Дзіцячы садок. Пяць бацькоўскіх памылак

У мінулым артыкуле мы паразмаўлялі пра першыя крокі ў дзіцячым садку, а сёння абмяркуем памылкі, якія вельмі часта дапускаюць бацькі падчас адаптацыі.

  1. Трывожны настрой мамы і таты

Гэта можа прагучаць дзіўна, але да паходу ў дзіцячы садок перш за ўсё павінны падрыхтавацца бацькі. Настрой і перажыванні мамы і таты вельмі адчувае і пераймае дзіця. Мама не павінна трансляваць сыну ці дачцэ сваю трывожнасць, пачуццё віны і згрызоты сумлення. Гэтыя пачуцці лепш абмяркоўваць з дарослымі людзьмі, якім Вы давяраеце.

Важна памятаць, што дзіця таксама будзе перажываць новы этап свайго сталення. Будзе яно ўспрымаць гэты перыяд як балючае расстанне або як цікавую прыгоду, залежыць ад бацькоў.

  1. Мама раптоўна знікае

Часам ад блізкіх людзей, а нават ад выхавальнікаў бацькі чуюць параду кшталту: “Прывядзіце дзіця і незаўважна ўцякайце”. Сучасныя псіхолагі сцвярджаюць, што гэта няправільная і нават шкодная парада. Калі мама без папярэджання знікае, то дзіця адчувае моцную разгубленасць, пачуццё страху і крыўды. У малечы складваецца ўражанне, што цяпер мама можа знікнуць у любы момант яго жыцця. Так траціцца адчуванне бяспекі, з’яўляецца трывога.

Варта разам з дзіцём прыдумаць свой асабісты рытуал развітання. Напрыклад, гарачыя абдымкі, пацалунак, бласлаўленне (крыжык на лбе). Пасля мама сыходзіць, але абавязкова кажа, што прыйдзе ў адпаведны час.

  1. Хуткія ранішнія зборы

Раней мы ўжо адзначалі, што для дзіцяці, якое ідзе ў садок, вельмі важны рэжым дня. І асабліва важна стварыць спакойную ранішнюю атмасферу, бо яна задае настрой на ўвесь дзень. Памылкай бацькоў з’яўляецца адсутнасць размеркавання часу і як вынік нервовы стан у дарослых і дзяцей.

Складзіце свой ранішні план, размяркоўваючы кожную хвіліну. Палічыце, колькі часу займаюць усе справы, і дадайце яшчэ 15-20 мінут на выпадак, калі “штосьці пойдзе не так”. Напачатку можа здавацца, што прытрымлівацца графіку складана, але калі такі план стане звычкай кожнага чальца сям’і, зборы будуць радаснымі і спакойнымі.

  1. Засяроджванне ўвагі дзіцяці на негатыўных момантах

Здараецца, што бацькі забіраюць сына або дачку з дашкольнай установы і пачынаюць з пытанняў кшталту: “Цябе ніхто не крыўдзіў?”, “Выхавальніца не сварылася?”, “Ты не плакаў?” і г.д. Дзіця пачынае думаць, што ў садку абавязкова павінна адбывацца штосьці нядобрае, страшнае, непрыемнае.

Звычайна, калі  дзіця перажывае негатыўныя моманты, яно само імкнецца распавесці пра гэта бацькам без падказак і пытанняў. А вось маме і тату лепш пачаць з пытанняў пра пазітыўныя моманты: “Што цікавага адбылося?”, “Як завуць тваіх сяброў?”, “Чым вы займаліся?”, “Што цябе найбольш парадавала сёння?”

  1. Дзіцячы садок як пакаранне

Бацькі ні ў якім разе не павінны казаць свайму сыну ці дачцэ: “Будзеш сябе дрэнна паводзіць (не будзеш есці /спаць/ прыбіраць цацкі і г.д.) – пойдзеш у садок!”

Месца, якім палохаюць, ніколі не стане для малечы месцам супакою, бяспекі і радасці.

Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей

для друку для друку