12 удзельнікаў “Эўхарыстычнага Руху Маладых” з мінскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі правялі “Канікулы з Богам” у Польшчы. Дзеці адпачывалі сумесна з польскімі суседзямі, з якімі вельмі пасябравалі.
Удзельнікі летніка былі раздзелены на невялікія групы, якімі збіраліся разам на тэматычныя сустрэчы. У групах былі свае аніматары, якія клапаціліся аб сваіх падапечных.
Кожны дзень быў цікавым і запамінальным: праводзіўся дзень “Спорту”, вясёлыя вечары, спевы, танцы, цікавыя экскурсіі. Не забываліся дзеці і пра малітву, штодня ўдзельнічалі ў святой Імшы.
Вельмі ўразіў дзяцей і моладзь замак Недзіца, які лічацца адным з самых маляўнічых замкаў Польшчы. Незабыўным будзе пад’ём на гару Тры кароны — самы высокі пік горнага масіву Цэнтральныя Пеніны.
Дадому ўдзельнікі летніка вярнуліся поўныя радасці.
Даведка:
Эўхарыстычны Рух Маладых — гэта касцёльны рух, што аб’ядноўвае дзяцей і моладзь, якія разам перажываюць Евангелле і разам з Езусам хочуць будаваць новы свет. У наш час Эўхарыстычны Рух Маладых з’яўляецца міжнародным. У яго ўваходзяць каля трох мільёнаў маладых людзей ва ўсім свеце.
Кожны, хто ўваходзіць у Эўхарыстычны Рух Маладых, з’яўляецца рыцарам Езуса Хрыста, а значыць, мае свае абавязкі, якія для яго — прычына гонару. Ён павінен не толькі шчыра маліцца, часта ўдзельнічаць у святой Імшы, прымаючы Камунію, і адараваць Езуса ў Эўхарыстыі, але таксама несці радасць, супакой і згоду ў сваё акружэнне і да таго ж не піць алкагольных напояў, не паліць і не спрабаваць наркотыкаў.
Дэвіз Эўхарыстычнага Руху Маладых — «Валадар над намі, Хрыстэ, заўсёды і ўсюды!»
Святлана Астасевіч, тэкст
Дарыюш Астасевіч, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


























