Вясна – час, калі распачынаецца падрыхтоўка да дзіцячага садка. Для бацькоў, якія ўпершыню аддаюць у дашкольную ўстанову сваіх сыноў і дачок, – гэта сапраўдная прыгода са сваімі цяжкасцямі і радасцямі. Паразважаем сёння разам, як дапамагчы адаптавацца да садка не толькі дзіцяці, але і ўсёй сям’і.
- Навошта ўвогуле патрэбны дзіцячы садок?
Як ні дзіўна, але ў сучасным свеце дзіцячы садок перш за ўсё патрэбны маме і тату. Калі бацькі павінны працаваць, то дашкольная ўстанова – добрае месца знаходжання для дзіцяці. Там малеча застаецца пад наглядам дарослых, прытрымліваецца распарадку дня, забяспечана харчаваннем.
Але, апроч гэтага, дзеці атрымліваюць важныя сацыяльныя навыкі. У першую чаргу, зносіны са старэйшымі людзьмі (выхавальнікамі) без удзелу мамы і таты, а таксама вучацца ўменню самастойна знаходзіць сяброў і будаваць стасункі з імі.
Другім важным плюсам дашкольнай установы з’яўляецца наяўнасць рэжыму дня і правіл, якім дзіцяці вучыцца падпарадкоўвацца. Гэта дапаможа вашым сыну ці дачцэ хутчэй адаптавацца ў школе.
- Аптымальны ўзрост
У якім узросце аддаваць дзіця ў садок? На гэтую тэму могуць быць розныя меркаванні ў вас, вашых сяброў, бабуль, людзей навокал. Сучасныя ж псіхолагі сыходзяцца на думцы, што аптымальны ўзрост – 3-4 гады. Але важна паназіраць за дзіцяці і дачакацца моманту, калі міне крызіс трох гадоў, каб не перагружаць уразлівую псіхіку дадатковым стрэсам.
Менавіта пасля крызісу трох гадоў дзеці пачынаюць адчуваць патрэбу ў наладжванні кантактаў з аднагодкамі, а таксама псіхалагічна гатовыя правесці працяглы час без мамы і таты.
- Аптымальны час
Вядома ж, калі бацькі працуюць з раніцы да вечара, то і дзіця праводзіць у садку па 6-8 гадзін у дзень. Гэта сучасная неабходнасць. Але калі магчымасць ёсць, то час прыбывання ў дашкольнай установе можна скараціць.
Псіхолагі адзначаюць, што для камфортнай сацыялізацыі і развіцця выхаванца 3-4 гадзіны некалькі разоў на тыдзень – дастатковы час. Галоўнае – стварыць для сваіх сына ці дачкі трывалую сістэму, патлумачыць і прагаварыць, у якія дні неабходна наведваць садок, а калі будуць выхадныя дні, а каторай гадзіне дзіця прыйдзе ў дашкольную ўстанову, і калі бацькі яго адтуль забяруць.
Чым больш зразумелым для дзіцяці будзе графік наведвання садка, тым прасцей яму будзе адаптавацца.
- Базавыя навыкі
Існуе даволі распаўсюджаны міф: “Дзіця пойдзе ў калектыў, і там яго навучаць”. Насамрэч тое, што малеча прыходзіць у дашкольную ўстанову і знаходзіцца там – стрэсавая сітуацыя. З першых дзён з’явіцца шмат розных нюансаў, якія трэба будзе зразумець і асвоіць.
Таму бацькам варта паклапаціцца, каб дзіця перад паходам у садок умела рабіць базавыя рэчы:
- самастойна апранацца і распранацца;
- самастойна карыстацца звычайнымі сталовымі прыборамі: лыжкай, відэльцам, талеркай, кубкам;
- ажыццяўляць гігіенічныя працэдуры: чысціць зубы, мыць твар і рукі;
- быць “упэўненым карыстальнікам” туалета.
- Нармальныя цяжкасці
На жаль, адаптацыя да дзіцячага садка немагчымая без цяжкасцяў. Самая распаўсюджаная і непазбежная – хваробы.
Вялікая колькасць дзяцей з несфарміраваным імунітэтам, працяглы час, абмежаваная прастора – усё гэта вельмі спрыяльнае асяроддзе для распаўсюджвання вірусаў. Педыятры канстатуюць, што для выхаванцаў дашкольных устаноў нармальна хварэць 10-11 разоў на год.
Другой праблемай можа стаць так званае “станаўленне сацыяльнага інтэлекту”. Пра што ідзе гаворка? Дзіця вучыцца бачыць і разумець эмоцыі і паводзіны іншых людзей, а таксама паводзіць сябе адпаведна з сітуацыяй. На гэтым этапе бацькі часта не разумеюць, чаму ў дзіцячым садку няма праблем з паводзінамі, а дома ў малечы слёзы, бунт, істэрыкі. Такое адбываецца, бо менавіта ў сям’і дзіця расслабляецца, адчувае супакой і бяспеку, а таму паказвае ўсе свае эмоцыі: і пазітыўныя і негатыўныя.
Памятайце, што дзеці вельмі тонка адчуваюць настрой сваіх бацькоў. Таму вельмі важна, каб у сям’і захоўваліся цёплыя адносіны, клопат адно пра аднаго і ўзаемаразуменне.
Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей
