амаль 60 тысяч студэнтаў. Але ў той вечар яго звычайная мітусня сціхла — Езус стаў цэнтрам кампуса.
Кожны тыдзень каталіцкі цэнтр святога Яна Ньюмана праводзіць мерапрыемства Source + Summit — вечар адарацыі з магчымасцю споведзі. Аднак гэты тыдзень быў іншым. Супольнасць адзначыла «Святы тыдзень» — цэлы тыдзень спецыяльных мерапрыемстваў у гонар свайго святога заступніка, святога Яна Генры Ньюмана.
«Мы вырашылі выйсці на вуліцу і прынесці Езуса на галоўную плошчу кампуса, каб засведчыць усё, хто мы ёсць, і пра тое, кім ёсць Езус у Эўхарыстыі, і прынесці нашу веру ў грамадскую прастору», — тлумачыць айцец Дэніэл Макшэйн, вікарый цэнтра Ньюмана.
«Мы хочам прыцягнуць студэнтаў да Хрыста, і калі яны не прыходзяць да нас, мы спрабуем дасягнуць іх іншым спосабам — выходзячы на кампус».
Духоўных пладоў не бракавала. Місіянеры FOCUS стаялі збоку, гатовыя вітаць назіральнікаў і растлумачыць, што адбываецца. Місіянерка Клэр Кэмпбэл распавяла пра адну з многіх кранальных сустрэч:
— Калі мы запрасілі аднаго маладога чалавека памаліцца, ён адказаў: «Я не ведаю, як маліцца». Таму місіянер прапанаваў навучыць яго. Яны разам сталі на калені і некаторы час маліліся. А потым маладога чалавека пакінулі там аднаго, ён маліўся больш за 20 хвілін.
Каталіцкі росквіт ва ўніверсітэце
У кампусе UIUC адбываецца нешта незвычайнае. Цяжка дакладна растлумачыць гэтую з’яву, але назіраецца відавочны рост колькасці людзей, якія прыходзяць да Касцёла.
«У мінулым годзе было каля 40 студэнтаў, якія рыхтаваліся да прыняцця сакрамантаў хрысціянскага пасвячэння», — кажа айцец Лі Брокаў. У гэтым годзе 130 чалавек выказалі цікавасць, і 80 рэгулярна наведваюць сустрэчы. Мы звяртаемся да астатніх студэнтаў, каб запрасіць іх на размову і лепш зразумець, чаго яны шукаюць і як мы можам дапамагчы ім на іх шляху веры.
Акрамя таго, каля 1000 студэнтаў належаць да амаль 80 біблейскіх груп FOCUS, якія дзейнічаюць у кампусе, многія з якіх знаходзяцца ў студэнцкіх суполках і таварыствах.
Айцец Макшэйн апісвае атмасферу як «адкрытую і цікавую»:
У нас ёсць незвычайныя размовы з людзьмі, якія хочуць пачуць пра Бога, каталіцкую веру і пра тое, як яны могуць паглыбіць свае адносіны з Езусам Хрыстом. Здаецца, што маладыя людзі шукаюць чагосьці больш глыбокага і паўнавартаснага. Гэта часта прыводзіць іх да Касцёла.Часткова гэта звязана з дынамізмам святароў. Нядзельная св. Імша а 10:30 раніцы ў цэнтры Ньюмана звычайна перапоўненая — пропаведзі глыбока кранаюць аўдыторыю.
Аднак, як падкрэслівае айцец Брокаў, найбольшая сіла заключаецца ў саміх студэнтах:
— Гэта яны запрашаюць сваіх сяброў і дзеляцца сваёй верай. Што б тут ні адбывалася, Святы Дух дзейнічае ў гэтым універсітэце — і, як пацвярджаюць шматлікія сведчанні, і ў многіх іншых універсітэтах па ўсім свеце».
pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


