Афіцыйны партал Дзяржавы Ватыкан атрымаў новы дызайн, абноўленую структуру і сродкі для больш даступнай навігацыі.
22 верасня 2026 года ў інтэрнэце з’явілася абноўленая версія афіцыйнага партала Дзяржавы Ватыкан. Рэдызайн стаў чарговым этапам працы Губернатарата па ўдасканаленні інстытуцыйнай камунікацыі і інфармацыі.
Структура сайта была перагледжана так, каб зрабіць штодзённы пошук інфармацыі больш простым і зручным. Асноўнае месца цяпер займае раздзел «Навіны», а матэрыялы ў катэгорыях «Інтэрв’ю», «Відэа» і «Прэс-рэлізы» сталі больш прыкметнымі. Галоўнае меню дазваляе хутка перайсці да інфармацыі пра Дзяржаву і кіраўніцтва, дырэкцыі і іншыя органы, а раздзелы «Літургія» і «Святы дня» натуральна інтэграваныя ў галоўную старонку.
Асобная ўвага нададзена карыстанню парталам з мабільных прылад. Сайт адаптуецца да розных памераў экрана, хутчэй загружаецца і больш эфектыўна працуе з выявамі. Абноўленыя тэксты і графічныя элементы павінны зрабіць прагляд матэрыялаў больш зручным незалежна ад таго, з якой прылады карыстальнік заходзіць на сайт.
На партале таксама з’явілася сістэма спецыяльных магчымасцей, якая дазваляе наладжваць адлюстраванне старонак у адпаведнасці з патрэбамі карыстальніка. Яна ўключае павелічэнне тэксту, павышэнне кантрастнасці, дапаможнае чытанне і іншыя функцыі, прызначаныя, у тым ліку, для людзей з асаблівасцямі зроку, рухомасці або кагнітыўнага ўспрымання.
Сайт па-ранейшаму даступны на чатырох афіцыйных мовах, пры гэтым пераход паміж імі стаў больш зручным падчас прагляду матэрыялаў.
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!